"Пайшла дапамагчы параненым". Працяг суду над Аляксандрай Патрасаевай
У судзе Маскоўскага раёна Менска 11 сакавіка працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі.
Паводле абвінавачвання, Аляксандра Патрасаева ў ноч з 10 на 11 жніўня і ў наступныя дні прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады: з групай асобаў па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама абвінавачванне лічыць, што палітзняволеная заклікала людзей да супраціву, сама прыняла актыўны ўдзел ва ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады.
Дзяўчына была затрыманая 16 кастрычніка 2020 года.
Аляксандра Патрасаева сваю віну не прызнала, суду патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў телеграм-каналах, у тым ліку ў телеграм-канале Nexta. Прачытала, што людзям патрэбна медыцынская дапамога, паехала пасля працы на скрыжаванне вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава, каб аказаць такую дапамогу. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.
Сёння былі дапытаныя сведкі па справе, вывучаліся матэрыялы следства.
Кіроўца аўтобуса 92-га маршруту даў паказанні, што натоўп быў неагрэсіўным, падсудную ён не бачыў. Чуў, як людзі крычалі: "Жыве Беларусь!"
Білінг пацвярджае праўдзівасць паказанняў Аляксандры, на гэта звярнуў увагу суддзі адвакат.
У якасці доказу прысутнасці Аляксандры на месцы падзей праглядалася відэа Радыё Свабода.
На 2 хвіліне гэтага відэа бачна, што жанчына, падобная на Патрасаеву, кідае мяшок ў кучу, якую назвалі барыкадай.
Характарыстыка з працы Патрасаевай цалкам станоўчая.
Наступнае пасяджэнне прызначанае на 11-30, 17 сакавіка.