viasna on patreon

"Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу". У Гомелі за напад на супрацоўніка СІЗА судзяць непаўналетняга Мікіту Залатарова

2021 2021-07-07T18:58:14+0300 2021-07-08T10:44:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zolotorev_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Залатароў у судзе. Фота "Моцныя навіны"

Мікіта Залатароў у судзе. Фота "Моцныя навіны"

7 ліпеня ў Гомелі па другой крымінальнай справе пачалі судзіць непаўналетняга палітвязня Мікіту Залатарова, пішуць "Моцныя навіны".

У лютым падлетка асудзілі па справе аб "кактэйлях Молатава" і прысудзілі да 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Цяпер яго абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА, а таксама ў пагрозах на адрас супрацоўніцы ізалятара і членаў яе сям'і.

Пракурор прад'явіў абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў". Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў.

Справу разглядае суддзя Віктар Казачак.

Паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх".

Мікіта Залатароў прызнаў віну, але дадаў:

"Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы я вымавіў на эмоцыях".

Падчас судовага допыту Мікіта Залатароў сказаў:

"З-за таго, што мяне судзілі па "палітычных" артыкулах, да мяне ў СІЗА дрэннае, негуманнае стаўленне. Я даўно, амаль два месяцы, сядзеў адзін і ўжо не вытрымліваў: мяне проста "падрывае" ў такой сітуацыі.

Я неаднаразова прасіў падсадзіць каго-небудзь да мяне ў камеру. Я баюся заставацца там адзін. У мяне эпілепсія. Таблеткі я атрымліваю нерэгулярна: часам толькі пасля таго, як спецыяльна звяртаюся па гэтым пытанні да медыка. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ, хто мне дапаможа?"

Напярэдадні таго самага дня, калі адбыўся інцыдэнт, у камеры Мікіты адбылася паломка сантэхнічнага абсталявання. Яго вывелі з памяшкання, ён усю ноч правёў у кабінеце псіхолага.

"Раніцай мяне хацелі вярнуць у камеру, але я даведаўся, што там не прыбрана. Я адмовіўся вяртацца ў брудную камеру. У адказ пачуў: "Калі ты не пойдзеш сваім ходам, то мы цябе занясем". Потым мне пачалі заломваць руку, мне стала вельмі балюча. Я спрабаваў вызваліцца, і ў мітусні так атрымалася, што зрабіў падножку аднаму з супрацоўнікаў", — распавёў Мікіта.

Хлопец сцвярджае, што ніякіх удараў супрацоўніку ён не наносіў, за вопратку і часткі цела не хапаў: "Я зачапіў толькі маску".

У завяршэнне Мікіта сказаў:

"Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне".

Пацярпелыя хадайнічалі перад судом аб правядзенні іх допыту ў закрытым рэжыме з мэтай забеспячэння асабістай бяспекі. Бок абвінавачвання падтрымаў іх хадайніцтва.

— Не хачу, каб мае фатаграфіі і нейкія звесткі з'яўляліся на розных інтэрнэт-парталах. Мікіта Залатароў у нас вядомая асоба, так што гэта цалкам можа здарыцца, — заявіў адзін з пацярпелых.

— Ці можа суд забараніць прысутным у зале хаця б запісваць нашы паказанні? — пацікавілася іншая пацярпелая.

Суд адхіліў гэта хадайніцтва. Допыт пацярпелых прайшоў у адкрытым рэжыме.

Адзін з пацярпелых заявіў, што прычынай канфліктнай сітуацыі стала адмова Мікіты Залатарова вярнуцца ў непрыбраную камеру.

"Камеры ў СІЗА прыбіраюць тыя, хто ў іх утрымліваецца. Спецыяльнага персаналу для уборкі камер у нашай установе няма. Так што патрабаванні Мікіты былі незаконнымі", — сказаў пацярпелы.

Ён таксама паведаміў, што выконваў вусны загад начальніка ўстановы, калі выдвараў Мікіту з кабінета ў камеру з ужываннем сілы. Па загадзе начальніка ён выкарыстаў і спецсродкі —кайданкі.

"Залатароў хапаў мяне за валасы, за вуха, сарваў маску, — казаў пацярпелы. — Лежачы на падлозе, ён выкрыкваў пагрозы на адрас супрацоўнікаў СІЗА, няспынна мацюкаўся".

Пацярпелы заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай злачынствам, у памеры 1000 рублёў.

— Вы такі вялізны, фізічна моцны чалавек. Як вы не змаглі скруціць такога маленькага? — спытаў адвакат Мікіты Залатарова ў пацярпелага.

— Гэта пытанне не да мяне, а да Мікіты, — адказаў той.

Пацярпелая супрацоўніца СІЗА высунула сваю версію таго, што адбылося, 20-21 сакавіка. На яе думку, Мікіту вывела з сябе тое, што ў той дзень ён не атрымаў перадачу, якую чакаў. Па словах супрацоўніцы, ён у лютасьці фактычна разграміў камеру, заліў падлогу вадой. У кабінеце псіхолага Мікіта, па меркаванні пацярпелай, дэманстраваў прыкметы істэрычных паводзін. Яго агледзеў спецыяліст-псіхіятр і нічога паталагічнага не выявіў. Калі Мікіту сілком выдваралі з кабінета псіхолага, ён выказаў пагрозы ў адрас пацярпелай і яе сям'і: "Выйду, спалю!"

Па сцвярджэнні Мікіты Залатарова, ніякіх планаў помсты ў дачыненні да супрацоўніцы СІЗА ён не выношвае, усё сказанае тлумачыцца станам, у якім ён тады знаходзіўся. А на яго прабачэнні, пацярпелая адказала, што "цяпер такі час, што ўсё можа здарыцца". Пацярпелая таксама прад'явіла абвінавачанаму іск у 1000 рублёў.

Маці Мікіты Лілія Залатарова заявіла суду:

— Мне толькі застаецца прадаць сябе на органы. Я не працую, у мяне няма нерухомасці, якую можна прадаць. Я не ведаю, як я змагу выплаціць гэтыя пазовы.

Мікіта звярнуўся да суддзі і сказаў, што хоча зрабіць заяву. Ён паведаміў, што яго па-ранейшаму часта б'юць у СІЗА: «адводзяць ад камер і наносяць удары дубінкай». Паскардзіўся Мікіта і на тое, што ў камеру да яго падсаджваюць асоб з сумнеўнай, з яго пункту гледжання, рэпутацыяй, якія правакуюць яго.

Бацька Мікіты Міхаіл Лапуноў пасля пасяджэння сказаў:

— Калі ў жніўні Мікіту затрымалі, ён наогул не разумеў, што адбываецца, і ўвесь час пытаўся: "Тата, за што? Тата, калі я пайду дадому?» Вы ўяўляеце, як можа адчуваць сябе чалавек, які не зрабіў нічога дрэннага, а яго называюць злачынцам і адпаведна ставяцца? А цяпер уявіце, што гэты чалавек — 16-гадовы хлопчык, які пакутуе на цяжкае хранічнае захворванне. Мікіта да апошняга верыў, што спачатку следства, потым суд ва ўсім разбярэцца — і ён выйдзе на волю. Але калі стала зразумела, што спадзявацца няма на што, у Мікіты здарыўся нервовы зрыў. Усё пагаршалася тым, што Мікіта тады доўга ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры, што для яго было сапраўдным катаваннем, нерэгулярна атрымліваў лекі, якія адмяняць катэгарычна забаронена.

Дарослы здаровы чалавек не вытрымаў бы ўсяго гэтага і сарваўся. Што ж чакаць ад падлетка, які сутыкнуўся з такой страшнай несправядлівасцю?

Наступнае пасяджэнне суда адбудзецца 8 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства