Падпішы петыцыю аб спыненні катаванняў у калоніі ў адносінах да зняволенага Арцёма Анішчука
На сайце petitions.by з'явілася петыцыя, якая адрасуецца Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС наконт катаванняў, маральнага і фізічнага ціску ў магілёўскай калоніі №15 на зняволенага Арцёма Анішчука. Мужчына з'яўляецца фігурантам справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў". Аўтары і падпісанты петыцыі патрабуюць у Генпракуратуры і ДВП прыняць неадкладныя меры, накіраваныя на спыненне і эфектыўнае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да Арцёма з боку службовых асобаў ПК-15.
Як адзначаюць аўтары петыцыі, у магілёўскай калоніі на Арцёма Анішчука ажыццяўляецца псіхалагічны і фізічны ціск. Ужо ва ўмовах адбыцця пакарання Арцёму было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" па прычыне парушэння рэжыму — "двойчы адмовіўся прыбірацца". З 8 чэрвеня Арцёма змясцілі ў ШІЗА. Начальнік калоніі заявіў палітвязню, што ўтрымліваць у СІЗА яго збіраюцца да наступнага суда па арт. 411 Крымінальнага кодэкса.
Жонка зняволенага Арцёма Анішчука: Пасля пракурорскай праверкі мужа збіваў начальнік калоніі
Пра катаванні і ціск на мужа праваабаронцам распавяла ягоная жонка Вольга.
"Падчас аднаго з допытаў зняволены паведаміў адвакату пра тое, што супраць Арцёма Анішчука здзяйсняўся фізічны і псіхалагічны гвалт супрацоўнікамі магілёўскай папраўчай калоніі №15, што дадзеныя дзеянні адбываюцца з моманту яго прыбыцця туды 17 красавіка 2021 года.
Між тым, пасля правядзення гэтай праверкі ад Арцёма Анішчука зноў паступілі весці аб збіцці: як распавёў ён свайму адвакату, пасля пракурорскай праверкі Арцёма Анішчука, у тым ліку збіваў асабіста начальнік папраўчай калоніі №15.
Зняволены таксама распавёў, што яго прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты аб тым, што ўсё нібыта добра, і пісаць адмовы ад сустрэчы з адвакатам. Часта допыты праводзіліся без следчага, у прысутнасці чатырох невядомых людзей", — распавядаюць аўтары петыцыі.
У сувязі з гэтым падпісанты звароту патрабуюць ад уладаў:
1. Прыняць неадкладныя меры, накіраваныя на спыненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў ПК-15 у дачыненні да зняволенага калоніі Арцёма Анішчука;
2. Пачаць поўнае, аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў у дачыненні да Анішчука з боку супрацоўнікаў папраўчай калоніі, а таксама вызваліць ад пасады ўсіх датычных асобаў на час расследавання;
3. Прыняць меры па аказанні неабходнай медыцынскай дапамогі Арцёму.
Пасля таго, як пад петыцыяй будзе назбірана 2000 подпісаў, яна будзе накіраваная ў Генеральную пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.
ПАДПІСАЦЬ ПЕТЫЦЫЮ |
Патрабуем правесці расследаванне па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да Мікалая Дзядка і іншых затрыманых
За што асудзілі Арцёма?
Нагадаем, пяць мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў ВК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС Аляксандр Гейца. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Па паказаннях абвінавачаных, у пашкоджанні аўто і пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "неустаноўленыя асобы" ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода машыны склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке ў іх дамах і машынах пасля затрымання: па ч. 1 арт. 295-3, ч. 2 арт. 296, 329 і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Віктар Шаўцоў асудзіў пяць мінчукоў на тэрміны ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Як праходзілі суды па гэтай справе чытайце ў рэпартажах "Вясны":
«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта
На месцы пашкоджання машыны міліцыянта – дзевяць чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць
Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта