Крымінальная справа супраць Стрыжака і Лявончыка, допыты па "Вясне": пераслед 12 красавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 12 красавіка: затрыманні, выклікі на допыты, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Крымінальная справа супраць Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка
Супраць сузаснавальнікаў By_help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака завялі крымінальныя справы аб фінансаванні экстрэмісцкага фармавання (артыкул 361-2 КК) і фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 2 артыкула 342 КК). Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.
Паводле версіі следства, Лявончык і Стрыжак "з дапамогай іншых асоб "перадавалі грошы медыяменеджару Андрэю Аляксандраву і ягонай дзяўчыне Ірыне Злобінай, якія аплачвалі штрафы пратэстоўцаў і пакрывалі прычыненую" іх супрацьпраўнымі дзеяннямі" шкоду.
Як удакладняе ведамства, Стрыжак уваходзіць і ў склад "так званай Каардынацыйнай рады, дзейнасць якой накіраваная ў тым ліку на захоп і ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам", а таксама з'яўляецца сузаснавальнікам ініцыятывы BySol, якая "займаецца фінансаваннем стачкамаў прадпрыемстваў, дэструктыўных дваровых супольнасцяў, так званых фондаў медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці".
Акрамя гэтага, настойвае СК, у ведамства ёсць доказы аб фінансаванні BySol дзейнасці раней прызнанага экстрэмісцкім фарміравання "створанага ў выглядзе аб'яднання дэструктыўных дваровых чатаў".
Яны аб'яўленыя ў вышук.
Допыты па справе "Вясне" працягваюцца
Як паведамляе MAYDAY, дачку праваабаронцы "Вясны" з Магілёва Аляксея Колчына выклікалі на допыт у Следчы камітэт, хутчэй за ўсё – па крымінальнай справе "Вясны".
Следчы ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Андрэй Шацько выклікаў Дар'ю Колчыну на допыт у якасці сведкі на 10 раніцы ў панядзелак, 12 красавіка. Пасля паўгадзіны гутаркі за следчым Дар'ю адпусцілі.
Раней, 5 красавіка гэты ж следчы дапытаў у якасці сведкі жонку Аляксея Колчына Наталлю. Да гэтага ён настойліва спрабаваў даведацца, дзе знаходзіцца праваабаронца, хоць Колчын ужо даўно пакінуў Рэспубліку Беларусь.
Таксама ў якасці сведкі па крымінальнай справе супраць праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Магілёве па тэлефоне выклікаў следчы Андрэй Шацько нядаўна збітага сілавікамі актывіста Аляксея Барысава.
Знікненне ў Маскве палітолага Фядуты
У Маскве знік палітолаг Аляксандр Фядута. Аб знікненні Фядуты «Нашай Ніве» паведаміла яго жонка Марына Шыбко. Сама жанчына сёння збіраецца вылятаць у Маскву на пошукі мужа.
Яна сказала, што з Фядутам няма сувязі. Што Фядута рабіў у Маскве і з кім сустракаўся — невядома. Пошукам палітолага Аляксандра Фядуты занялася маскоўская паліцыя. Заява аб згубе без вестак была пададзена ў Прэсненскі аддзел МУС.
Аляксандр Фядута — вядомы беларускі палітолаг, у свой час працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. У 2010-м быў у камандзе Уладзіміра Някляева.
Затрыманне старшыні БНФ
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў КДБ. Пра гэта "Нашай Ніве" паведамілі яго сваякі. Кастусёва затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. У чым менавіта вінавацяць палітыка — пакуль невядома.
Блакаванне інфармацыі
Мінінфарм заблакаваў сайт naviny.online — "люстэрка" заблакаванага ў жніўні рэсурса naviny.by
У канцы сакавіка былі прынятыя змены ў заканадаўства, якія спрашчаюць блакіроўку "люстэрак" заблакаваных сайтаў. 10 красавіка новы міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што прыйшоў час забарон і пакаранняў. Сёння была забаронена трансляцыя тэлеканала Euronews.
Інфармацыя будзе дапаўняцца
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?