viasna on patreon

Дамагаемся правасуддзя ў Беларусі: FIDH запускае сайт, які адсочвае сістэматычныя парушэнні правоў чалавека

2021 2021-06-25T14:50:21+0300 2021-06-25T14:50:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З траўня 2020 года ўрад Аляксандра Лукашэнкі, дэ-факта прэзідэнта Беларусі, узмацніў рэпрэсіі з мэтай падаўлення дэмакратычнага руху ў краіне. Новы сайт, запушчаны сёння Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), адсочвае, збірае і прадстаўляе падрабязную інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у тым ліку аб палітычных зняволеных, парушэннях правоў уразлівых груп насельніцтва і намаганнях па прыцягненні да адказнасці за злачынствы рэжыму.

Як піша FIDH, за апошнія 13 месяцаў беларусы сутыкнуліся з абуральнымі парушэннямі правоў чалавека, якія яшчэ больш узмацніліся пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Тысячы адвольных арыштаў і судовых пераследаў, сотні выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання і нават некалькі смерцяў ад рук праваахоўных органаў - сітуацыя ў краіне напружаная. FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі, Праваабарончы цэнтр "Вясна", на працягу апошняга года ўважліва адсочвалі і дакументавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

"Запушчаны сёння сайт задуманы як ўсёабдымны рэсурс, які збірае актуальныя звесткі і статыстыку, а таксама прапануе аналіз і тлумачэнне парушэнняў правоў, у тым ліку з боку нашых партнёраў у Беларусі, такіх як "Вясна". Сайт адсочвае і падае падрабязную інфармацыю пра палітычных зняволеных: у прыватнасці, праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў і іншых актывістаў; апісвае парушэнні правоў уразлівых груп насельніцтва, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў зняволенні ў рэжыму, і падрабязна дакументуе меры, якія прымаюцца, па далейшаму прыцягненню да адказнасці за злачынствы рэжыму", - гаворыцца ў заяве FIDH.

Сайт складаецца з чатырох асноўных раздзелаў, якія абнаўляюцца штодня і адлюстроўваюць апошнія падзеі ў чатырох ключавых галінах: маніторынг падзей і рэакцыі, выкрыццё злачынстваў і садзейнічанне правасуддзю, абарона праваабаронцаў і падтрымка уразлівых груп.

Маніторынг падзей і рэакцый

У панядзелак ЕС зацвердзіў новыя санкцыі супраць 78 фізічных асоб і васьмі кампаній, якія, як лічыцца, падтрымліваюць падаўленне дэмакратычнага руху і вымушаную пасадку рэйса авіякампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце ў канцы мінулага месяца. У той жа дзень Вялікабрытанія, Канада і ЗША далучыліся да гэтай ініцыятывы і ўвялі новыя санкцыі. На ўчорашнім пасяджэнні Еўрапейскага Савета былі таксама зацверджаныя эканамічныя санкцыі супраць часткі экспарту калійных угнаенняў, нафты, тытуню, а таксама тэлекамунікацыйнага і банкаўскага сектараў Беларусі.

Выкрыццё злачынстваў і садзейнічанне правасуддзя

19 чэрвеня ўступіў у сілу закон "Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Сярод іншага, ён дае праваахоўным органам права выкарыстоўваць ваенную і спецыяльную тэхніку для падаўлення беспарадкаў і прадугледжвае, што супрацоўнікі не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую ў выніку прымянення сілы і зброі. Гэта адзін з шэрагу нядаўніх законаў - у тым ліку закон, які пашырае вызначэнне экстрэмізму, - якія пагражаюць жыццю і свабодам пратэстоўцаў на падставе забеспячэння грамадскага парадку і нацыянальнай бяспекі і парушаюць Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. FIDH, якая ўваходзіць у Кансультатыўны савет міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, рэгулярна выпускае заявы з аналізам такіх законаў, а таксама паведамленні для спецыяльных працэдур ААН з мэтай садзейнічання правасуддзю ў краіне.

Абарона праваабаронцаў

Многія праваабаронцы ў Беларусі сутыкаюцца з пераследамі з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. На сённяшні дзень прынамсі 21 з іх былі абвінавачаныя ў меркаваных злачынствах, што мы лічым спробай перашкодзіць іх праваабарончай дзейнасці. Зусім нядаўна, 18 чэрвеня, адвакат Андрэй Мачалаў, які выступаў абаронцам па многіх крымінальных справах супраць пратэстных актывістаў і праваабаронцаў, у тым ліку журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч, быў пазбаўлены ліцэнзіі за парушэнне прафесійнай этыкі. Мачалаў - адзін з як мінімум 17 адвакатаў, чые ліцэнзіі былі адкліканыя з траўня 2020 года. FIDH імкнецца абараніць кожнага з іх і збірае даступную інфармацыю ў спецыяльным раздзеле сайта.

Падтрымка ўразлівых груп насельніцтва

Цяперашні рэжым дэманструе абуральнае грэбаванне да правоў дзяцей, жанчын, пенсіянераў, інвалідаў і іншых уразлівых груп насельніцтва. Нягледзячы на пераважна мірны характар пратэстнага руху, сотні прадстаўнікоў гэтых груп былі затрыманыя, а часам і збітыя за тое, што проста дэманстравалі бел-чырвона-белы сцяг - галоўны сімвал дэмакратычнага руху. У панядзелак Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапанавала КДБ уключыць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг "Жыве Беларусь" у спіс забароненых нацысцкіх сімвалаў. Калі гэтая ініцыятыва будзе ўхваленая, публічнае выкарыстанне такіх сімвалаў можа прывесці да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасці - патэнцыйна разбуральная навіна для многіх падлеткаў, жанчын і іншых беларусаў, якія актывізавалі пратэстны рух, выкарыстоўваючы гэтыя сімвалы.

"Мы будзем сачыць за развіццём сітуацыі і падтрымліваць тых, хто можа пацярпець ад абмежаванняў свабоды слова ў сувязі з гэтым і іншымі законамі", - падкрэслівае FIDH.

Быць у курсе апошніх падзей

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства