viasna on patreon

«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта Дапоўнена

2021 2021-01-11T13:55:00+0300 2021-08-31T17:34:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Мінскага раёна 11 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных судзяць за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке іх дамоў пасля затрымання 29 верасня: па ч. 1 ст. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў), ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі) і па ч. 1 арт. 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса. Мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны супрацоўніка. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, а таксама адзін з затрыманых быў моцна збіты. Справу разглядае суддзя Віктар Шаўцоў. “Вясна” назірае за судовым працэсам і вядзе анлайн з суда.

Суд 11 студзеня. Фота: spring96.org

Каго судзяць і за што?

На лаве падсудных знаходзяцца адразу пяць мінчукоў ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў:

  • 31-гадовы беспрацоўны Ягор Яўстратаў – ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса;
  • 28-гадовы развозчык піцы Павел Сахарчук – ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі) Крымінальнага кодэкса.
  • 32-гадовы работнік метро Арцём Анішчук – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
  • 32-гадовы работнік піцэрыі Андрэй Нечыпар – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
  • 39-гадовы трэнер па каратэ Антон Быкоўскі (гэта ён увесь у крыві на відэа ONT NEWS адказвае на пытанні супрацоўніка) – ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса.

З абвінавачванняў пяці чалавек па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса

"Групай асоб па папярэдняй змове ў перыяд часу з 3:40 па 4:00 гадзін 29 верасня 2020 года, знаходзячыся ў грамадскім месцы на аўтамабільнай неахоўнай стаянцы паблізу дома №3 на вуліцы Спартыўная вёскі Баравая Мінскага раёна, здзейснілі наўмыснае дзеянне, якое груба парушае грамадскі парадак і выяўляе відавочную непавагу да грамадства, якое суправаджалася пашкоджаннем чужой маёмасці, якое выявілася ў тым, што яны, грэбуючы нормамі агульнапрынятых паводзінаў у грамадстве, беспадстаўна з хуліганскіх меркаванняў з выкарыстаннем цвіка, двух аэразольных балонаў з фарбуючым рэчывам, а таксама пенай і нажом шляхам механічнага пашкоджання лакафарбавага пакрыцця прывялі кузаў у стан частковай непрыдатнасці, а таксама праколаў шын, наўмысна пашкодзілі левае пярэдняе крыло, правую пярэднія дзверы, шкло левай задняй дзверы, задні бампер,<...>, шыны чатырох колаў машыны Renault з рэгістрацыйным нумарам 8923 МС-5, прычыніўшы пацярпеламу матэрыяльную шкоду на агульную суму 5222 рублёў 88 капеек. Сваімі дзеяннямі яны здзейснілі наўмыснае дзеянне, якое груба парушае грамадскі парадак, якое выявілася ў відавочнай непавагі да грамадства, якое суправаджаецца пашкоджаннем чужой маёмасці, здзейсненае групай асоб злоснае хуліганства, гэта значыць здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь".

Усіх судзяць за пашкоджанне ноччу 29 верасня групай асобаў машыны жонкі міліцыянта ў Баравой. Ягора Яўстратава і Антона Быкоўскага таксама судзяць па дадатковых артыкулах за знойдзенныя сродкі і прадметы ў іх дома ў ходзе вобшука пасля затрымання. Антона Быкоўскага абвінавачваюць у незаконным пасеве, вырошчванні канаплі ў сваім гаражы ў Мінскім раёне, а таксама за захаванне наркатычнага сродка дома. У Ягора Яўстратава пасля затрымання дома знайшлі гаручыя рэчывы.

Паўла Сахарчука судзяць за збыт Арцёму Нечыпару тэлескапічнай дубінкі, якую сілавікі знайшлі пры ператрусе машыны.

Антон Быкоўскі прызнае віну па арт. 328 і 339 Крымінальнага кодэкса часткова. Ягор Яўстратаў па арт. 295-3 КК цалкам прызнае віну, а па арт. 339 КК – часткова. Павел Сахарчук цалкам прызнаў віну. Арцём Анішчук таксама цалкам прызнае віну, а Андрэй Нечыпар цалкам не прызнае віну.

Усе абвінавачаныя раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Што здарылася ноччу 29 верасня?

Уначы 29 верасня ў Мінскім раёне супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі пецярых мінчукоў. Па версіі следства, мужчыны пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта: пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў.

