За жартоўную дыскусію ў тэлеграм-каналах - восем год і адзін месяц калоніі Дапоўнена
У судзе Смаргонскага раёна 15 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на жыхара Гальшанаў Івана Вярбіцкага.
Яго абвінавацілі адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў.
Справу разглядае суддзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Сяргей Кавальчук.
Як паведамляла пракуратура Ашмянскага раёна, згодна з матэрыяламі справы 14 кастрычніка 2020 года ў мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку грамадзянін размясціў у адной з груп Telegram-канала тэкставыя паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі да пашкоджання «кактэйлямі Молатава» будынка КДБ і падпалу пракуратуры Ашмянскага раёна.
У гэты ж дзень і ў тым жа Telegram-чаце пад нікам «Dimon D» ён размясціў паведамленне з заклікамі да пашкоджання і знішчэння маёмасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў шляхам падпалу транспартных сродкаў, якія належаць ім.
«Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ». У Смаргоні пачаўся суд над гальшанскім “тэрарыстам”
15 сакавіка з апошнім словам выступіў Іван Вярбіцкі. Ён прызнаў віну толькі у пашкоджанні пастановы на вобшук.
Таксама прапанаваў суду ўзбудзіць у сваю чаргу крымінальную справу супраць дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Кавальчука.
Пракурор прасіў дзевяць з паловай гадоў калоніі
Вырак суда: за падбухторванне да акта тэрарызму (частка 1 артыкула 289 КК)- 8 гадоў калоніі;
за знішчэнне пастановы на ператрус (частка 1 артыкула 377 КК) - 2 месяцы калоніі,
Па артыкуле 295 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) - апраўданы.
Канчатковае пакаранне - 8 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму.