viasna on patreon

Судзяць яшчэ аднаго гамяльца, які дапамагаў здымаць дзяржаўны сцяг

2021 2021-05-06T17:40:17+0300 2021-05-12T08:31:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-sciag-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заменены сцяг у Гомелі. Фота: Моцныя навіны.

Заменены сцяг у Гомелі. Фота: Моцныя навіны.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 6 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы аб «звяржэнні» дзяржаўнага сцяга і замене яго на БЧБ-сцяг, па частцы 2 артыкула 339 КК (хуліганства). На лаве падсудных – інжынер Кірыл Брыг. Справу разглядае суддзя Віктар Казачок.

Нагадаем, 16 жніўня на цэнтральнай плошчы Леніна нехта спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў, як піша следчы А. Салаўёў, «сімвал, які не з'яўляецца атрыбутам улады», а менавіта бел-чырвона-белы сцяг. Літаральна праз дзень следчыя ўстанавілі яго асобу. Гэта быў прадпрымальнік Георгій Васіленка.

26 лістапада мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў прадпрымальніка да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу - "хімія". І толькі значна пазней, верагодна дзякуючы аналізу відэазапісаў з камер назірання, стала вядома, што ён дзейнічаў не адзін. Сёння на новы суд у якасці сведкі выклікалі Георгія Васіленку.

Прысуд у Гомелі за "звяржэнне" дзяржаўнага сцяга

Прысутны ў судзе праваабаронца Леанід Судаленка адзначаў, што абвінавачаны раней не судзімы, даглядае хворага бацьку, віну сваю прызнаў, таму можа разлічваць на прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі.

Сёння ў судзе абвінавачаны Кірыл Брыг віну прызнаў цалкам і распавёў, як усё было, паведамляе TUT.BY.

У той дзень, 16 жніўня, ён, як і многія гамельчукі, гуляў з кампаніяй у цэнтры горада. Заўважылі, што дзяржсцягі спушчаны. Падышлі бліжэй.

- Хтосьці распавёў, што адна дзяўчына ўжо спрабавала зняць сцяг з флагштока, але ў яе гэта не атрымалася (...) людзі сталі шукаць, чым зняць. Хтосьці папрасіў інструменты ў прысутных. Паколькі я працаваў інжынерам і больш прыстасаваны да працы з інструментамі, я ўзяў інструменты і спусціў сцяг да канца...

Хлопец з натоўпу прынёс вялікі сцяг БЧБ. Хтосьці прарабіў адтуліну ў сцягу, хтосьці прынёс пластыкавыя хамуты.

Мне сказалі: "Ты самы здаровы, ты і падымай".

- Заўвагі вам нехта рабіў? - цікавіцца пракурор.

- Не.

- А навошта рабілі гэта?

- Эфект натоўпу.

- Як ацэньваеце ўчынак?

- Не трэба было.

- Які вывад вы зрабілі? - пытаецца адвакат.

- Што трэба больш думаць.

У судзе сёння дапыталі сведак. Людзей, якія ў той дзень прысутнічалі на плошчы Леніна. Яны растлумачылі, што ў той час, калі здымалі дзяржфлаг, супрацоўнікі міліцыі знаходзіліся побач, але заўваг нікому не рабілі і не папярэджвалі, што дзеянні людзей незаконныя.

Працяг судовага паседжання ў 10 гадзін 12 траўня.

У гэты дзень працягнецца допыт сведкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства