viasna on patreon

Ператрусы ў Гомелі і новыя затрыманні. Палітычны пераслед 4 і 5 студзеня Дапоўнена

2021 2021-01-06T10:16:00+0300 2021-01-06T16:28:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vobshuk_palesskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вясна" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Гомелі ранкам пятага студзеня пачаліся ператрусы. Яны праходзяць у Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, у праваабаронцы і актывіста Васіля Палякова, а таксама ў актывіста АГП, аднаго з каардынатараў назірання за выбарамі Мікалая Новікава.

Як паведамляе "Гомельская Вясна", вобшуку праходзяць у межах крымінальнай справы, якая была ўзбуджана супраць актывіста Уладзіміра Няпомняшчых за нібыта пагрозу пракурору (арт. 366 КК РБ). Вядома, што ў Васіля Палякова забралі ноўтбук, жосткі дыск, планшэт. У Мікалая Новікава - ноўтбук, планшэт, некалькі флэш-карт і дыскаў. Таксама вядома, што падчас вобшуку ў Грамадска-палітычным цэнтры знаходзіўся і праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка. Яго тэлефон недасяжны. 

Дапоўнена: Каля 19.00 скончыўся вобшук у Грамадска-палітычным цэнтры на Палесскай, 52, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін.

Праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі і павезлі на гутарку ва УБАЗ. Яго статус пакуль невядомы. Таксама з вобшукам прыйшлі ў яго кватэру. 

Па выніках ператруса на Палесскай, 52 забралі дакументы, якія тычацца дзейнасці Леаніда Судаленкі (пастановы судоў, абскарджванні), а таксама тэхніку і бел-чырвона-белыя сцягі. Паводле перапісу пасля ператрусу забралі агулам 304 прадметы, перадае "Радыё Свабода".

Каля 9 вечара Леаніда вызвалілі. Ён знаходзіцца ў статусе сведкі па справе Уладзіміра Няпомняшчых.

pratakol_peratrus_palesskaja.jpg
Фота "Радыё Свабода"

Прама ва ўніверсітэце пятага студзеня быў затрыманы студэнт 3 курса ФКП БДУІР Зарыхта Аляксандр, паведамляе тэлеграм-канал "Мірны БДУІР". У першым корпусе БДУІР (там дзе знаходзіцца рэктарат) каля гардэроба Аляксандра чакаў чалавек, не падобны на студэнта. Лысы чалавек у масцы паклікаў Аляксандра. Падышоў з чырвонай ксівай. Сказаў нешта пра адміністрацыйны працэс і адвёў студэнта з корпуса ўніверсітэта на вачах яго аднагрупнікаў. Пазней стал вядома, што маладога чалавека вызвалілі.

Увечары 5 студзеня ў дварах Мінска на сустрэчах суседзяў адбыліся затрыманні. Вядома пра затрыманні ў Новай Баравой, у двух дварах ва Уруччы, у мікрараёне "Захад". Сярод затрыманых у Мінску:

  1. Бандарэнка Аляксандр (Першамайскае РУУС)
  2. Банцарэвіч Уладзімір (Першамайскае РУУС)
  3. Боднар Валерый (Першамайскае РУУС)
  4. Вітко Яўген (Першамайскі РУУС)
  5. Жылко Яраслаў (Першамайскае РУУС)
  6. Каваленка Дзяніс (Першамайскае РУУС)
  7. Карташова Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
  8. Кінаш Андрэй (5 ГКБ)
  9. Кірыльчык Аляксандр (Першамайскае РУУС)
  10. Ламейка Уладзімір (Першамайскае РУУС)
  11. Мароз Віктар (у Новай Баравой)
  12. Мартынаў Арцём (Першамайскае РУУС)
  13. Марчук Сяргей (Першамайскі РУУС)
  14. Рудзеня Генадзь (Першамайскае РУУС)
  15. Сабалько Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
  16. Філіповіч Юлія (Фрунзенскае РУУС)
  17. Хоміч
  18. Чыстоў Дзмітрый (Першамайскі РУУС)
  19. Шуканаў Арцём (Першамайскае РУУС, затрыманы каля Ложынскай,7)
  20. Юрэвіч Павел (Першамайскае РУУС)
  21. Якута Святлана (Першамайскі РУУС)

Сябра Каардынацыйнай рады і старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова выклікалі на допыт у Следчы камітэт ужо у трэці раз, піша "Радыё Свабода". Спачатку ён прыходзіў туды 30 снежня, затым 5 студзеня. Новую позву Казлову ўручылі на 12 студзеня. Падчас папярэдніх двух візітаў ён адмовіўся даваць паказанні і падпісваць дакумэнты аб неразгалошанні.


Увечары чацвёртага студзеня была затрыманая сілавікамі грамадская актывістка і экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Маёрава, піша "Новы час". Папярэдне па месцы яе жыхарства, у вёсцы Нача Крупскага раёну, быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку. У межах якой справы адбылося затрыманне, пакуль невядома. Магчыма, гэта звязана з крымінальнай справай Мікалая Аўтуховіча, затрыманага па артыкуле аб тэрарызме.


У гэты ж дзень у Мінску затрымалі прафсаюзнага актывіста Аляксандра Рэўцкага за раздачу ўлётак на прахадной МЭТЗ ім. Казлова.


Яшчэ ўвечары трэцяга студзеня ў брэсцкай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк прайшоў ператрус. У той момант яе муж Андрэй Шарэнда знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вобшуку Паліну затрымалі. Чацвёртага студзеня Андрэй Шарэнда выйшаў на волю, а яго жонка засталася ў ІЧУ. Паліне выставілі абвінавачанне паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса і перавялі ў СІЗА.

Актывіст паведаміў, што падчас ператрусу з кватэры забралі працоўны ноўтбук, смартфон, кампутар старэйшага сына, дрон-квадракоптар (падарунак на Новы год), дыпломы аб адукацыі, якія віселі ў рамках на сцяне, прыстаўку для тэлевізара voka, усе сцяжкі і сувеніры з пагоняй і БЧБ.


Уначы 5 студзеня супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС заўважылі траіх мужчын, якія размалёўвалі кіёск «Табакерка» на вуліцы Матусевіча, паведамляе ГУУС Менгарвыканкама. Пры высвятленні асобы адзін з мужчын, 30-гадовы берасцеец, распыліў газавы балончык у твар супрацоўніку міліцыі і паспрабаваў уцячы разам з сябрамі, але быў затрыманы. У яго выявілі пакет з балончыкамі і бутэлькамі з фарбай, валік для фарбы і газавы балончык.

Таксама былі затрыманыя 23-гадовы брат берасцейца і ягоны 21-гадовы знаёмы. Паводле інфармацыі міліцыі, за некалькі гадзін да затрымання яны размалявалі некалькі аб'ектаў.

У дачыненні да траіх затрыманых распачата крымінальная справа па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса, у дачыненні да 30-гадовага мужчыны – яшчэ па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства