100 дзён за кратамі. Чым жыве праваабаронца-палітвязень Леанід Судаленка
Сто дзён таму, раніцай 18 студзеня, па дарозе на офіс быў затрыманы старшыня Гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка.
А перад гэтым, 5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс "Гомельскай Вясны", адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся і Леанід. Пасля ператрусу яго даставілі ў УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.
На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываліся ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.
За сваю праваабарончую дзейнасць Судаленка быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі "Свабода-Роўнасць-Братэрства" ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".
Зняволеныя праваабаронцы и валанцёры “Вясны” ўганараваныя прэміяй “Homo Homini”
Леаніду было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Да суда палітвязень Судаленка утрымліваецца ў гомельскім СІЗА №3. Сувязь са знешнім светам падтрымлівае праз актыўнае ліставанне са знаёмымі, сябрамі і калегамі.
Ягоныя лісты на волю вылучае высокая энэргетыка, за кратамі ён не сядзіць склаўшы рукі, а намагаецца выкарыстаць час змушанай няволі з найбольшай эфектыўнасцю.
У адным з апошніх лістоў да праваабаронцы Аляксея Лойкі ён просіць, каб той яму даслаў яму рашэнне КПЧ ААН па справе Алеся Бяляцкага.
“Хачу ўжо планаваць сваё паведамленне суда. Ведаю, што ў яго справе права на асацыяцыю дакладна парушана, а вось якія яшчэ там парушэнні - не памятаю. Яшчэ ўказ аб памілаванні анансуюць, накшталт у сярэдзіне красавіка ўступае ў сілу, раздрукуй і прыйшлі, хоць упэўнены, што мяне не закране, там дакладна прызнанне віны і раскаянне будуць вызначальнымі. Але ўсё ж, хоць суседзяў пракансультую”, - піша ён у сваім лісце.
Далей Леанід паведамляе, што атрымаў натхняльны ліст дзяўчыны з Менска, якая піша, што вучылася на курсах па правах чалавека і слухала ягоную лекцыю.
Цытата:
"Яшчэ тады, шмат гадоў таму Ваш прафесіяналізм і падыход да справы мяне вельмі захапілі ў нават натхнілі. Менавіта таму я зараз хачу вас падтрымаць і падбадзёрыць. Не толькі ваша юрыдычная, але і адукацыйная дзейнасць маюць велізарны сэнс і карысць. Я вельмі рада, што ў маладым узросце мне папаліся Вы, школа ПЧ і ўсё, што звязана з абаронай правоў чалавека! Вашы прыклад вельмі натхняе, дзякуй вам!»
Менавіта дзякуючы перапісцы Судаленкі з Аляксеем Лойка нядаўна стала вядома, што справа Леаніда Судаленкі вылучаная ў асобную вытворчасць і суд хутчэй за ўсё адбудзецца ў Гомелі:
“Быў у мяне следчы, аднаёміў з новым складам следчай групы. Справа вылучаная ў асобную вытворчасць, значыць у сталіцу дакладна не паеду. Суд будзе твут, па месцы…”
Тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцу Леаніду Судаленку падоўжаны да 18 мая, і гэта відаць яшчэ не апошняя дата ў ягоным зняволенні.
Ліставанне праваабаронцы з палітвязнем Леанідам Судаленкам далучаюць да крымінальнай справы?
Падтрымаць Леаніда лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:Адрас для лістоў: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |