Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення трох палітычных зняволеных
Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці
Мінск, 20 красавіка 2021 г.
31 сакавіка 2021 г. Кірыл Казей і Юрый Сяргей судом Заводскага раёна былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 339, ч. 3 арт. 295 КК і асуджаныя да пазбаўлення волі тэрмінам на 7 і 6 гадоў адпаведна са штрафам у памеры 4350 беларускіх рублёў.
На падставе маніторынгу судовага паседжання вызначана, што:
- мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных была неабгрунтавана абрана ў выглядзе ўзяцця пад варту, гэтаму папярэднічалі грубыя працэсуальныя парушэнні, у выніку якіх абвінавачаныя былі змешчаны ў СІЗА толькі на 17-ы дзень пасля фактычнага затрымання;
- парушана права абвінавачаных у тэрміновым парадку быць дастаўленымі да суддзі і права на разбіральніцтва іх справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці іх затрымання і распарадзіцца аб іх вызваленні, калі затрыманне незаконнае;
- абвінавачаныя ўтрымліваліся ў клетцы, што парушае стандарт прэзумпцыі невінаватасці;
- абвінавачаны К.Казей пад катаваннямі прымушаўся да прызнання віны і самаабгавору;
- абарона абвінавачаных была пастаўлена ў няроўнае становішча з абвінавачаннем.
Такім чынам, пазбаўленне волі да абвінавачаных ужыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пры гэтым гвалтоўныя (у шырокім сэнсе слова, якія ўключаюць і несімвалічнае пашкоджанне маёмасці) намеры абвінавачаных не былі даказаны ў адпаведнасці з законам, а для высновы аб вінаватасці выкарыстоўваліся доказы з прыкметамі падробленых.
4 лютага 2021 года Аляксей Павядайла судом Баранівіцкага р-на быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадгледжанага ч.1 арт. 295-3 КК, і асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі.
На падставе маніторынгу судовага паседжання вызначана, што:
- па палітычных матывах абвінавачанага, які падазраецца ў прыналежнасці да пратэставай актыўнасці, прыцягнулі да крымінальнай адказнасці пры адсутнасці падзеі злачынства;
- абвінавачанаму прызначана максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй артыкула 295-3 КК у адсутнасці абцяжваючых віну акалічнасцяў, што падкраслівае зацікаўленасць суда і абвінаваўчы ўхіл пры вынясенні выраку.
Улічываючы ўсе гэтыя акалічнасці, У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» (п.3.2 а і b) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, прызнаем пераслед Кірыла Казея, Юрыя Сяргея, Аляксея Павядайлы палітычна матываваным, а іх саміх палітычнымі зняволенымі і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладнага перагляду вынесеных судовых прысудаў у дачыненні да Кірыла Казея, Юрыя Сяргея, Аляксея Павядайлы і вызвалення з-пад варты з ужываннем іншых мер, што забяспечваюць іх яўку ў суд.
- Вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава.