viasna on patreon

Чатыры артыкулы і сведка ў балаклаве. У Мінску судзяць Вадзіма Дзмітронка Дапоўнена

2021 2021-01-12T15:31:20+0300 2021-01-14T00:40:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dmitrenok_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Дзмітронак у залі суда. Фота spring96.org

Вадзім Дзмітронак у залі суда. Фота spring96.org

Суд Цэнтральнага раёна 12 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Дзмітронка. 43-гадовага мужчыну вінавацяць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 2 арт. 296 – “Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі”;
  • ч. 1 арт. 342 – “Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства”;
  • арт. 14 – “Замах на злачынства”;
  • ч. 2 арт. 293 – “Удзел у масавых беспарадках, якое выказалася ў непасрэдным здзяйсненні дзеянняў, названых у частцы 1 артыкула: гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.

Справу вядзе суддзя Таццяна Акавітая. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляе памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў.

Суд забараніў праводзіць фота- і відэаздымку працэса.

Вадзім Дзмітронак быў затрыманы 15 лістапада 2020 года, да гэтага прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасціі, раней не быў судзімы. Пры затрыманні быў моцна збіты, пасля быў дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, драпінамі, ударамі і іншымі траўмамі. 

У чым абвінавачваюць Вадзіма Дзмітронка? 

Паводле абвінавачвання, 15 лістапада па месцы свайго жыхарства і ў іншых месцах у мэтах выканання публічных заклікаў да спланаваных масавых беспарадкаў на тэрыторыі Мінска, размешчаных у тым ліку ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, у мэтах далейшага прымянення і выкарыстання ў масавых беспарадках вырабіў самаробным спосабам дубінку, паклаў яе ў заплечнік, пасля чаго прыбыў да дома 57 па вул. Чарвякова ў Мінску, дзе меў намер выкарыстоўваць дубінку, аднак не давёў свой намер да канца па абставінах, якія не залежаць ад яго, паколькі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Ён жа ў мэтах выканання публічных заклікаў да актыўных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, прыняў удзел у незаконным масавым мерапрыемстве для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і пратэсту, выказвання свайго стаўлення да падзей грамадска-палітычнага жыцця, вядзення актыўнай агітацыі, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне, наўмысна па матывах палітычнай, ідэалагічнай барацьбы, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь і рознымі палітычнымі поглядамі, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У прыватнасці, днём 15 лістапада Вадзім Дзмітронак, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асобаў, парушаючы правілы дарожнага руху, выйшаў на праезную частку вул. Чарвякова, дзе, наўмысна заступаючы шлях аўтамабілям, публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, выкарыстаў незарэгістраваныя сцягі, чым парушыў спакой і правы іншых грамадзянаў, у тым ліку працу транспарту ў горадзе Мінску.

Ён жа ў мэтах выканання вулічных заклікаў да масавых беспарадках, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, падпалах, знішчэнні маёмасці і ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады загадзя спланаваных на тэрыторыі горада 9 жніўня і ў наступныя дні, будучы дасведчаным з розных крыніцаў аб планаванні здзяйснення названых дзеянняў, вырабіў дубінку, піратэхнічныя вырабы цыліндрычнай формы, набыў ручную дымавую гранату, складаны нож, рагатку і металічныя шарыкі, запальнічку, склаў названыя прадметы ў заплечнік, прыбыў на вул.Чарвякова і меў намер выкарыстоўваць іх падчас удзелу ў масавых беспарадках, але быў затрыманы па вул. Шаўчэнкі супрацоўнікамі АУС.

На думку абвінавачвання, віна падсуднага пацвярджаецца паказаннямі сведак, пісьмовымі матэрыяламі справы і рэчавымі доказамі. 

Вадзім Дзмітронак сваю віну па ч. 2 арт. 296 не прызнаў, па ч. 1 арт. 342 прызнаў часткова - не адмаўляе знаходжанне на месцы падзей, па арт. 14 і ч. 2 арт. 293 не прызнаў.

Пра што казаў засакрэчаны сведка ў балаклаве? 

Сведка - старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБАЗ Котаў Аляксандр Аляксандравіч - быў скрыты ў мэтах бяспекі, у судзе ён выступаў у балаклаве і шапцы. Ён распавёў, што 15 лістапада быў на месцы падзей у форменай вопратцы чорнага колеру з нашыўкамі міліцыя і МУС. Па вул. Чарвякова прысутнічала група грамадзянаў у колькасці 1000-1500 чалавек, якія агрэсіўна сябе паводзілі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, блакавалі рух аўтатраспарту. Міліцыянеры нібыта неаднаразова папярэджвалі грамадзянаў пра недапушчальнасць удзелу ў масавым мерапрыемстве і неабходнасць разыйсціся, але людзі ніяк не рэагавалі. Людзі былі з незарэгістраванай сімволікай, выкрыквалі лозунгі, абражалі супрацоўнікаў, кідалі ў іх камяні і іншыя падручныя прадметы. Адзначыў, што грамадзяне патрабавалі ад міліцыянераў апусціць зброю, хаця, па словах сведкі, зброю яны не даставалі, але мелі пры сябе. 

Паводле паказанняў, падсудны быў у ліку найбольш актыўных грамадзянаў, вылучаўся ваеннай вопраткай: зялёная куртка, тактычныя штаны, чорныя берцы, заплечнік. Таксама ў Вадзіма Дзмітронка была сівая барада, якая выступала з-пад маскі.

Праз некаторы час супрацоўнікам міліцыі была дана каманда падыйсці бліжэй да пратэстоўцаў і вызваліць праездную частку ад іх, першыя шэрагі, у тым ліку і падсудны, пачалі хутка сыходзіць з месца падзей, хаваючыся альбо ў глыбіні натоўпу, альбо ў дварах. Калі пратэстоўцы пакінулі праездную частку, супрацоўнікі міліцыі таксама сышлі, а сведка са сваім падраздзяленнем паехаў на вул. Арлоўскую, каб там сачыць за грамадскім парадкам. Пры пераездзе з вуліцы Арлоўскай на бульвар Шаўчэнкі быў заўважаны ў тым ліку падсудны, было прынятае рашэнне пра неабходнасць затрымаць яго для ўстанаўлення яго асобы і дагляду яго рэчаў. Сам сведка прымаў удзел у затрыманні Вадзіма Дзмітронка.

Па яго словам, калі падсудны заўважыў спецтранспарт, ён пачаў збягаць. Супрацоўнікі выскачылі з машыны, нібыта неаднаразова і гучна патрабавалі спыніцца і паказаць дакументы, але Вадзім Дзмітранок не выканаў патрабаванні. Тады міліцыянеры яго дагналі, затрымалі і даставілі ў ГУБАЗ. Пры гэтым падсудны нават пасля затрымання спрабаваў вырвацца і збегчы, да яго былі прымененыя спецсродкі. Якія менавіта дзеянні здзяйсняў Дзмітронак, каб пазбегнуць затрымання, і якія спецсродкі ўжываліся да яго - сведка не памятае.

Па інфармацыі сведкі, у яго заплечніку былі знойдзеныя дымавыя шашкі, узрыўпакет, металічныя падшыпнікі, рагатка, шланг, які быў ператвораны ў дубінку, газавая гарэлка, нож і іншыя прадметы.

dmitrenok_sud1.jpg
Знойдзеныя рэчы ў заплечніку падсуднага. Скрыншот з відэа

Супрацоўнік ГУБАЗ знаходзіўся ўвесь час з затрыманым ад моманту затрымання да перадачы яго ўпаўнаважаным органам, пры гэтым ён на службовы мабільны тэлефон здымаў асабістыя рэчы Дзмітронка, калі тыя вымаліся, а пазней прадъявіў відэазапісы следчаму. Па словах сведкі, асабістыя рэчы затрыманага вымаліся пры асабістым вобшуку ў будынку ГУБАЗу, але ён нібыта не памятае, ці праводзіўся агляд рэчаў у месцы яго затрымання.

Вадзім Дзмітронак запытаўся ў сведкі, чаму знойдзеныя пры ім прадметы, якія па меркаванні Котава маюць высокую паражаючую здольнасць, прымяняліся супраць яго пры затрыманні. Сведка сцвярджаў, што ні ён, ні іншыя супрацоўнікі не прымянялі да затрыманага вынятыя ў яго рэчы. 

Адзін са сведкаў у суд не з'явіўся па прычыне адпачынку. Дзяржабвінаваўца прасіў далучыць да справы яго пісьмовыя паказанні. Абаронца выказалася супраць. А суддзя вырашыць гэтае хадайніцтва па выніках даследвання доказаў, якія ўжо маюцца ў справе. 

Пасля гэтага суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Былі даследаваны відэазапісы, а таксама мабільны тэлефон падсуднага.

Абаронца хадайнічала аб далучэнні да матэрыялаў некалькіх станоўчых характарыстык яе падаабароннага, а таксама інфармацыйны ліст з падзякай. Суд хадайніцтва задаволіў.

"Дагналі, збілі з ног, ударылі ў вобласць галавы, рукі зацягнулі за спіной сцяжкамі". Што распавёў абвінавачаны?

Пасля перапынку суд перайшоў да допыту самаго Вадзіма Дзмітронка. 

15 лістапада падсудны паехаў на сваім аўтамабілі да ГЦ «МОМО» па Партызанскім праспекце, пакінуў машыну на паркоўцы. Потым на метро даехаў да двара "Плошчы Пераменаў" на вул. Чарвякова, каб паглядзець і даведацца, што там адбываецца. Падсудны ведаў, што там за некалькі дзён да гэтага забілі чалавека - Рамана Бандарэнку, але ён не думаў, што там будуць сілавыя структуры.

Там ён бачыў людзей, якія стаялі, размаўлялі, хадзілі, была арганізавана кава-кропка, людзі проста размаўлялі, ніхто ніякія лозунгі не выкрыкваў, але пазней пляскалі ў далоні.

Суддзя спытала, адкуль Вадзім Дзмітранок даведаўся, дзе знаходзіцца "Плошча Пераменаў" і ў сувязі з чым яна створаная. Падсудны сказаў, што са СМІ, якіх у нас шмат – TUT.BY, Onliner і іншыя.

Пазней Вадзім Дзмітронак хацеў прайсці на вуліцу Арлоўскую, але дарога была перакрытая супрацоўнікамі міліцыі ў форме, балаклавах і са зброяй. Пазней яны занялі вуліцу Чарвякова і ўжылі святло-шумавыя гранаты ў дачыненні да людзей, якія стаялі каля крамы «Гіпа». Пры гэтым падсудны сцвярджаў, што людзі стаялі ля крамы і не маглі выйсці на праезную частку, якая была перакрытая спецтранспартам яшчэ па вул. Арлоўскай.

Пасля гэтага Вадзім Дзмітронак вярнуўся ў двор папіць кавы, каб прыйсці ў сябе пасля прымянення міліцыяй святло-шумавых гранат. Праз некаторы час ён вырашыў сыходзіць, пайшоў у сквер каля кінатэатра "Кіеў", сеў на лаўку ў скверы і працягваў назіраць. Знайшоў на лаўцы чыйсьці пакет, дзе была дубінка, металічныя шарыкі і рагатка, чакаў, што знойдзецца гаспадар. Пазней узяў пакет, пераклаў рэчы адтуль у заплечнік і стаў сыходзіць. Хацеў пазней зразумець і вывучыць іх, не ведаў, што прадметы гэтыя ўяўляюць небяспеку.

У яго заплечніку былі петарды, газавая гарэлка, нож, маска і іншыя рэчы, пазней канфіскаваныя супрацоўнікамі міліцыі. Ён патлумачыў, што проста ўзяў з сабой заплечнік, у якім "заўсёды куча рознага барахла". Таксама растлумачыў, што з'яўляецца членам Асацыяцыі страйкбол, таму заўсёды ёсць нейкія петарды, іншыя прадметы для гульні. Ён не збіраўся выкарыстаць прадметы, якія знаходзіліся ў заплечніку, калі быў на вул. Чарвякова.

Падсудны пайшоў дварамі і збіраўся накіравацца дадому, але на яго выбегла каля 4-5 чалавек у спартыўных касцюмах і красоўках, зялёных разгрузных бронекамізэльках і касках, сталі крычаць "Стой, заб'ю!", таксама выкарыстоўвалі нецэнзурную лексіку. Вадзім Дзмітронак кажа, што "ногі самі пабеглі". Ён не быў упэўнены, што гэтыя людзі былі супрацоўнікамі сілавых структур.

"Мяне дагналі, збілі з ног, ударылі ў вобласць галавы, рукі зацягнулі за спіной сцяжкамі, пасля гэтага агледзелі заплечнік, пры гэтым выказваючыся нецэнзурна, і затым адвялі ў мікрааўтобус".

Потым затрыманага кудысьці павезлі, праз некаторы час - вывелі са спецтранспарту і залілі вочы газам з балончыка, зноў завялі ў машыну, адвезлі да нейкага будынка, вывелі і паставілі на калені, тварам у зямлю, ужылі чатыры разы рагатку па мяккіх частках цела, потым нанеслі некалькі ўдараў дубінкай, у руку ўклалі петарду. Пасля гэтага зноў завялі ў машыну і адвезлі ў ГУБАЗ.

dmitrenok_sud2.jpg
Скрыншот з аператыўнай відэаздымкі, дзе бачна, што Вадзім Дзмітронак не можа адкрыць вочы

Падсудны сцвярджае, што быў абуты не ў берцы, а боты, апрануты ў зялёныя штаны, куртку, якія не з'яўляюцца тактычным адзеннем. Таксама на ім была матацыклетная маска - суцэльна пашытая "труба", якая абараняе шыю і грудзі, таму сцвярджэнні сведкі аб тым, што была бачная барада – галаслоўныя. Што тычыцца бел-чырвона-белага сцяга, які фігураваў у канфіскаваных рэчах - то ён не яго: гэтым сцягам супрацоўнікі міліцыі выціралі кроў і фізіялагічныя вадкасці з твару падсуднага, а таксама паверхні ў машыне пасля яго затрымання.

Таксама Вадзім Дзмітронак казаў, што не выходзіў на праезную частку, не выкрыкваў лозунгі, як раней сведчыў Котаў, бо ён кажа ціха, а калі будзе крычаць - то сарве голас. Па якой прычыне Котаў яго агаварыў, ён не ведае - "ён дарослы чалавек, магчыма, у яго былі прычыны".

Ад супрацоўнікаў міліцыі ён не чуў патрабаванняў аб неабходнасці разысціся, затрыманняў іншых удзельнікаў не бачыў.

У абвешчанай перапісцы з матэрыялаў справы гаварылася пра тое, што падсудны быў гатовы падвесці палатку, "пенку", шланг, "гаручку". Ён патлумачыў гэта тым, што быў гатовы дапамагчы і прывезці пералічаныя прадметы ў двор «Плошчы Пераменаў», калі там неабходна будзе дзяжурыць пасля смерці Рамана Бандарэнкі – ахоўваць кветкі, якія там былі ўскладзеныя.

Працяг пасяджэння адбудзецца 14 студзеня ў 10.15. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства