viasna on patreon

У Мінску пачаўся суд над палітзняволенай Аляксандрай Патрасаевай, якая перажыла катаванні Дапоўнена

2021 2021-03-09T13:05:09+0300 2021-03-09T16:49:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/potriasaeva_sasha_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандра Патрасаева. Скрыншот з відэа Радыё Свабоды

Аляксандра Патрасаева. Скрыншот з відэа Радыё Свабоды

У судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі.

Паводле абвінавачвання, Аляксандра Потрясаева ў ноч з 10 на 11 жніўня і ў наступныя дні прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады: з групай асобаў па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама абвінавачванне лічыць, што палітзняволеная заклікала людзей да супраціву, сама прыняла актыўны ўдзел ва ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады.

Дзяўчына была затрыманая 16 кастрычніка 2020 года.

Аляксандра Патрасаева сваю віну не прызнала, суду патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў телеграм-каналах, у тым ліку ў телеграм-канале Nexta. Прачытала, што людзям патрэбна медыцынская дапамога, паехала пасля працы на скрыжаванне вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава, каб аказаць такую дапамогу. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.

Абвінавачаная разумела, што мерапрыемства несанкцыянаванае, да яго не далучалася, але засталася, каб аказаць дапамогу пацярпелым.

Кажа, што дарога была перакрытая да яе прыходу, дадому з'ехаць не магла - транспарт не хадзіў і было страшна.

На пытанні абароны Аляксандра Патрасаева патлумачыла, што лозунгаў не выкрыквала, удзелу ў мерапрыемстве не прымала, аказвала медыцынскую дапамогу людзям каля лесвіцы – апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Сцвярджае, што супрацоўнікаў міліцыі не бачыла, не чула, каб яны патрабавалі разысціся, увесь час знаходзілася на месцы аказання дапамогі. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мяшок са смеццем. Абвінавачванне сцвярджае, што ў Аляксандры Патрасаевай быў металічная палка, на гэта дзяўчына сказала, што падняла яе і выкінула, ніякіх дзеянняў ні з мяшком, ні з палкай не ажыццяўляла.

potriasaeva_sk.png
Скрыншот з відэа з сайта Следчага камітэта

Іншыя людзі абмяркоўвалі, што рабіць далей, размаўлялі паміж сабой. У яе прысутнасць святло-шумавыя гранаты не ўжываліся, барыкады ўжо былі ўзведзены.

Абаронца прасіў далучыць да матэрыялаў справы калектыўны ліст і характарыстыку асобы падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.

Працэс працягнуўся пасля перапынку допытам сведак і вывучэннем пісьмовых матэрыялаў справы. 

Сведка Алена Жукавец распавяла, што Аляксандра Патрасаева пражывала ў яе, прыглядала за дзіцем. Характарызуе яе станоўча: спагадлівая, самастойная, клапатлівая, заўсёды знаходзілася дома.

10 жніўня Алена Жукавец не бачыла, ці брала падсудная медпрэпараты з сабой на мітынг, але бачыла барсетку ў яе. Аляксандра нічога не казала ёй аб падзеях 10 жніўня, так як была ў стрэсе пасля знаходжання на Акрэсціна.

Сведка Аліна Міклашэўская паказала ў судзе, што не бачыла 10 жніўня Аляксандру Патрасаеву, але гаварыла з ёй па тэлефоне: палітзняволеная казала, што збіраецца ісці ў горад, каб дапамагаць людзям – аказваць медыцынскую дапамогу. Пазней яны яшчэ стэлефаноўваліся, Аляксандра казала, што ў горадзе было шмат людзей, што яны ўцякалі ад супрацоўнікаў міліцыі.

Адвакат удакладніў, ці брала Аляксандра Патрасаева медпрэпараты, сведка адказала, што так - перакіс вадароду, абязбольвальныя і іншыя медпрэпараты былі ў барсетцы, калі забіралі рэчы з Акрэсціна пасля затрымання. Кажа, што знаёмыя са жніўня 2019 года, адносіны добрыя, але ў дадзены момант не маюць зносінаў з падсуднай, непрыязных адносін няма. Характарызуе палітзняволеную як меланхалічную, асаблівых дзівацтваў за ёй не заўважала.

Аліна Міклашэўская пазнала на відэазапісе Аляксандру Патрасаеву з белым мяшком у руках, таксама бачыла ў яе палку.

Падсудная кажа, што ў яе сяброўкі прадузятае стаўленне, што яна не ўцякала ад міліцыі, як пра гэта сказала сведка.

Наступнай у працэсе была дапытаная сяброўка Наталля Жаўнеровіч, якая распавяла, што знаёмая з абвінавачванай каля 5 гадоў, разам жылі да яе затрымання. Падзеі 10 жніўня з Аляксандрай не абмяркоўвалі, у той дзень не стэлефаноўваліся, даведалася ўсё толькі пасля затрымання падсуднай. Сцвярджае, што ў Аляксандры не было палкі або дубінкі, ведае ўсе яе рэчы. Характарызуе яе як вельмі ранімую, запальчывую, кажа, што часам сварыліся, Аляксандра магла сысці на доўгі час. Таксама яна пацвярджае, што бачыла відэазапісы, на якіх пазнала Аляксандру Патрасаеву, у руцэ ў яе была палка.

Пасля гэтага суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і рэчыўных доказаў.

На відэа бачна, як Аляксандра Патрасаева нясе белы мяшок міма смеццевых бакаў і пакідае яго ў кучы, пасля размаўляе з мужчынам, у руцэ ў якога меркавана бутэлька.

Палітзняволеная сцвярджае, што відэа парэзана і зманціравана з розных фрагментаў.

Таксама ў матэрыялах справы маецца заключэнне судова-псіхалагічнай экспертызы, дзе ўказана, што падсудная пакутуе засмучэннем асобы, падчас парушэння магла не ў поўнай меры прымаць рашэнні і разумець сваі дзеянні.

Працяг судовага працэсу прызначаны на 11 гадзін 11 сакавіка.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты працэс

Хто такая Аляксандра Патрасаева?

У ноч з 10 на 11 жніўня Аляксандра Патрасаева была затрыманая ў Мінску. Дзяўчына выйшла на вуліцу з намерам аказваць дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, таму ўзяла з сабой рэспіратары, бінты і перакіс. Трапіла пад абстрэл і аблаву, спрабавала ўцячы, але натыкнулася на АМАП. Тры дні знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, яе пагражалі згвалтаваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства