У Гомелі працягваецца суд над мужчынам, які падняў на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 12 траўня працягваецца разгляд крымінальнай справы аб «звяржэнні» дзяржаўнага сцяга і замене яго на БЧБ-сцяг, па частцы 2 артыкула 339 КК (хуліганства).
На лаве падсудных – малады інжынер Кірыл Брыг.
Справу разглядае суддзя Віктар Казачок.
Нагадаем, 16 жніўня на цэнтральнай плошчы Леніна нехта спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў, як піша следчы А. Салаўёў, «сімвал, які не з'яўляецца атрыбутам улады», а менавіта бел-чырвона-белы сцяг. Літаральна праз дзень следчыя ўстанавілі яго асобу. Гэта быў прадпрымальнік Георгій Васіленка.
26 лістапада мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў прадпрымальніка Васіленку да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу - "хімія". І толькі значна пазней, верагодна дзякуючы аналізу відэазапісаў з камер назірання, стала вядома, што ён дзейнічаў не адзін.
Пасля доўгага вывучэння запісаў з камер відэаназірання міліцыя адшукала яшчэ аднаго чалавека, які ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг на флагштоку ў Гомелі на Плошчы Леніна.
Судзяць яшчэ аднаго гамяльца, які дапамагаў здымаць дзяржаўны сцяг
Сёння ў судзе працягваўся допыт сведак.
Быў дапытаны сведка, супрацоўнік міліцыі Канстанцін Мяшчэрскі.
Ён патруляваў 16 жніўня ў складзе групы тэрыторыю каля Плошчы Леніна.
"На плошчы было вялікае скопішча людзей. Заўважылі як спускаюць з флагштоку дзяржаўны сцяг. Потым, хвілін праз дзесяць, паднялі бел-чырвона-бел сцяг. Пры гэтым дзяржаўны сцяг у скамечаным стане нехта засунуў паміж металічнымі прутамі агароджы".
- Вам не давалі каманду затрымаць гэтых людзей? - пытаецца пракурор
"На плошчы было шмат людзей і каб не дапускаць правакацый і не штурхаць людзей на нейкія дзеянні, нікога не затрымлівалі".
Наступны сведка – старшы оперупаўнаважаны УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Хіптун.
Кажа што пасля таго як знялі дзяржаўны сцяг – тры альбо чатыры грамадзяніна паднялі бел-чырвона-белы сцяг.
Апазнаць зараз не можа, бо прайшло шмат часу і таму людзей гэтых у твар не запомніў. Толькі кашулю ў клетку памятае.
Пасля допыту сведкаў у судзе вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы, характарыстыкі на абвінавачваемага, медыцынскія даведкі, праглядаліся відэа з камер назірання.
Наступнае пасяджэння прызначанае на 14-10 14 траўня.