Пракурор перакваліфікаваў абвінавачванне і запрасіў для Патрасаевай 3 гады "хатняй хіміі"
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 1 красавіка пасля некалькіх пераносаў працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - удзел у масавых беспарадках.
Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі.
Сёння на працэсе бок дзяржабвінавачання хадайнічаў аб далучэнні грамадзянскага пазову ад прадпрыемства "Мінсктранс" аб пакрыцці прычыненай шкоды з-за спынення і прастою грамадскага транспарту ў памеры 21 831 рубель.
Аляксандра Потрясаева заяўлены пазоў не прызнала.
Пасля гэтага ў судзе быў апытаны эксперт - Анатоль Гелдэр, які з'яўляецца псіхіятрам, кандыдатам медыцынскіх навук, мае стаж працы 35 гадоў, уваходзіў у камісію экспертаў і даваў заключэнне па псіха-эмацыйным стане Аляксандры Патрасаевай.
Згодна з заключэннем камісіі, абвінавачаная пакутуе на змяшанае расстройства асобы і адаптацыі, можа ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. У момант здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў не магла ў поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў ў сілу свайго стану здароўя, мае патрэбу ў прымяненні пэўных мераў лячэння. Пры прызначэнні рашэння судом у выглядзе пазбаўлення волі - парадак лячэнне вызначаецца судом.
Пасля гэтага ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў. Пракурор Фёдар Сініцкі мяркуе,што дзеянні палітзняволенай можна перакваліфікаваць з ч. 2 арт. 293 на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Пры прызначэнні пакарання прасіў улічваць адсутнасць абцяжарваючых і змякчальных віну абставінаў, прызнаць Аляксандру Патрасаеву вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады. Меру стрымання змяніць з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Грамадзянскі пазоў прасіў задаволіць у поўным аб'ёме, а таксама спагнаць працэсуальныя выдаткі.
Бок абароны звярнуў увагу суда на тое, што не было даказана, што Аляксандра Патрасаева аказвала каму-небудзь відавочнае непадпарадкаванне. Акрамя таго, яна не далучалася і не прымала ўдзел у той групе асобаў, што груба парушала грамадскі парадак, мэтай яе было - аказанне медыцынскай дапамогі, што яна і рабіла.
Што тычыцца спынення працы транспарту нібыта з-за дзеянняў абвінавачанай - то тут таксама не было прадастаўлена якіх-небудзь доказаў яе віны. Так, у сваім пазове "Мінсктранс" указвае перыяд спынення руху транспарту з 20.30 гадзін 10 жніўня да 0.56 гадзін 11 жніўня, у той час як, згодна з білінгам мабільнага аператара, палітзняволеная знаходзілася каля ГЦ "Рыга" з 0.36 гадзін 11 жніўня. Пры гэтым узвядзенне барыкад, зыходзячы з матэрыялаў справы, пачалося ў 0.38 гадзін, а грамадскі транспарт заканчвае сваю працу ў 1 гадзіну ночы. Грамадзянскі пазоў ніякім чынам не абгрунтаваны, у разліку – пазначаныя ўсе маршруты Мінска, праца якіх была парушаная ў ноч з 10 на 11 жніўня.
Няма і доказу таго, што, выкінуўшы пакет са смеццем у кучу іншых рэчаў, размешчаных на праезнай частцы, Аляксандра Патрасаева здзейсніла злачынства па ч. 1 арт. 342 КК.
У выпадку прызнання палітзняволенай вінаватай абарона прасіла прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а грамадзянскі пазоў накіраваць на разгляд у грамадзянскае судаводства.
Апошняе слова абвінавачанай і прысуд будуць агучаныя 6 красавіка ў 14.00
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты працэс
У Мінску пачаўся суд над палітзняволенай Аляксандрай Патрасаевай, якая перажыла катаванні
"Пайшла дапамагчы параненым". Працяг суду над Аляксандрай Патрасаевай