Пракурор запрасіў тэрміны абвінавачаным па справе аб "кактэйлях Молатава" ў Гомелі: ад 6 да 8 гадоў Дапоўнена
У Гомелі працягваецца суд над Леанідам Кавалёвым, Дзмітрыем Карнеевым і Мікітам Залатаровым, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў тым, што яны 10 жніўня ў цэнтры горада кідалі "кактэйлі Молатава". Як паведамляе TUT.BY, сёння дзяржабвінаваўца агучыў тэрміны, якія, на думку пракуратуры, неабходна прызначыць абвінавачаным у якасці пакарання.
Вядзе працэс суддзя Дзмітрый Дзябой. Бок абвінавачвання прадстаўляе старшы памочнік пракурора Гомеля Яўген Фартушняк. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя кантрактнікі ўнутраных войскаў Аляксей Канаваленка і Яўген Раманькоў.
Пракурор у спрэчках перакваліфікаваў абвінавачванне Леаніду Кавалёву з ч. 1 арт. 293 КК "арганізацыя масавых беспарадкаў" на ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК "Падрыхтоўка да ўдзелу да масавых беспарадкаў" — і папрасіў прызначыць Кавалёву 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
У дачыненні да іншых абвінавачаных перакваліфікавана абвінавачванне таксама — з удзелу ў масавых беспарадках на падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Для Дзмітрыя Карнеева дзяржабвінаваўца папрасіў 8 гадоў пазбаўлення волі калоніі строгага рэжыму.
Непаўналетняму Мікіту Залатарову — 6 гадоў выхаваўчай калоніі.
Як пішуць naviny.by, адвакат Залатарова Сяргей Красноў заявіў у судзе, што крымінальная справа будуецца толькі на здагадках, а не фактах.
"Сёння пракурор у выступе менавіта выказваў здагадкі ў дачыненні да майго падабароннага. Ніводнага прамога доказу не прыведзена, толькі "можа так, а можа так". Ён — падлетак, трапіў у міліцыю, адтуль паехаў у рэанімацыю! Што адбылося ў Чыгуначным РАУС, можна толькі меркаваць... Залатароў сцвярджаў, што яго збівалі ў міліцыі. Мы пісалі скаргу, але, натуральна, не знайшлі складу злачынства. Два супрацоўнікі міліцыі, папярэджаныя аб адказнасці за дачу ілжывых паказанняў, выразна апазнаюць Залатарова як таго, хто кідаў у іх бутэльку. На следстве і судзе аказалася, што кідаў бутэльку Карнееў. Міліцыянты кажуць: "Ну апазналіся, нічога страшнага"... Ёсць здагадка, што была другая бутэлька з "кактэйлем Молатава" і яе нёс Залатароў. Але гэта толькі здагадка. Але бутэлька — не зброя. Для зброі патрэбная экспертыза. А на падставе здагадкі для майго падабароннага просяць такое суровае пакаранне!" — сказаў адвакат.
Ён папрасіў апраўдаць Залатарова, бо прысуд не можа будавацца на здагадках.
У сваю чаргу адвакат Кавалёва Ганна Паўлюк лічыць, што не былі здабытыя доказы таго, што менавіта ён вырабіў і прывёз у цэнтр горада "кактэйлі Молатава". Яна заўважыла, што ў дзеяннях яе падабароннага няма складу злачынства па артыкуле 293 КК (масавыя беспарадкі), і што ніхто не пацярпеў ад яго дзеянняў. Яна лічыць, што Кавалёў падлягае апраўданню, бо прысуд не можа будавацца на здагадках.
Адвакат трэцяга фігуранта — Карнеева — мяркуе, што ў ягоных дзеяннях няма складу злачынства, такога, як масавыя беспарадкі, спалучаныя з падпаламі, пагромамі, узброеным супрацівам.
"На відэа з праспекта Леніна мы не бачылі вялікага натоўпу людзей, ніхто не выходзіў на праезную частку, людзі спыняюцца на чырвонае святло... Якое было ўзброенае супраціўленне прадстаўнікам улады? Што Карнееў з абвінавачанымі ўбачылі? Бягуць супрацоўнікі, ці не супрацоўнікі, нейкія людзі ў чорным, і яны ўцякаюць. Тым больш супрацоўнікі не выказвалі ніякіх патрабаванняў, выскачылі з машыны, ніхто не прадставіўся", — звярнула ўвагу адвакат.
Дзмітрый Карнееў у апошнім слове заявіў, што хоць раней і судзімы, але не здзяйсняў цяжкіх злачынстваў.
"Была справа — краў, не адмаўляю. Прызнаюся, я знаходзіўся 10 жніўня ў натоўпе. Можа, па сваёй юрыдычнай непісьменнасці вінаваты. Я, калі мяне затрымалі, нават не ведаў, што трэба падаваць заяўку на мітынг. У мяне няма непрыязнасці да міліцыі. Злачынства я не прызнаю. Мяне тут выстаўляюць радыкальным апазіцыянерам... Нядаўна Аляксандр Рыгоравіч сказаў за міліцыю усім "адсякаць рукі на месцы". Лічыце вінаватым — вядзіце на плаху і пакарайце смерцю".
Залатароў таксама паведаміў суду, што "сваёй віны не бачыць, ніякага злачынства не зрабіў".
Нагадаем, 28-гадовага Леаніда Кавалёва, 16-гадовага Мікіту Залатарова і 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева абвінавачваюць у незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках, а Кавалёва — яшчэ і ў іх арганізацыі і ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Паводле папярэдняй версіі следства, Кавалёў вырабіў два "кактэйлі Молатава", перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэстных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго злачыннага плана — 25-гадовага жыхара Добруша Карнеева і 16-гадовага Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым "кактэйлі Молатава" для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак. На шляху маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і кінулі "кактэйлі" ў іх бок. Шкляная бутэлька ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт. Карнееў і Залатароў ўцяклі — іх затрымалі пазней. А Кавалёва ў гэты ж вечар.
Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызнаюць. Карнееў прызнае часткова.
Што адбываецца на судзе па справе Гомельскай тройкі?
У Гомелі за два "кактэйлі Молатава" судзяць трох чалавек