Прэс-служба МУС тады паведаміла пра затрыманне мінчукоў:

"Затрыманыя — актыўныя ўдзельнікі пратэстаў і такім чынам вырашылі спагнаць злосць да праваахоўных органаў».

«Памыліўся палітычнымі поглядамі»

Акрамя гэтага, Telegram-канал ONT NEWS асобна апублікаваў начную здымку з гукам 29 верасня. У роліку бачна, што сілавікі пачалі дзейнічаць праз 15 секунд пасля таго, як да машыны падышла група. У запісе чутныя выбухі, бачныя ўспышкі, у руках аднаго з пераследуючых бачны прадмет, падобны на зброю.

Таксама ONT NEWS апублікаваў асобна відэа допыту затрыманага тады 39-гадовага Антона Быкоўскага. На відэа ён адказвае на пытанні з заплюшчанымі вачыма і ўвесь у крыві, ён выглядае моцна збітым. На адно з пытанняў [верагода, сілавіка] ён адказвае, што «памыліўся палітычнымі поглядамі».

Антон Быкоўскі пры затрыманні. Скрын з відэа МУС
Антон Быкоўскі пры затрыманні. Скрын з відэа МУС

Што адбываецца на судзе?

Справу разглядае суддзя Віктар Шаўцоў. Дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе падтрымлівае памочніца пракурора Мінскага раёна Крысціна Касінская. Усе пяць абвінавачаных знаходзяцца пад вартай з 29 верасня.

На судзе таксама прысутнічае пацярпелы па справе – намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў выхаваўчай калоніі, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС. Абвінавачаныя ў судзе будуць дапытаныя пасля допыту астатніх удзельнікаў працэсу і вывучэння ўсіх матэрыялаў справы. 

Допыт сведак 

У судзе было вырашана першым дапытаць сведку – суседку Ягора Яўстратава. Жанчына была панятой на ператрусе сілавікамі кватэры абвінавачанага. Яна распавяла, што пры вобшуке ў пакоі Егора была знойдзеная 5-літровая бутэлька з вадкасцю і 0,5 вадкасці ў шкляной бутэльцы. Па версіі следства, у ёй знаходзілася гаручае рэчыва, горла было заматана тканінай. За гэта яго судзяць па ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў). Таксама суседка распавяла, што пры вобшуке былі вынятыя сцягі: "беларускі, бчб-сцяг і не наш", тэлефоны, флэшкі, электрашокер, сістэмны блок. Суседка сказала, што Ягор "нармальны хлопец".

Другі сведка ў судзе – Станіслаў, знаёмы з Ваеннай акадэміі Паўла Сахарчука. Ён распавёў на судзе, што Сахарчук перадаў яму абарончыя прадметы: газавы балончык і электрашокер, грошы за гэта не даваў. Па яго словах, гэтыя рэчы Павел атрымаў па пошце. Станіслаў распавёў на судзе, што ўдзельнічаў у тэлеграм-чаце на 10 чалавек, дзе быў і Сахарчук, там былі заклікі псаваць маёмасць супрацоўнікаў міліцыі.

"Калі я ўбачыў машыну — у мяне слёзы пацяклі". Допыт пацярпелага

Пацярпелым па справе прызнаны Аляксандр Гейц – намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў выхаваўчай калоніі, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС. Ён распавёў на судзе, што яму ноччу 29 верасня патэлефанаваў старшыня жыллёвага кааператыва і сказаў, што яго машына пашкоджаная.

"Прыйшоў і ўбачыў, што ў машыны былі праколатыя ўсе колы, па крузе была падрапаная, усе праёмы дзвярэй і выхлапная труба былі залітыя мантажнай пенай, машына па крузе аблітая чырвонай фарбай".

Аляксандр Гейц распавёў, што, калі прыйшоў, то ўбачыў чацвярых затрыманых, а праз гадзіну затрымалі і прывезлі яшчэ аднаго.

Супрацоўнік міліцыі паведаміў, што гэтую машыну купілі жонцы у 2018 годзе ў салоне "Renault", але карыстаецца гэтай машынай ён сам.

Пацярпелы не змог растлумачыць, як на месцы так хутка апынуліся супрацоўнікі САХРа.

"З-за роду дзейнасці, напэўна, гэта была іх аперацыя, але мне пра гэта нічога не вядома".

Ён не бачыў у тую ноч, каб абвінавачаных збівалі або ўжывалі ў дачынненні да іх спецсродкі, убачыў толькі па тэлевізары "не такія твары, як цяпер".

Пацярпелы сказаў на судзе, што не разумее з-за чаго яму сапсавалі машыну:

"Гэта машына простага супрацоўніка, які не прымае ўдзел у мерапрыемствах...

Я працую ў Цэнтральным апараце МУС – у ДВП, але яны ж не адбывалі пакаранне, я не разумею, за што.

Я пасля выбараў маніторыў тэлеграм-каналы і бачыў, што там шмат заклікаў караць міліцыянтаў, іх сваякоў, іх маёмасць".

Гейц распавёў, што ён бачыў у телеграм-канале заклікі зрабіць за ўзнагароджанне "лепшы кантэнт з пашкоджаннем маёмасці міліцыянтаў". Ён дазнаўся ў сілавікоў, што адзін з затрыманых здымаў псаванне машыны на тэлефон.

Па словах пацярпелага, 24 верасня ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" з'явіліся дадзеныя яго жонкі (нумар тэлефона, нумар машыны). Яна раней працавала інспектаркай у Дэпартаменце выканання пакаранняў, цяпер працуе выкладчыцай у Акадэміі МУС. Жонка распавяла, што пасля размяшчэння яе тэлефона ў тэлеграме ёй бесперапынна паступалі званкі. Па словах Аляксандра Гейца, пагрозаў ёй не паступала, у тым ліку аб пашкоджанні маёмасці, былі толькі абразы.

З сумай матэрыяльнай шкоды пацярпелы не згодны: шкода была нанесеная на вялікую суму — за чатыры колы не кампенсаваны ўрон. Ён ацаніў яшчэ прыблізную суму яшчэ ў 1000 рублёў. Пацярпелы таксама заявіў грамадзянскі пазоў — спагнаць з пацярпелых суму за знішчаныя колы, іх давялося цалкам замяніць.

Пацярпелы папрасіў пакараць абвінавачаных па меркаванні суда.

Таксама ён заявіў на судзе маральную шкоду 3000 рублёў, але грошы прасіў перавесці на рахунак Радашковіцкага дома-інтэрната.

"Пакуль машына рамантавалася і знаходзілася на экспертызе, мы з сям'ёй былі без машыны. Мы плацім крэдыт за машыну да гэтага часу. Гэта ўсё лягло ў аснову маральных перажыванняў. Да машыны я ставіўся трапятліва. Калі я ўбачыў машыну — у мяне слёзы пацяклі".

Усе абвінавачаныя прызналі заяўленыя іскавыя патрабаванні. Андрэй Нічыпар прызнаў маральную шкоду толькі часткова.

Антон Быкоўскі ў судзе 11 студзеня. Фота: spring96.org
Антон Быкоўскі ў судзе 11 студзеня. Фота: spring96.org

Быкоўскі, Сахарчук і "іншыя неўстаноўленыя асобы" у чаце "Кепка"

Пасля допыту двух сведак, пацярпелага, у судзе пачалі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы.

У судзе дзяржабвінаваўца Крысціна Касінская зачытвае перапіску абвінавачаных Быкоўскага, Сахарчука і "іншых неўстаноўленых асоб" у тэлеграм-чаце на 10 чалавек "Кепка", дзе яны загадзя абмяркоўвалі розныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, бягучыя палітычныя падзеі ў Беларусі, месца і час збору і іншыя рэчы.

Чат быў створаны "Неустаноўленай асобай 1" і "Неустаноўленай асобай 2". Сваякі лічаць, што гэта былі аператыўнікі-правакатары, якія і схілялі абвінавачаных да ўсіх радыкальных дзеянняў. У пашкоджанні аўтамабіля жонкі супрацоўніка міліцыі 29 верасня бралі ўдзел дзевяць асоб, аднак на лаве падсудных знаходзяцца толькі пяць чалавек.

Пракурорка зачытвала перапіску каля гадзіны. Яна з усмешкай прачытала словы ў чаце Антона Быкоўскага: "Ніхто не пападзецца! Робім як у апошні раз!" Скрыншоты перапіскі ў тэлеграм-чаце "Кепка" занялі некалькі дзясяткаў лістоў крымінальнай справы.

Працэс працягнецца 12 студзеня ў 10:30. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства