Збівалі, пагражалі, падкінулі гранату і патроны. Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах даў паказанні ў судзе
У судзе Заводскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 32-гадовага Юрыя Сяргея і 37-гадовага Кірыла Казея, абвінавачаных па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: падрыхтоўка да здзяйснення асабліва злоснага хуліганства (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння альбо пашкоджання маёмасці (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), незаконнае захоўванне боепрыпасаў (ч. 3 арт. 295 КК). На думку следства, Казей і Сяргей мелі намер пракалоць шыны аўто мужчыны, які напаў напярэдадні на чалавека з бел-чырвона-белым сцягам.
Што адбылося ўначы 28 кастрычніка?
27 кастрычніка 2020 года ў сацсетках з'явілася відэа, як кіроўца BMW б'е мужчыну проста на дарозе. Да гэтага мужчына махаў бел-чырвона-белым сцягам, і такую рэакцыю кіроўцы многія звязалі з яго палітычнай пазіцыяй (пазней нападнік патлумачыць, што інцыдэнт не звязаны з палітыкай).
Відэа бойкі разышлося ў сацсетках і тэлеграм-каналах, там жа з'явіўся адрас і нумар тэлефона кіроўцы – Дзмітрыя Давыдзюка. І, па версіі следства, у адным з чатаў трое жыхароў Мінска вырашылі правучыць мужчыну: пракалоць шыны яго аўто. Ноччу 28 кастрычніка яны прыехалі да яго ў двор, але на падыходзе двое (Казей і Сяргей) былі затрыманыя байцамі АМАП, яшчэ адзін удзельнік паспеў схавацца і цяпер знаходзіцца ў вышуку. Пры асабістым вобшуку ў Казея быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет без куль і балона, у Сяргея - самаробны нож, які экспертыза прызнала халоднай зброяй. А на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля Казея былі выяўленыя сцягі, улёткі, феерверкі, лазерныя ўказкі, ручная граната і 58 патронаў. Агляд машыны быў паказаны ў сюжэце на дзяржТВ.
Спачатку мужчын асудзілі на арышт паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі), пры гэтым у пратаколах было пазначана, што складу злачынства ў дзеяннях мужчын няма. Але пасля заканчэння арышту іх пакінулі пад вартай, а затым прад'явілі абвінавачванне па трох крымінальных артыкулах. Пяты месяц Казей і Сяргей знаходзяцца ў СІЗА.
Абодва абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны. На першым пасяджэнні адбыўся допыт кіроўцы BMW Давыдзюка, прызнанага па справе пацярпелым. Так, ён сказаў, што Казея і Сяргея ён бачыць упершыню, а інфармацыі аб тым, што менавіта абвінавачаныя адпраўлялі яму паведамленні з пагрозамі, у судзе не прагучала. Аб тым, што хтосьці прыходзіў да яго ў двор з намерам пракалоць машыну, ён даведаўся з сюжэта па тэлебачанні.
Затым былі дапытаныя супрацоўнікі АМАП, якія ўдзельнічалі ў затрыманні. З мэтай забеспячэння бяспекі сведак, судовай пасяджэнне на час іх допыту зрабілі закрытым.
Хацелі пракалоць шыны аўто мужчыны, які напаў на чалавека са сцягам. Па трох артыкулах КК судзяць двух мінчан
"Завязем у лес і прымусім сабе магілу капаць". Абвінавачаны Кірыл Казей распавёў пра затрыманне, пагрозы і нестыкоўкі ў справе
22 сакавіка ў судзе прайшоў допыт абвінавачаных Юрыя Сяргея і Кірыла Казея. Сяргей адмовіўся ад дачы паказанняў. Кірыл Казей, у сваю чаргу, яшчэ раз падкрэсліў, што не прызнае сябе вінаватым у поўным аб'ёме і сказаў, што ў той вечар не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў.
Ён падрабязна распавёў пра сваё затрыманне. У той вечар ён, Юрый Сяргей і мужчына, з якім пазнаёміліся за пару гадзін да затрымання, сапраўды прыехалі да дома, у якім пражывае кіроўца Давыдзюк, мяркуючы, што там будзе праходзіць якая-небудзь акцыя, і хацелі паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Да гэтага яны паехалі на вуліцу Кісялёва, дзе Казею трэба было вырашыць працоўныя пытанні. Калі прыехалі ў двор, дзе знаходзіўся дом пацярпелага, было ўжо позна, ніякіх акцый там не праходзіла. І калі яны ўжо планавалі з'язджаць, трэці мужчына сказаў, што ўбачыў некалькіх чалавек, якія ідуць за імі, і кінуўся бегчы. Казей і Сяргей таксама пабеглі, але тыя іх дагналі. Гэта апынуліся супрацоўнікі АМАПа ў цывільным. Трэцяму мужчыне ўдалося схавацца.
"Мяне ўдарылі два разы па твары, павалілі на зямлю, апранулі сцяжкі на рукі і затым збівалі дубінкай у некалькі заходаў. У нейкі момант адзін з супрацоўнікаў прынёс аднекуль пісталет, і зноў пачалі збіваць. Калі білі, адзін з супрацоўнікаў каментаваў: "Бі па нырках, каб яны сталі крывёю с**ць". Затым максімальна моцна зацягнулі сцяжкі на руках са словамі: "Вось так яшчэ паляжыце, наогул без рук застанецеся". Я ўпэўнены, што гэта ўсё было заснята на нагрудныя відэарэгістратары, аднак у матэрыялы справы гэта не патрапіла. Па дарозе ў РУУС супрацоўнікі пагражалі, што будуць страляць па нагах з таго нібыта знойдзенага пісталета. Ужо ў Заводскім РУУС я заявіў супрацоўніку, што не буду падпісваць ніякіх папер, дзе фігуруе гэты пісталет, на што супрацоўнік адказаў, што гэтага і не трэба рабіць", - распавёў падчас допыту Кірыл Казей.
На наступны дзень Казея павезлі ў суд, каб судзіць па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП. На судзе ён запатрабаваў адваката, тады яго павезлі назад у РУУС, дзе яму пагражалі і прымушалі прызнацца ў здзяйсненні злачынства або ўдзелу ў экстрэмісцкіх групоўках.
"Мне пагражалі тым, што нібыта мяне «мякка прынялі», што адвязуць у лес і прымусяць магілу сабе капаць. Адзін з супрацоўнікаў казаў, што прайшоў Афган і ведае, як прычыніць (вельмі моцны) боль. Казалі, што будзе ператрус у мяне дома, у аўто, на фірме, дзе я працаваў, і што падчас ператрусу могуць знайсці ўсё што заўгодна. Палохалі тым, што могуць надоўга пасадзіць мяне. А калі дам тыя паказанні, што ім трэба, то абыйдуся штрафам або суткамі. Але я ж не злачынец, даць мне ім абсалютна няма чаго. Напрыканцы мне сказалі, што я пра гэта пашкадую".
Казей адзначыў, што прыкладна праз дзве гадзіны пасля гэтай «гутаркі» адбылося ўскрыццё і агляд яго машыны, дзе і знайшлі гранату з патронамі. На судзе ён сказаў, што настойвае на тым, каб да матэрыялаў справы было прыкладзена поўнае відэа яго затрымання, а таксама тлумачэнні супрацоўнікаў АМАП пра тое, дзе быў знойдзены пісталет.
Пра тое, што ў яго машыне былі знойдзеныя патроны і граната, ён даведаўся 30 кастрычніка, знаходзячыся ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён адмаўляе, што яны належаць яму, і не ведае, хто і калі іх туды паклаў, але відавочна, што іх яму падкінулі. Казей упэўнены, што машыну ўскрывалі да афіцыйнага агляду, так як частка рэчаў, пакінутых у машыне, затым ляжала на іншых месцах. Пры гэтым ён не адмаўляе, што іншыя рэчы ў машыне належаць яму: напрыклад, феерверкі былі набытыя на дзень нараджэння бацькі і дачкі, а лазерныя ўказкі - для дзяцей, каб яны маглі гуляць з катамі.
Згодна з матэрыяламі справы, на гранаце, знойдзенай у бардачку, ёсць генетычны матэрыял Казея. Ён лічыць, што матэрыял мог з'явіцца там ад судотыку гранаты з іншымі прадметамі, на якіх напэўна пасля двух гадоў выкарыстання аўто ён быў.
Казей падкрэсліў, што пры затрыманні ў яго не было пісталета, відэа пацвярджае, што ў яго канфіскоўваліся толькі грошы. Паводле яго слоў, у яго ў кашальку ў момант затрымання было каля 1000 долараў, прызначаных для куплі ноўтбука. Яшчэ 300 ляжала ў кішэні. Аднак у пратаколе ператрусу напісалі, што ў кашальку было знойдзена 500 долараў. У сувязі з гэтым Казей падаў заяву ў РУУС з нагоды крадзяжу грошай з аўто і папрасіў прыкласці матэрыялы праверкі да ягонай крымінальнай справы. Адказу ён не атрымаў.
Абвінавачаны паведаміў, што пратакол агляду запоўнены рознымі почыркамі. Казей хадайнічаў аб правядзенні дактыласкапічнай экспертызы знойдзенага пісталета, каб даказаць, што не мае да яго дачынення, але яму было адмоўлена.
На судзе ён растлумачыў, што пасля затрымання назваў іншае месца жыхарства, а таксама сказаў, што прыехаў на таксі, з-за боязі за сям'ю і машыну.
На судзе таксама быў дапытаны сведка Драневіч - калега Кірыла Казея, які прысутнічаў на ўскрыцці і аглядзе BMW Казея, а затым адганяў яго на тэрыторыю Заводскага РУУС. Паводле яго слоў, яго да аўтамабілю «асабліва не дапускалі». Адкрываў аўто следчы, ключ быў у яго. Таксама ён адзначыў, што на агляд машыны не дапусцілі адваката Казея, затое прысутнічалі журналісты дзяржТВ.
24 сакавіка ў судзе працягваецца разгляд справы.