Справа Аляксея Караткова: сведка спасылаецца на сакрэтныя дакументы і не можа назваць іх змест Дапоўнена
У судзе Першамайскага раёна Мінска восьмага красавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з распрацоўшчыкаў стартапа MakeML і палітзняволенага Аляксея Караткова.
Яго вінавацяць у навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаванні гэтай дзейнасці (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама па артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Зубко.
Пачаўся суд над айцішнікам Алексеем Каратковым. Сваёй віны ён не прызнае ні ў чым
Сёння ў судзе дапыталі сведку, супрацоўніка міліцыі Камароўскага.
Сведка заяўляе, што дзейнічаў на падставе сакрэтнага дакумента, пра які распавесці не можа
Ён патлумачыў, што быў 27 жніўня ў Першамайскім РУУС, куды дастаўлялі асоб, затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яму паведамілі, што сярод іх могуць быць людзі, якія маюць дачыненне да масавых беспарадкаў у жніўні. Сведка апытваў Аляксея, там ён прад'явіў свой тэлефон, у ім выяўленыя фота і відэа з месцаў масавых беспарадкаў - фота і відэа руху калоны людзей за 9 жніўня, якая ішла да стэлы па праспекце Машэрава з боку вуліцы Ціміразева або Мельнікайтэ, фота з Машэрава, фота сэлфі са знаёмымі, здымкі разгону мітынгу, фота людзей у крыві.
У Караткова запыталіся пра фота, дзе Аляксей з часопісамі на скотчы на сваім целе. Ён растлумачыў, што фота былі зробленыя ў офісе з калегамі.
Пракурор запытваецца ў сведкі, ці давалі яму даручэнне дапытаць менавіта Караткова? Той адказвае, што не. Таксама прызнаўся што затрыманаму не тлумачылі ягоныя правы і абавязкі.
- Гэта ваша асабістая ініцыятыва дапытаць, так?
- Не, указанне.
- Дык вы ж сказалі, што вам не давалі даручэнняў? Атрымліваецца, ваша асабістая ініцыятыва?
- Не.
- Вам давалі ўказанні асабіста да дапытаць?
- Не.
- Пратакол апытання ёсць?
- Не.
Кажа, што дзейнічаў на падставе сакрэтнага дакумента, пра які распавесці не можа, што ў тэлефоне Караткова былі звесткі, якія могуць пацвердзіць яго ўдзел у масавых беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Адвакат пытаецца ў сведкі, ці былі прамыя доказы Аляксея ва удзеле ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам, бясчынствам, пашкоджаннем маёмасці?
- Не. Такіх доказаў не было.
Далей адвакат пытаецца пра ператрус у кватэры Караткова, пра рэчы якія там былі выяўленыя.
- Што знайшлі?
- Бінты, перакіс, будаўнічую каску, рэспіратар.
- Чаму ў пратаколе ператрусу няма тлумачэнняў з нагоды гэтых прадметаў?
- Ну гэта былі проста пытанні з нагоды выяўленай маёмасці.
Далей у судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы, праглядаюцца відэазапісы, фота:
- Відэа з Кіеўскага сквера, лозунгі “Жыве Беларусь!”
- Відэа з Мельнікайтэ – чуваць лозунгі.
- Тое ж самае з іншага ракурсу.
- Відэа, як сігналяць аўто (адвакат адзначае, што Караткоў знаходзіцца не на праезнай частцы).
- Сігналяць аўтамабілі на Прытыцкага, ля гасцініцы “Арбіта” 10 жніўня.
Пасля прагляду ўсіх відэа, пачалі вывучаць фота, але па тэхнічнай прычыне іх немагчыма паглядзець. Абаронца настойвае аглядаць із у друкаваным выглядзе.
Вырашылі выклікаць тэхнічнага спецыяліста і абвесцілі перапынак.
Пасля перапынку адвакат просіць далучыць яшчэ тры фота, на якіх ёсць Караткоў, зробленыя да хакейнага матчу ў Жлобіне, на фота - каска, якая з'яўляецца элементам атрыбутыкі клуба "Металург" (Аляксей заўзятар клуба).
Далей просіць далучыць да матэрыялаў справы розныя граматы і узнагароды.
Суддзя задавальняе хадайніцтвы.
Наступнае пасяджэнне прызначанае на 14-30 9 красавіка.
Чакаецца, што ў гэты дзень адбудуцца судовыя спрэчкі.