viasna on patreon

"Я не мог стаяць на нагах, мая гаворка стала няскладнай, як і мой почырк". Працягваецца суд над Вадзімам Дзмітронкам Відэа

2021 2021-03-02T13:40:18+0300 2021-03-02T14:26:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dmitrenok_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Дзмітронак у судзе. Фота АК/Белсат

Вадзім Дзмітронак у судзе. Фота АК/Белсат

2 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнуўся крымінальны працэс над Вадзімам Дзмітронкам, якога вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымільнага кодэкса:

  • ч. 2 арт. 296 – “Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі”;
  • ч. 1 арт. 342 – “Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства”;
  • арт. 14 – “Замах на злачынства”;
  • ч. 2 арт. 293 – “Удзел у масавых беспарадках, якое выказалася ў непасрэдным здзяйсненні дзеянняў, названых у частцы 1 артыкула: гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.

Справу вядзе суддзя Таццяна Акавітая. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляе памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў.

Да гэтага ў працэсе быў дапытаны сведка Аляксандр Котаў і сам Вадзім Дзмітронак.

Чатыры артыкулы і сведка ў балаклаве. У Мінску судзяць Вадзіма Дзмітронка

Суд Цэнтральнага раёна 12 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Дзмітронка.

Пасля ў судзе быў аб’яўлены перапынак на невызначаны тэрмін праз тое, што ў сукамерніка абвінавачанага выявілі каранавірусную інфекцыю. 

Сёння на працэс не з’явіўся сведка Іваноў, бо не знаходзіцца ў горадзе.

В суд паступіла шэраг хадатайстваў ад Вадзіма Дзмітронка: зрабіць запыт у бальніцу хуткай дапамогу па сведчанні пра стан яго здароўя і час яго дастаўлення туды 15 лістапада, запатрабаваць са Следачага камітэта матэрыялы праверкі па факту нанясення абвінавачанаму цялесных пашкоджанняў і азнаёміць з вынікамі экспертызы, далучыць да матэрыялаў справы заяву пра нязгодну аб часе і месцы яго затрымання, выклікаць сведкай у працэс супрацоўніка міліцыі Іванова.

Усе хадайніцтвы былі судом задаволеныя.

У заяве, далучанай да матэрыялаў справы, адзначаецца, што абвінавачаны быў затрыманы каля 16.30 гадзін 15 лістапада, у той час як у пратаколе затрымання неправільна ўказаны час затрымання – 18.35, а таксама месца затрымання – бульвар Шаўчэнкі, 20.

Пры гэтым у пісьмовых паказаннях сведкі Іванова значыцца, што затрыманне адбылося па вуліцы Арлоўскай, што супярэчыць сведчанням іншага сведкі і пратаколу затрымання. Вадзім Дзмітронак мяркуе, што Іваноў увогуле не можа быць сведкай па справе, бо верагодна знаходзіўся ў іншай лакацыі і не мог бачыць абвінавачанага.

Падсудны патлумачыў суду, што на “Плошчу Перамен” ён прыйшоў каля 13 гадзін, каля 14 гадзін супрацоўнікі міліцыі кідалі ў людзей светла-шумавыя гранаты, вярнуўся зноў ён у двор “Плошчы Перамен” у 14.30 – стаяў у чарзе за кавай каля 15-20 хвілін, а ужо ў 15 гадзін сышоў адтуль. Пасля рухаўся па вуліцы Кахоўскай да кінатэартра “Кіеў”, у скверы знаходзіўся да 16.30 – там знайшоў пакунак з рознымі прадметамі. Пазней пайшоў у кірунку вуліцы Гая і ўбачыў супрацоўнікаў АМАП. У РУУС Цэнтральнага раёна затрыманага даставілі каля 19 гадзін.

Дакладна не можа сказаць, у які час апынуўся ў бальніцы, бо ўжо дрэнна разумеў, што адбываецца. Пасля выкліку хуткай дапамогі мужчыну адразу не адвязлі ў бальніцу, а каля гадзіны ўтрымлівалі ў пастарунку і падсоўвалі нейкія паперы для подпісу. Час ён указваў арыенціровачна, бо не меў з сабой гадзінніка.

Таксама было заяўлена і задаволена хадайніцтва аб далучэнні характарыстык на Вадзіма Дзмітронка.

Бок абвінавачвання таксама заявіў хадайніцтва – запытаць відэазапісы затрымання з відэарэгістратараў і відэа допыту падсуднага ў РУУС. Хадайніцтва было задаволена, аднак у адказе з ГУУС значылася, што відэа на відэарэгістратарах захоўваецца толькі адзін месяц і таму ў суд не можа быць прадстаўленнае. У судзе праглядзелі відэазапіс допыту ў Цэнтральным РУУС і далучылі дыск з ім да матэрыялаў справы.

Вадзім Дзмітронак патлумачыў, што яго сведчанні адрозніваюцца ў судзе ад тых, што былі адлюстраваныя ў відэадопыце, праз дрэнны фізічны стан пасля нанясення яму ўдараў супрацоўнікамі міліцыі ў розныя часткі цела і распыленне пярцовага газа з блізкай адлегласці да дастаўлення ў РУУС.

“Я не мог стаяць на нагах, мая гаворка стала няскладнай, як і мой почырк. У той момант мне хацелася, каб усё скончылася як мага хутчэй”, - сказаў Вадзім Дзмітронак.

Дадаў, што не разумеў і не мог адказваць за сваі дзеянняў, бо меў моцны боль у вобласці грудзей і адчувае яго да гэтай пары – на працягу чатырох месяцаў. Таксама ў яго кружылася галава, а вочы пасля газу не функцыянавалі – падчас допыту ён іх на адкрываў.

Перад запісам на відэа ў Вадзіма Дзмітронка адбылася размова з нейкім аператыўнікам, яму не тлумачылі права не сведчыць супраць сябе. 

Абвінавачанаму сказалі, калі ўсё будзе сказана так, як трэба – будзе толькі адміністрацыйная адказнасць. Відэазапіс быў зроблены да таго, як прыйшоў абаронца. Пасля таго, як абаронца прыйшоў, ніякіх следчых дзеянняў не адбывалася ў сувязі са станам здароўя - мужчыну даставілі ў бальніцу. 

У судзе быў аб’яўлены перапынак для забеспячэння яўкі сведкі Іванова і падрыхтоўкі да спрэчак да 11.15 гадзін 15 сакавіка.

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства