viasna on patreon

«Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ». У Смаргоні пачаўся суд над гальшанскім “тэрарыстам”

2021 2021-02-02T18:06:03+0300 2021-02-02T18:29:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarbicki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Вярбіцкі з адвакатам. Фота: Рэгіянальная газета.

Іван Вярбіцкі з адвакатам. Фота: Рэгіянальная газета.

Суд  Смаргонскага раёна 2 лютага пачаў разгляд не зусім звычайнай крымінальнай справы, заведзенай  на жыхара Гальшанаў Івана Вярбіцкага. Яго вінавацяць адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў.

Справу разглядае суддзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Сяргей Кавальчук.

Як паведамляла пракуратура Ашмянскага раёна, згодна з матэрыяламі справы 14 кастрычніка 2020 года ў мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку грамадзянін размясціў у адной з груп Telegram-канала тэкставыя паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі да пашкоджання «кактэйлямі Молатава» будынка КДБ і падпалу пракуратуры Ашмянскага раёна.

У гэты ж дзень і ў тым жа Telegram-чаце пад нікам «Dimon D» ён размясціў паведамленне з заклікамі да пашкоджання і знішчэння маёмасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў шляхам падпалу транспартных сродкаў, якія належаць ім.

Спрабуючы пасля перашкодзіць расследаванню крымінальнай справы, абвінавачаны наўмысна разарваў прад'яўленую яму для азнаямлення пастанову следчага аб правядзенні ператрусу па месцы яго жыхарства.

Між тым у ходзе ператрусу супрацоўнікі органаў унутраных спраў выявілі і канфіскавалі боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Ашмянскага раёна прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынстваў, пагадзіліся з прававой кваліфікацыяй зробленага паводле ч. 5 арт. 16 і ч. 2 арт. 289, ч. 1 арт. 377, ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 Па якіх артыкулах вінавацяць гальшанца?

Частка 5 артыкула 16 «Саўдзел у злачынстве»;

Частка 1 артыкула 289. Акт тэрарызму

Здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам альбо якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку (акт тэрарызму) – караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

Частка 2 артыкула 295. Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

Частка 1 артыкула 377. Крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў.

Вярбіцкі прызнае віну толькі па артыкуле 377 КК РБ.

Фота: Рэгіянальная газета.

"Рэгіянальная газета" публікуе паказанні Івана Вярбіцкага

Іван Вярбіцкі нарадзіўся ў Багданаве ў Валожынскім раёне 17 ліпеня 1965 года. Пасля жыў у Гальшанах Ашмянскага раёна, дзе афіцыйна зарэгістраваны, але працаваў ад 1990-х гадоў у Расіі. У яго дзве вышэйшыя адукацыі. Працаваў мастаком-дызайнерам, затым перакваліфікаваўся і працаваў мультыплікатарам, рэжысёрам, мантажорам відэа. Малюе карціны, піша апавяданні. Раней не быў судзімы.

Вярбіцкі прыехаў з Падмаскоўя ў Гальшаны ў красавіку 2020 года. У Гальшанах Вярбіцкі жыў у доме бацькі, які памёр у 2016 годзе. Дом дастаўся ў спадчыну яму і яго сястры, аднак яны яшчэ не дзялілі маёмасць.

14 кастрычніка Вярбіцкі прачнуўся каля 9 гадзін, адкрыў тэлеграм. У канале «Ашмяны» пабачыў паведамленне пра тое, што размясцілі адфоташопленую карцінку сцяга, каб прадстаўнікі праваахоўных органаў прыехалі на месца, а там насамрэч нічога не было. Таму абвінавачваемы вырашыў таксама «патроліць» сілавікоў. Ён пакінуў у канале допіс са словамі «Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ», пасля дапісаў «Маленькімі групамі з кактэйлямі Молатава». Яму адказалі, што ў Ашмянах цяпер няма КДБ, на гэтым месцы знаходзіцца пракуратура. Тады Вярбіцкі адказаў: «Будзем паліць пракуратуру».

Пасля Вярбіцкі перайшоў у канал «Астравец для жыцця», там зрабіў рэпост з тэлеграм-канала, які прызнаны экстрэмісцкім, і дапісаў: «Усе міліцэйскія тачкі і тачкі іх жонак павінны гарэць».

Абвінавачваемы патлумачыў, што трэба разумець мяжу паміж рэчаіснасцю і віртуальным жыццём. Па яго словах, дыскусія ў тэлеграм-каналах была абсалютна жартоўнай і не мела дачынення да рэальнага жыцця. Вярбіцкі прызнаўся, што часта займаўся «тролінгам»:

– У адным з тэлеграм-чатаў, напэўна, гэта быў канал «Ліда для жыцця» напісаў, што трэба зрабіць дэманстрацыю: выпусціць кароў, размаляваных у белыя і чырвоныя колеры. Канешне, гэтага не адбылося. Яшчэ пісаў, што зрабіў падкоп з Гальшанаў да рэзідэнцыі прэзідэнта. Але стаміўся, а засталося ўсяго 200-300 метраў дакапаць, таму заклікаў людзей мне дапамагчы. Вось у жартоўнай форме пісаў, але тады справу не ўзбудзілі.

viarbicki-2.jpg
Міліцыянеры закрываюць абвінавачваемага ад людзей пасля судовага пасяджэння. Фота Настассі Уткінай.

Абвінавачваемы не ведаў, дзе знаходзіцца пракуратура ў Ашмянах, а дакладнага месца для збору людзей маленькімі групамі нідзе не ўказваў. Вярбіцкі не быў знаёмы ні з кім асабіста з чатаў «Ашмяны» і «Астравец для жыцця». Таксама ён адмаўляе, што падбухторваў людзей да тэрарыстычнага акту, ніякіх дзеянняў для здзяйснення злачынства не прадпрымаў.

21 кастрычніка Вярбіцкі выйшаў па прадукты. Пасля вяртаўся дадому і пабачыў групу асоб. Сярод гэтай групы людзей быў чалавек у міліцэйскай форме, побач стаяла міліцэйская машына. Людзі паказалі яму пасведчанні.

– Падумаў спачатку, што гэта жарт, розыгрыш. Толькі пасля зразумеў, што гэта сапраўды супрацоўнікі. Адзін паказаў пастанову пракурора, дзе мяне абвінавачваюць па нейкіх жахлівых артыкулах.

Вярбіцкі прачытаў адну старонку пастановы, раззлаваўся і разарваў дакумент. Калі яго збіраліся павезці ў пастарунак, дастаў тэлефон і разбіў аб багажнік міліцэйскага аўтамабіля.

– Разбіў тэлефон, таму што прадставіўся такі выпадак. Прыехала следчая група, якая прыйшла лавіць злога тэрарыста, – тлумачыў свае дзеянні Вярбіцкі.

Міліцыянеры адвезлі Вярбіцкага ў пастарунак, зрабілі новую пастанову і вярнуліся ў Гальшаны. Там Вярбіцкі адмаўляўся адчыняць дзверы дому пакуль не прыйшоў старшыня сельвыканкама.

Дома ў абвінавачваемага следчая група знайшла порах і 23 малакаліберныя патроны. Вярбіцкі расказаў, што дом вялікі – шмат пакояў, у якіх ён не жыў, не чапаў рэчы, што засталіся пасля смерці бацькоў, і не ведае дакладна, што і дзе захоўвалася.

Порах, які знайшлі ў шафе, знаходзіўся за банкамі, ён туды не залазіў. А патроны ляжалі ў чамадане, які знаходзіўся ў канапе ў пакоі маці, куды ён вельмі рэдка заходзіў. Вярбіцкі мяркуе, што порах і патроны засталіся ад бацькі, які быў паляўнічым. Дарэчы, сам Вярбіцкі таксама быў паляўнічым, ён здаў сваю стрэльбу ў міліцыю на ўтылізацыю яшчэ ў 2019 годзе.

Судовае пасяджэнне працягнецца 10 лютага, пачатак у 10-30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства