Справа таксіста Лапы: нарэшце дапыталі апошняга пацярпелага амапаўца Дапоўнена
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 19 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Гэта адзін з самых працяглых судоў па крымінальнай справе па артыкуле 364 за апошні час, суд распачаўся яшчэ 5 лістапада і доўжыцца тры з паловай месяцы.
У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу - Арцём Логіш і Павел Конан.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца - пракурор Георгій Смольскі.
Маніторынг судовага пасяджэння ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель.
Перапынак ад 24 снежня мінулага года быў абумоўлены неабходнасцю правядзення экспертызы відэазапісу інцыдэнта.
Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.
Нарэшце ў судзе з’явіўся апошні з пацярпелых – амапавец Павел Конан.
Суддзя ўдакладняе ў яго некаторыя пытанні па здарэнні, пытаецца пра ягоныя дзеянні.
- Я падышоў да таксі Лапы, тузануў дзверы, але яны была зачыненыя, ці была адкрытая фортачка - не памятаю. Таксі паехала, я закрычаў: “Стой, міліцыя!”, а машына ўсё адно паехала. Я спрабаваў адкрыць дзверы праз фортку задніх дзвярэй, прасунуў руку, не змог адкрыць і ўпаў ад штуршка машыны. Хто кіраваў аўтамабілем – не бачыў. Кіроўца мяне таксама не бачыў, ён на мяне не глядзеў.
Суддзя прапанавала для больш дакладнага даследавання прагледзець відэа, прадстаўленае абаронай.
Адвакат, каб ліквідаваць супярэчнасці, зачытвае пратакол допыту Конана ад 12 жніўня 2020 года:
“Я і калегі крыкнуў “Стой, міліцыя!”. Я пабег за таксі, прасунуў руку, і другой рукой схапіўся за ручку дзвярэй…
Адвакат удакладняе, што Конан упаў не ад штуршка, а з-за вісення на ручцы дзверцы.
- Я трымаўся за ручку. У тым пратаколе, я казаў, што спрабаваў вісець, трымаючыся звонку за ручку. Але выразна не памятаю, што левай рукой трымаўся.
Суддзя: "Дык ад чаго вы ўпалі ўсё ж такі - ад штуршка кузава аўтамабіля?
- Я няправільна выказаўся ў тых пратаколах, што схапіўшыся за шкло - павіс на ім вагой цела.
Судовае следства па справе завершана скончана.
Дарэчы, аўтобус МАЗ сіняга колеру прывёз на працэсы па Ігару Лазавіку і Аляксею Лапо 7 амапаўцаў, у цывільным, якія прысутнічалі ў зале на абодвух працэсах і дапускалі недарэчныя рэплікі з месцаў і падказкі сведкам.
Абвешчаны перапынак да 14-10 22 лютага.