“Феміда выраніла шалі, але не хочацца, каб яна яшчэ і заплакала”. Што казалі палітвязні ў апошнім слове па "Пінскай справе"
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 2 ліпеня прайшлі спрэчкі бакоў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года ў дачыненні да другой партыі абвінавачаных. Сёння – 6 ліпеня – фігурантам справы будзе агучаны прысуд.
Па крымінальнай справе праходзяць палітвязні: Волкаў Сяргей, Германовіч Леанід, Колб Валянцін, Лопух Аляксандр, Моцук Андрэй, Хвескавец Андрэй, Цібец Сяргей, Шандыба Аляксандр, Шаламіцкі Аляксандр і Шаламіцкі Сяргей.
Ад 4 да 5,5 гадоў пазбаўлення волі запрасіў пракурор для яшчэ 10 фігурантаў "Пінскай справы"
ПЦ "Вясна" прыводзіць пазіцыю абаронцаў і апошнія словы абвінавачаных.
Што казала абарона?
Усе абаронцы заяўлялі, што фігуранты справы не прымалі ўдзелу ў масавых беспарадках, так як арт. 293 Крымінальнага кодэкса ўключае сукупнасць канкрэтна апісаных дзей – пагромы, падпалы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам улады.
Паводле абвінавачвання, Сяргей Волкаў наўмысна і з мэтай прычынення гвалту знайшоў і кінуў у пастаренне супрацоўнікаў міліцыі запальнічку. А Аляксандр Шандыба наўмысна падшукаў і кінуў у напрамку супрацоўнікаў АУС не менш двух разоў палімерныя бутэлькі і не менш двух разоў – неўстаноўленныя прадметы. Аднак бокам абвінавачвання не было прадастаўлена ў сукупнасці дастатковых, дапушчальных доказаў вінаватасці як Шандыбы, так і Волкава ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 КК.
На працягу доўгага часу грамадзяне стаялі насупраць радоў міліцыянтаў са шчытамі, ніякіх дзеянняў не рабілі, былі не агрэсіўныя, супакойвалі тых, хто мог правакаваць сілавікоў, больш таго, вытрымлівалі дыстанцыю, аб якой прасіў начальнік мясцовага РАУС. З паказанняў пацярпелых міліцыянтаў, дапытаных у судзе, вынікае, што па незразумелых для іх прычынах у нейкі момант маса прысутных людзей "адхлынула" - грамадзяне пачалі ўцякаць, калі з іншай вуліцы з ужываннем шумавога эфекту высунуўся зводны атрад супрацоўнікаў АУС, пачалося выцясненне, прагучалі каманды: "Да бою" і "Адкрыць агонь". У грамадзян склалася ўражанне, што яны ўжо знаходзяцца ў атачэнні, і што ў далейшым да іх будзе прымяняцца фізічная сіла, а таксама стрэлы на паразу.
Абарона настойвае, Волкаў падняў запальнічку, хацеў выкарыстоўваць яе ў далейшым, зразумеў, што яна не працуе, і выкінуў у бок. Супрацоўнікі міліцыі знаходзіліся на аддаленне, запальнічка не магла прычыніць нейкую шкоду. Ніякіх актыўных супрацьпраўных дзеянняў не адбывалася ў той момант, калі Волкаў падабраў запальнічку: ніхто не пашкоджваў тратуарную плітку, не знішчаў вулічныя скрыні, лаўкі, парапетныя пліты, туі, калы для падвязкі дрэў, кветкавыя клумбы.
9 жніўня Шандыба катаўся на ровары, убачыў людзей і ланцугі супрацоўнікаў міліцыі каля Пінскага гарвыканкама, людзі агрэсіі не выказвалі, ён ішоў у першых шэрагах, прадпрымаў актыўныя дзеянні для таго, каб прадухіліць правакацыі. Бачыў, як самкнуўся шэраг супрацоўнікаў, міліцыянты наносілі ўдары гумовымі дубінкамі па людзях.
Самі па сабе запальнічка і пластыкавыя бутэлькі не маглі нанесці шкоду здароўю каго-небудзь, яны не маюць паражаючай ўласцівасці, а такім чынам дзеянні Волкава і Шандыбы не могуць быць ацэненыя як прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а адпаведна не ўтвараюць складу злачынства, прадугледжанага арт. 293 КК.
Адвакат лічыць, што віна Волкава і Шандыбы не даказаная, прасіў вынесці апраўдальны прысуд, а таксама адмовіць у задавальненні заяўленых грамадзянскіх ісках ад пацярпелых.
Па словах абароны, Аляксандр Лопух не дзейнічаў у групе асобаў, але прызнае, што зламаў адну лавачку, шкода за яе была кампенсаваная. Пры гэтым ён прызнаў віну, а дзяржабвінавачанне запрасіла найбольшы тэрмін - 5,5 гадоў пазбаўлення волі, што парушае прынцып індывідуалізацыі пакарання.
Нягледзячы на прызнанне віны, абарона не згодная з тым, што Аляксандр Лопух наогул здзейсніў прад'яўленае яму злачынства, бо адсутнічае адна са складаючых частак дыспазіцыі супрацьпраўнага дзеяння па арт. 293 КК – падпал, што сведчыць аб тым, што складу злачынства па дадзеным артыкуле няма.
Лопух ужо панёс пакаранне за дзеянні, што ставяцца ў віну: ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту на 15 сутак, а ў пастанове суда паказана, што такі від пакарання быў абраны ў сувязі з тым, што наступілі цяжкія наступствы – прычыненне цялесных пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі. У той жа час пракуратура палічыла, што паколькі дзеянне Лопуха страціла грамадскую небяспеку, адбыццё пакарання ў выглядзе арышту павінна быць спыненае.
Адвакат прасіў апраўдаць Лопуха, зняць арышт з маёмасці, у задавальненні іскаў – адмовіць.
Паводле абвінавачвання, Сяргей Шаламіцкі вырываў кветкі з дастатковай колькасцю грунта і кідаў у кірунку супрацоўнікаў міліцыі. Абвінавачаны не прызнаў віну, мэты пашкоджання і знішчэння маёмасці, а тым больш прымянення гвалту – у яго не было. Пры гэтым Шаламіцкі ад роспачы вырваў і кінуў толькі адзіную кветку бархатца, якая, згодна з законам, не можа быць расцэненая як сродак злачынства, акрамя таго, ім немагчыма нанесці шкоду здароўю або жыццю каго-небудзь.
Абарона прасіла апраўдаць Сяргея Шаламіцкага за недаказанасцю віны.
Абарона Аляксандра Шаламіцкага і Андрэя Хвескаўца, нягледзячы на частковае прызнанне віны абвінавачанымі, таксама настойвала на тым, што ў іх дзеяннях адсутнічаў склад злачынства па арт. 293 КК. Намеру на ўдзел у масавых беспарадках у іх не было, яны не ўчынялі пагромы, гвалт над асобай, знішчэння маёмасці, не наносілі удараў супрацоўнікам і не хапалі іх за абмундзіраванне, не распылялі слёзатачывы газ, не знішчалі і не пашкоджвалі спецсродкі і транспартныя сродкі, а таксама іншую маёмасць.
Аляксандр Шаламіцкі прыйшоў да гарвыканкаму па званку маці, якая была ў выбарчай камісіі, выстаўляла вынікі галасавання і была ўстрывожаная вялікай колькасцю людзей. Абвінавачаны чакаў маму, лозунгі не крычаў, агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў не здзяйсняў. У нейкі момант ён зразумеў, што міліцыя пачала атачаць прысутных, грозна стукаючы па шчытах. Адзіным бяспечным шляхам адыходу Аляксандр палічыў сквер, дзе ён і апынуўся. Абвінавачаны быў напалоханы, не задумваўся, чым абараняцца, і схапіў першае, што трапілася пад руку - металічную сметніцу, з якой ён спачатку пайшоў у іншы бок, але потым павярнуўся і кінуў скрыню ў бок супрацоўнікаў міліцыі, бо спрацавалі інстынкты самаабароны. Яшчэ ў скверы падабраў драўляную палку, але ўбачыўшы, што супрацоўнікі міліцыі не наступаюць у яго бок, ён адкінуў яе і пачаў назіраць за тым, што адбываецца. Каля гадзіны ночы Аляксандр стэлефанаваўся з маці і даведаўся, што тая ўжо дома. Тады і ён паспяшаўся дадому.
Андрэй Хвескавец быў на бальнічным і ўвечары 9 жніўня выйшаў прагуляцца ў парк. Ён ужо вяртаўся дадому, калі ўбачыў вялікую колькасць людзей, якія бягуць ад гарвыканкама, пачуў трывожныя гукі і паспяшаўся туды, бо у той час працаваў выратавальнікам МНС і думаў, што хтосьці можа мець патрэбу ў дапамозе. Убачыў мужчыну з палкай, які накіроўваўся ў бок міліцыянтаў, спыніў яго і адвёў у бок, нейкі час назіраў за тым, што адбываецца. Ніякіх заклікаў не чуў, дзеянні свае ні з кім не ўзгадняў, знаходзіўся ў хваравітым стане і дрэнна памятае падзеі. Памятае, што падымаў пустую пластыкавую бутэльку, бляшаную банку, кавалак травы і кідаў наперад. Пазней, ужо ў Следчым камітэце ён апазнаў сябе на відэа і пракаментаваў свае дзеянні, але што стала прычынай – не можа растлумачыць па цяперашні час. Кінутыя ім прадметы нікому шкоды не нанеслі.
На думку абаронцы, спаганяць кампенсацыю за маральную шкоду, нібыта прычыненую міліцыянтам, незаконна, бо выказванні абразлівага характару з натоўпу адносіліся не да асобных супрацоўнікаў - нікога асабіста нельга было вылучыць. Таму калі дапускаліся выказванні негатыўнага характару, то яны тычыліся месца службы, а не асобы кожнага з іх.
"Адчуваць за гэта крыўду і спаганяць на гэтай падставе маральную шкоду – гэта нонсэнс, не заснаваны на законе. Маральная шкода ўзнікае ў выніку парушэння асабістых немаёмасных правоў грамадзян і цесна звязаны з асобай пацярпелага", – падкрэсліла абаронца.
Пацярпелыя заяўлялі таксама, што перажывалі за сваё жыццё і здароўе, аднак яны былі цалкам экіпіяваныя, а служба ў органах унутраных спраў прадугледжвае штодзённую прафесійную рызыку, і тыя, хто перажывае за жыццё і здароўе, выбіраюць іншыя прафесіі. Што тычыцца фізічных пакут - невялікія сінякі, то яны не могуць быць падставай для заяўленых кампенсацый пацярпелымі ў памеры ад 3000 да 5000 рублёў, улічваючы, што большая частка пацярпелых атрымалі страхавое пакрыццё.
Адвакатка прасіла Аляксандра Шаламіцкага і Андрэя Хвескаўца апраўдаць, у задавальненні іскаў - адмовіць.
Абарона не адмаўляла, што Валянцін Колб кінуў у напрамку пастраення міліцыі адзін раз груду зямлі, якую следства называе "камень", і адзін раз пластыкавую бутэльку, а Сяргей Цібец – паліваў у бок сілавікоў з бутэлькі мінеральнай вадой, а затым кінуў палку. Не было даказана, каб што-небудзь з кінутых прадметаў дасягнула міліцыянтаў. Пры гэтым, ні Колб, ні Цібец не мелі намеру трапіць у супрацоўнікаў АУС і прычыніць ім шкоду.
Таксама абарона настойвала, што дзеянні абвінавачаных не падпадаюць пад дыспазіцыю арт. 293 КК, якая прадугледжвае комплекс канкрэтных дзеянняў, якія ўтвараюць склад злачынства. І Колб, і Цібец растлумачылі, што іх намер не быў накіраваны на здзяйсненне масавых беспарадкаў або ўдзел у іх. Кожны з іх апынуўся на месцы падзей выпадкова і індывідуальна, без дамоўленасці з іншымі грамадзянамі, дзе мірна чакалі абвяшчэння вынікаў выбараў. Ніякіх правапарушэнняў не здзяйснялі, у ніякіх злачынных дзеяннях удзелу не прымалі, гвалту не ўжывалі і маёмасць не пашкоджвалі.
Абарона ўказала, што ў дзеяннях Валянціна Колба і Сяргея Цібца адсутнічаў склад злачынства паводле арт. 293 КК.
Адвакат Леаніда Германовіча і Андрэя Моцука таксама лічыць, што віна яго падабаронных не была даказаная ў судзе. На яго думку, менавіта дзеянні супрацоўнікаў, якія атачылі людзей, справакавалі тыя дзеянні, якія ў наступным адбыліся. І Германовіч, і Моцук былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ўвечары 9 жніўня, а значыць ужо панеслі прызначанае судом пакаранне. У іх дзеяннях не ўгледжваецца складу крымінальнага злачынства.
Пасля гэтага абвінавачаныя выступілі з апошнім словам
Валянцін Колб ў апошнім слове сказаў:
“Артыкул 293 [падразумявае] удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным гвалце над асобай, пагромах, падпалах, знішчэнні маёмасці і ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады. Ні ў адным з вышэйпералічанага я не ўдзельнічаў. Не магу зразумець: калі, дапусцім, ліцейшчык адліў нейкую нарыхтоўку, токар - вырабіў з яе дэталь, прыйшоў прыбіральшчык і падмёў стружку, < ... > а самалёт паваліўся, значыць усім трэба даць па 10 гадоў турмы? Калі органы праваахоўныя не дапрацавалі, тых, хто сапраўды там біўся, не злавілі, трэба, атрымліваецца, адыграцца на нас, якія там апынуліся цалкам выпадкова?
Мне здаецца, прэзумпцыя невінаватасці дзесьці схавалася ў лесе. Нам трэба даказваць чамусьці, што мы [невінаватыя]. У абвінавачванні, я разумею, агульныя фразы, нічога канкрэтнага. Мне здаецца, па такіх абвінавачваннях патрэбныя жалезныя доказы. А жалезных доказаў няма, абсалютна! Феміда спачатку выраніла шалі, але не хочацца, каб яна яшчэ і заплакала, каб слёзы пацяклі з-пад павязкі. У мяне ўсё, дзякуй!”
Леанід Германовіч прасіў строга яго не караць.
Аляксандр Лопух прызнаў сваю віну часткова, сказаў, што шчыра раскайваецца, ніякага намеру на ўдзел у масавых беспарадках не меў, прасіў прызначыць найменшае пакаранне.
Сяргей Цібец таксама паўтарыў, што віну прызнае часткова, намеру ніякага на масавыя беспарадкі, пагромы, гвалт над асобай не меў, прасіў суд вынесці законнае і справядлівае рашэнне.
Андрэй Хвескавец прасіў суд паверыць сказаным ім словам і вынесці справядлівае рашэнне па справе.
Александр Шандыба сказаў, што яго перапаўняюць эмоцыі, таму што ў той сітуацыі, калі ўсё гэта адбывалася, на яго вачах паранілі чалавека.
Аляксандр Шаламіцкі заявіў, што яму няма чаго сказаць.
Сяргей Шаламіцкі адмовіўся ад апошняга слова.
Волкаў Сяргей сказаў, што не назваў бы гэта апошнім словам:
“Я дазволю сабе выказацца ад імя ўсіх пінчукоў, вязняў сумлення. Ведаеце, суд моцнага над слабым і пераможцы над пераможаным па сутнасці з'яўляецца трыбуналам. Шытыя белымі ніткамі фарс. Новая сацыяльная прафілактыка як мера сацыяльнай абароны грамадскага ладу ад непажаданых пераменаў. Паводзіны ўплываюць на мараль: у таго, хто схлусіў, скраў, здзейсніў іншы ўчынак, які супярэчыць сумленню, і застаўся беспакараным, назаўжды раскладаецца паняцце пра дабро і зло. Самавольства – яно раздрабляе. Беларуская справядлівасць – гэта, перш за ўсё, банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалогія дае ўмоўнае апраўданне злачынству.
Законы, устаноўленыя людзьмі, не могуць супярэчыць законам сумлення. Праўда адна! У той час як хлусня мае тысячы абліччаў. Аднак усім нам варта памятаць словы Евангелля: “Якой мерай мераецца, такой і вам адмерана будзе. І спагоніцца ад вас усякая кроў праведная, вамі праліваная. І ўсе, што ўзялі меч, мячом загінуць”. Дзякую за ўвагу”.
Апошнім выступаў Андрэй Моцук. Ён сказаў:
“Перш за ўсё, я б хацеў звярнуцца да сваіх родных і блізкіх. Прашу прабачэнне ў вас за тое, што ўцягнуў вас у гэтую жудасную сітуацыю. Але прашу вас: не хавайце позірк, ваш сын не злачынец! Ваш сын нікога не забіў, нічога не скраў, нікога не падмануў. <…> А ўсяго хацеў – лепшай долі.
Так, сапраўды, у ноч з 9 на 10 жніўня я быў ля будынка гарвыканкама. Я прыйшоў, каб даведацца вынікі выбараў, так як прынцып галоснасці з'яўляецца асноватворным прынцыпам закона аб выбарах. Ні адзін з членаў тэрытарыяльнай камісіі не выйшаў да прысутных грамадзянам. А са слоў толькі чалавека, які выйшаў адтуль, мы даведаліся пра 80%. І тады, і цяпер я лічу, што вынікі фальсіфікавалі. Падзеі, якія рушылі ў далейшым, паказалі толькі правату маіх слоў.
Так, сапраўды, я кінуў гэтыя бутэлькі і вафельны ражок, але ніякага намеру ў нанясенні шкоды ні фізічнаму здароўю, ні маёмасці, я не пераследваў. Дзейнічаў я аднаасобна, ні з кім свае дзеянні не ўзгадняў, ні ў якіх пагромах і падпалах не ўдзельнічаў. Усвядоміўшы свае дзеянні, спыніў іх і пакінуў месца падзей.
На жаль, у мяне няма юрыдычнай адукацыі, таму я не магу даць ацэнку сваім дзеянням, таму прашу прызначыць пакаранне без пазбаўлення волі”.