Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Кірыла Казея і Юрыя Сяргея па арт. 13, ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 295 КК
Заключэнне групы юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе ў дачыненні да Кірыла Казея і Юрыя Сяргея, асуджаных на па артыкуле 13 часткі 2 артыкула 339 і часткі 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса.
1. 31 сакавіка 2021 г. Кірыл Казей і Юрый Сяргей судом Завадскога раёна пад старшынствам суддзі А. Касцюкевіч былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 339, ч.3 арт. 295 КК і асуджаныя да пазбаўлення волі тэрмінам на 7 і 6 гадоў адпаведна са штрафам у памеры 4350 беларускіх рублёў.
6 і 7 гадоў узмоцненага рэжыму. Вынесены прысуд па справе за намер пракалоць колы
Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» прааналізавалі дадзеную справу і прыйшлі да наступных высноў.
Кантэкст, звязаны з поствыбарнымі пратэстамі і масавымі рэпрэсіямі; выкананне і заахвочванне правоў і свабод чалавека
2. 9 жніўня 2020 г. у Беларусі прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі прызнаныя не вартымі даверу ў нацыянальных назіральнікаў і міжнароднай супольнасці, выбарчы працэс не адпавядаў стандартам свабодных, дэмакратычных і канкурэнтных выбараў. Нацыянальная сетка назірання за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» у выніковай аналітычнай справаздачы падкрэсліла, што выбарчая кампанія з самага яе пачатку праходзіла ў атмасферы страху і запалохвання ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
3. Падзеі, якія адбыліся па ўсёй краіне з 9 па 14 жніўня 2020 г., паслужылі падставай для канстатацыі праваабарончай супольнасцю злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва на тэрыторыі Беларусі. У гэтай сувязі легітымнасць дзейнасці органаў унутраных спраў была пастаўлена грамадствам пад сумнеў у сувязі з жорсткасцю і беспакаранасцю катаванняў, якія мелі месца не толькі ў дадзены перыяд, але і ў наступным.
Выкананне прэзумпцыі невінаватасці
4. У дачыненні да абвінавачаных быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасці па п. 30 Заўваг агульнага парадку №32 (2007): «У адпаведнасці з п. 2 арт. 14 кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказана згодна закону. Прэзумпцыя невінаватасці, што мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак доказу на абвінавачанне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзюмавана датуль, пакуль вінаватасць не была даказана па-за любымі разумнымі сумневамі, забяспечвае, каб сумневы тлумачыліся на карысць абвінавачанаму і патрабуе, каб з асобамі, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні крымінальнай дзеі, абыходзіліся ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Усе дзяржаўныя органы ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад прадвызначэння выніку судовага разбіральніцтва, напрыклад, устрымліваючыся ад публічных заяў, у якіх сцвярджаецца аб вінаватасці абвінавачанага. Падчас судовага разбіральніцтва падсудныя па агульным правіле не павінны закоўвацца ў кайданкі або ўтрымлівацца ў клетках ці якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое ўказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі». Абвінавачаныя знаходзіліся ў клетцы, канваяваліся ў кайданках. Да канчатковага асуджэння на дзяржаўным тэлеканале транслявалася відэа са сцвярджэннямі пра вінаватасць затрыманых.
Роўнасць правоў бакоў у працэсе
5. У судовым паседжанні абарона была пазбаўлена магчымасці збіраць і падаваць доказы невінаватасці абвінавачаных: суд адмовіў у прызначэнні шэрагу экспертыз. Гэта парушае прынцып раўнапраўя, паколькі падчас расследавання справы следчы можа самастойна вызначаць аб'ём следчых дзеянняў і экспертыз, прызначаючы апошнія сваёй пастановай за кошт сродкаў дзяржавы, а абаронца мае права толькі хадайнічаць перад органам, што вядзе крымінальны працэс, і судом аб прызначэнні экспертыз і правядзенні следчых дзеянняў. Аб'ём працэсуальных паўнамоцтваў абароны значна больш сціплы, чым у абвінавачання, і абмежаваны немагчымасцю, напрыклад, атрымаць прадметы, прызнаныя доказамі, для даследаванняў незалежным экспертам. Акрамя таго, самой па сабе незалежнай экспертызы ў Беларусі па большасці кірункаў судовай медыцыны, псіхіятрыі і крыміналістыкі не існуе, а дзейнасць Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, асабліва ў крымінальна-прававой сферы, з'яўляецца фактычна манапольнай.
Абранне меры спынення ў якасці інструмента ціску на абвінавачаных
6. У дачыненні да абвінавачаных была неабгрунтавана ўжыта мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У адпаведнасці з арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць судовага разбіральніцтва, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў кожнай іншай яго стадыі і, у выпадку неабходнасці, яўкі для выканання прысуду. Больш падрабязна пытанні абгрунтаванасці ўзяцця пад варту адлюстраваны ў адпаведных Заўвагах агульнага парадку (№8 1992 гады і №35 2014 гады) - дакументах, дзе выкладзены ў абстрактным выглядзе тлумачэнні Камітэта аб нарматыўным змесце адпаведных артыкулаў і палажэнняў Пакта: «Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным асобным выпадку, аб тым, што яно абгрунтавана і патрэбна з улікам усіх акалічнасцяў для такіх мэт, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства. Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека". Утрыманне пад вартай да суда не павінна быць абавязковым для ўсіх абвінавачаных у пэўным злачынстве без уліку індывідуальных акалічнасцяў. Акрамя таго, дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за пастаўленую ў віну злачынную дзею, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры спынення. Суды павінны разглядаць пытанне аб тым, ці дазволяць альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай, такія як заклад, электронныя бранзалеты ці іншыя ўмовы, ліквідаваць патрэбу ва ўтрыманні пад вартай у дадзеным канкрэтным выпадку». Усяго гэтага комплексу гарантый былі пазбаўленыя абвінавачаныя.
Вызначаныя прысудам акалічнасці
7. Дапытаныя абвінавачаныя віны не прызналі, Ю. Сяргей адмовіўся ад дачы сведчанняў. К. Казей заявіў, што пашкоджваць маёмасць пацярпелага не збіраўся, а боепрыпасы яму не належаць, у яго аўтамабілі не знаходзіліся. Па высновах суда, доказам падрыхтоўкі да злоснага хуліганства і незаконных дзеянняў абвінавачаных у дачыненні боепрыпасаў з'яўляюцца сведчанні супрацоўнікаў АУС, якія іх затрымлівалі, аб падазроных паводзінах абвінавачаных да затрымання і прызнанні затрыманых у намеры пашкодзіць аўтамабіль пацярпелага, пратакол агляду месца здарэння (аўтамабіля абвінавачанага), падчас якога былі выяўлены боепрыпасы, заключэнне эксперта, паводле якога біялагічны матэрыял на гранаце мог паходзіць ад К.Казея, а таксама тлумачэнні Ю.Сяргея, дадзеныя ім падчас справаводства аб адміністрацыйным парушэнні права, і апытанні з выкарыстаннем відэакамеры для сюжэта рэспубліканскага тэлеканала.
Разам з тым, на ўсіх астатніх 59 адзінках боепрыпасаў, выяўленых у розных месцах у аўтамабілі, адсутнічаюць біялагічныя сляды і сляды пальцаў рук, што належаць абвінавачаным; у такой сітуацыі імавернасная выснова аб прыналежнасці біялагічных асяроддзяў на гранаце Казею мае невысокае доказнае значэнне. Тым больш, што на прадметах, прыналежнасць якіх не адмаўляецца абвінавачанымі, сляды пальцаў іх рук захаваліся. Акрамя таго, без якіх-небудзь доказаў суд вызначыў групавы характар здзяйснення дадзенага злачынства.
Судом выкарыстаны доказы, атрыманыя з парушэннем КПК. У адпаведнасці з арт. арт. 40, 41, 108, 110 КПК, падазроным з'яўляецца фізічная асоба, затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства; падазроныя маюць права мець абаронцу або некалькіх абаронцаў з моманту абвяшчэння пастановы органа крымінальнага пераследу аб узбуджэнні супраць іх крымінальнай справы, аб прызнанні іх падазронымі, аб затрыманні, бесперашкодна мець зносіны са сваім абаронцам сам-насам і прыватна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак. Неадкладна пасля дастаўлення затрыманага ў орган крымінальнага пераследу службовай асобай, якая ажыццявіла фактычнае затрыманне, складаецца пратакол, у якім адзначаюцца падставы, месца і час фактычнага затрымання (з указаннем гадзіны і хвілін), вынікі асабістага ператрусу, а таксама час складання пратакола. Пратакол аб'яўляецца затрыманаму і пры гэтым тлумачацца прадугледжаныя артыкулам 41 КПК правы, у тым ліку права запрасіць абаронцу і даваць сведчанні ў яго прысутнасці, што адзначаецца ў пратаколе. Пратакол падпісваецца асобай, якая яго склала, і затрыманым. Адмова падазронага ад абаронцы адбываецца ў прысутнасці абаронцы. Затрыманы павінен быць дапытаны па акалічнасцях затрымання ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 215–219, 434 і 435 КПК.
Парушэнне дадзеных правілаў груба парушае правы падазроных і не сумяшчальнае ні з патрабаваннямі нацыянальнага заканадаўства, ні з палажэнямі арт. арт. 9 і 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Кваліфікацыя дзеянняў абвінавачаных па арт. 339 КК не ўлічвае вызначаных гэтым жа прысудам прычын, па якіх абвінавачаныя, на думку суда, жадалі прычыніць шкоду маёмасці пацярпелага: напярэдадні ў сацыяльных сетках шырока распаўсюджвалася відэа, на якім пацярпелы жорстка збівае рукой і нагой аднаго з удзельнікаў пратэставых акцый на праезнай частцы гарадской вуліцы; тое, што адбылося, выклікала ў грамадстве хвалю абурэння і асуджэння паводзінаў пацярпелага. Пры такіх акалічнасцях хуліганскія матывы выключаюцца, выснова пра малазначнасць падставы для пашкоджання аўтамабіля з'яўляецца памылковай і надуманай. Парушэнне пацярпелым недатыкальнасці і права не падпадаць жорсткаму абыходжанню іншага чалавека шляхам жорсткага публічнага збіцця, здзейсненае як раз-ткі з адзнакамі хуліганства - за неасцярожна адагнутае люстэрка задняга віду аўтамабіля пацярпелага, ніяк не можа быць «малазначнай нагодай» для апраўдання пашкоджання маёмасці пацярпелага.
Такім чынам, для таго, каб паставіць у віну абвінавачаным хуліганскія матывы і намеры, у суда не было ніводнай падставы, а таму такая кваліфікацыя з'яўляецца надуманай. У выпадку прычынення пашкоджаннем колаў аўтамабіля шкоды ў суме, што перавышае 1080 рублёў, дзеянні абвінавачаных кваліфікаваліся б па ч.1 арт. 218 КК; пры меншай суме шкоды крымінальны пераслед па гэтым артыкуле выключаецца. Таксама дзеянні абвінавачаных маглі быць кваліфікаваныя па арт. 341 КК. Аднак у сілу арт. 13 КК, падрыхтоўка да злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, крымінальнай адказнасці не цягне.
Довады абароны ў прысудзе суд выклаў адрывіста, бессістэмна і няпоўна, не даўшы ім грунтоўнай ацэнкі; довады абвінавачанага Казея аб ужыванні да яго катаванняў не адлюстраваны ў прысудзе і не атрымалі ацэнкі. Устаранення супярэчнасцяў паміж доказамі або не праводзілася, або насіла фармальны характар. Сведчанні сведкаў – супрацоўнікаў АУС – ацэнены фармальна, без уліку сацыяльнай напружанасці і адкрытага супрацьстаяння паміж грамадскімі групамі і ўладай, што скалалася пасля жніўня 2020 года, паміж ідэалогіямі абаронцаў і супраціўнікаў існуючага рэжыму, паміж ахвярамі і выканаўцамі катаванняў і іншых актаў жорсткага абыходжання. Пры такіх акалічнасцях супрацоўнікі АМАП не могуць лічыцца незацікаўленымі сведкамі.
Але варта адзначыць, што вызначаныя судом планы абвінавачаных з'яўляюцца выключна здагадкамі, не абгрунтаванымі ніводным з прадугледжаных законам доказаў.
Судом адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб прызначэнні дактыласкапічнай экспертызы ў адносінах пнеўматычнага пісталета, дачыненне да якога абвінавачаны адмаўляе. Сведка абароны сцвярджае, што агляд аўтамабіля, у якім былі знойдзены боепрыпасы, пачаўся пасля таго, як следчы адкрыў аўтамабіль ключом, які меўся ў яго. Сведку (як і абвінавачаных) да агляду не дапускалі, аднак у аглядзе брала ўдзел здымачная група дзяржаўнага тэлебачання. Такую ўвагу да шараговага следчага дзеяння можна растлумачыць толькі тым, што асобы, датычныя да арганізацыі следчых дзеянняў, уяўлялі сабе вынікі гэтага агляду.
З усяго выкладзенага вынікае тое, што верагодных доказаў віны К.Казея і Ю.Сяргея ў злачынствах не вызначана, а, насупраць, ёсць пэўныя падставы падазраваць, што доказы, на падставе якіх суд прыйшоў да высновы пра іх вінаватасць, з'яўляюцца сфальсіфікаванымі і падробленымі і, ва ўсякім разе, недастатковымі для вынясення абвінаваўчага прысуду.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Апроч выкладзенага, неабходна адзначыць і падкрэсліць недапушчальную рэакцыю суда і прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачання да заяў абвінавачанага Казея аб ужыванні да яго катаванняў для атрымання прызнання ў здзяйсненні злачынства.
Падчас разгляду крымінальнай справы абвінавачаны Кірыл Казей заявіў: пасля затрымання «Мяне стукнулі два разы па твары, павалілі на зямлю, адзелі сцяжкі на рукі і потым збівалі дубінкай у некалькі заходаў. У нейкі момант адзін з супрацоўнікаў прынёс аднекуль пісталет, і зноў пачалі збіваць. Калі білі, адзін з супрацоўнікаў каментаваў: «Бі па нырках, каб яны сталі крывёй с[мачыцца]ць». Потым максімальна моцна зацягнулі сцяжкі на руках са словамі: «Вось так яшчэ паляжыце, зусім без рук застанецеся». Я ўпэўнены, што гэта ўсё было знята на нагрудныя відэарэгістратары, аднак у матэрыялы справы гэта не трапіла. Па дарозе ў РУУС супрацоўнікі пагражалі, што будуць страляць па нагах з таго нібыта знойдзенага пісталета. Ужо ў Заводскім РУУС я заявіў супрацоўніку, што не буду падпісваць ніякіх папер, дзе фігуруе гэты пісталет, на што супрацоўнік адказаў, што гэтага і не трэба рабіць». На наступны пасля затрымання дзень Казея павезлі ў суд па адміністрацыйнай справе; на судзе ён запатрабаваў адваката, тады яго павезлі назад у РУУС, дзе яму пагражалі і прымушалі прызнацца ў здзяйсненні злачынства або ўдзеле ў экстрэмісцкіх групоўках. «Мне пагражалі тым, што нібыта мяне «мякка прынялі», што адвязуць у лес і прымусяць магілу сабе капаць. Адзін з супрацоўнікаў казаў, што прайшоў Афган і ведае, як прычыніць боль. Казалі, што будзе ператрус у мяне дома, у аўто, на фірме, дзе я працаваў, і што падчас ператрусу могуць знайсці ўсё што заўгодна. Палохалі тым, што могуць надоўга пасадзіць мяне. А калі дам тыя сведчанні, што ім трэба, то абыдуся штрафам ці суткамі. Але я ж не злачынца, даць мне ім абсалютна няма чаго. Напрыканцы мне сказалі, што я аб гэтым пашкадую».
Збівалі, пагражалі, падкінулі гранату і патроны. Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах даў паказанні ў судзе
Судом і пракурорам не рабілася мер па арганізацыі расследавання дадзеных сцверджанняў. Больш за тое, у прысудзе суда ніяк не адлюстраваны і не ацэнены сведчанні абвінавачанага аб ужыванні катаванняў.
Пры гэтым абвінавачаныя, затрыманыя 28.10.2020 гада па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, былі змешчаны ў ІЧУ толькі 6.11.2020 г., а прад’яўленне свядома незаконнага абвінавачання па ч. 3 арт. 339 КК, ад якога пасля часткова адмовіўся пракурор на карысць ч. 2 арт. 339 КК, дало магчымасць органу папярэдняга расследавання падоўжыць затрыманне падазронага звыш прадугледжаных агульным правілам 72-х гадзін да 7 сутак, а фактычна – да 16 сутак.
ЗАКЛЮЧНЫЯ ВЫСНОВЫ
8. Аналіз судовага прысуду ў выніку дае магчымасці зрабіць высновы, якія маюць значэнне для далейшых ацэнак справы і становішча абвінавачаных.
9. Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» угледжваюць палітычныя матывы ў дзеяннях уладаў у дачыненні да абвінавачаных: непрымальныя ў дэмакратычным грамадстве дзеянні ці бяздзейнасць праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, скіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэт:
- умацаванне або ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;
- нядобраахвотнае спыненне або змена характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.
10. Крымінальны пераслед абвінавачаных пачаты ў перыяд узмацнення рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці перад тварам будучай небяспекі страты аўтарытарнай улады прэзідэнтам дзяржавы і страты ўплыву выбудаванай ім сістэмы «выканаўчай вертыкалі ўлады». Судовы разгляд справы прайшоў пасля шэрагу палітычных падзей, якія ў корані змянілі адносіны ўлад і грамадства, якое не ўспрымае больш паўнамоцтваў дзейнай улады, што захавала сваё становішча ў выніку паўсюдных грубых фальсіфікацый і злоўжыванняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, і абрала адзінай прыладай уплыву на сітуацыю ўжыванне брутальнага фізічнага гвалту, што выходзіць за рамкі ўсіх, у тым ліку нацыянальных, прававых нормаў, нароўні з яўна сегрэгацыйнай практыкай рэагавання органамі правапарадку і судамі на парушэнне нацыянальнага закона рознымі суб'ектамі. У гэтым становішчы перад дзяржаўнымі інстытутамі, якія захавалі лаяльнасць уладам, стаіць задача татальнага падаўлення мірных пратэстаў, запалохвання дэманстрацыйна жорсткімі санкцыямі рознага характару, у тым ліку – крымінальнымі, усіх удзельнікаў і назіральнікаў гэтых працэсаў, і прымусу да адмовы ад ажыццяўлення сваіх правоў і свабод.
11. Перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці былі абвінавачаныя пазбаўлены волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Вызначана, што:
- мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных была неабгрунтавана абрана ў выглядзе ўзяцця пад варту, гэтаму папярэднічалі грубыя працэсуальныя парушэнні, у выніку якіх абвінавачаныя былі змешчаны ў СІЗА толькі на 17-ы дзень пасля фактычнага затрымання;
- парушана права абвінавачаных у тэрміновым парадку быць дастаўленымі да суддзі і права на разбіральніцтва іх справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці іх затрымання і распарадзіцца аб іх вызваленні, калі затрыманне незаконнае;
- абвінавачаныя ўтрымліваліся ў клетцы, што парушае стандарт прэзумпцыі невінаватасці;
- абвінавачаны К.Казей пад катаваннямі прымушаўся да прызнання віны і самаабгавору;
- абарона абвінавачаных была пастаўлена ў няроўнае становішча з абвінавачаннем.
12. Такім чынам, пазбаўленне волі да абвінавачаных ужыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
13. Адначасова мы зрабілі выснову аб тым, што гвалтоўныя (у шырокім сэнсе слова, якія ўключаюць і несімвалічнае пашкоджанне маёмасці) намеры абвінавачаных не былі даказаны ў адпаведнасці з законам, а для высновы аб вінаватасці выкарыстоўваліся доказы з прыкметамі падробленых.
14. Усе выкладзеныя акалічнасці сведчаць аб неабходнасці:
- патрабаваць ад улад перагляду вынесенага ў дачыненні да К.Казея і Ю.Сяргея прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, вызваліць іх з-пад варты;
- рэкамендаваць праваабарончай супольнасці прызнаць Кірыла Казея і Юрыя Сяргея палітвязнямі з патрабаваннем перагляду вынесеных судовых прысудаў і вызвалення з-пад варты з ужываннем іншых мер, што забяспечваюць іх яўку ў суд.