viasna on patreon

Што адбываецца на судзе па справе Гомельскай тройкі? Дапоўнена

2021 2021-01-19T16:56:19+0300 2021-02-22T15:34:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_gomel_19.01.21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Карнееў выступае ў судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Дзмітрый Карнееў выступае ў судзе. Фота "Гомельская Вясна"

19 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёна г. Гомеля працягваецца судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да 16-гадовага Мікіты Залатарова, 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева і 28-гадовага Леаніда Кавалёва.

Нагадаем, усіх траіх вінавацяць за падзеі 10 жніўня па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 

  • 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); 
  • 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў); 
  • 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Леаніда Кавалёва да таго ж вінавацяць і па артыкуле172 Крымінальнага кодэкса (уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства). Учора ён даў сваі паказанні ў судзе.

Вядзе працэс суддзя Дзмітрый Дзябой. Бок абвінавачвання прадстаўляе старшы памочнік пракурора Гомеля Яўген Фартушняк. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя кантрактнікі ўнутраных войскаў Аляксей Канаваленка і Яўген Раманькоў.

У Гомелі за два "кактэйлі Молатава" судзяць трох чалавек

Як піша Флагшток, паводле версіі следства, жыхар Гомельскага раёна Леанід Кавалёў планаваў правакацыю падчас масавых пратэстаў 10 жніўня. Ён вырабіў два "кактэйлі Молатава" і падгаварыў жыхара Добруша Дзмітрыя Карнеева і гамяльчаніна Мікіту Залатарова кінуць іх, каб зняць гэта на відэа для раскруткі свайго пабліка Укантакце.

На сённяшнім пасяджэнні былі апытаныя Дзмітрый Карнееў і Мікіта Залатароў. Гэты суд адсочвае "Гомельская Вясна". 

Абвінавачаны Дзмітрый Карнееў у працэсе кажа, што Мікіту Залатарова і Леаніда Кавалёва раней не ведаў, знаёмы не быў. Калі адключылі інтэрнэт па ўсёй краіне, даведаўся, што будуць мітынгі ў Гомлі. Паехаў туды 9 жніўня ў 19.00, накіраваўся на плошчу Паўстання. Там ужо было шмат людзей, міліцыі.

У 21.00 спецназаўцы сталі цясніць людзей, выганяць з плошчы. Ён апынуўся на “Камінтэрне”. Каб не “трапіць пад замес” Дзмітрый Карнееў стаяў наводдаль ад людзей. Да яго падыйшоў Мікіта Залатароў, папрасіў падпаліць цыгарэту, стаў распытваць пра падзеі. Пазней з’явіўся Леанід Кавалёў, сказаў, што ён адміністратар пабліку “ЧПГомель”, хоча зняць навіну.

АМАП з’явіўся, усе пайшлі на “Ферму”. Кавалёў прапанаваў зайсці ў двор, папаліць.

“Леанід прапанаваў нешта падпаліць, намякнуў нам нешта падпаліць бескрыўднае, каб зняць і “заліць” у інтэрнэт. Мы пагадзіліся. Потым Леанід знік і вярнуўся з пакункам, дастаў дзве бутэлькі з палівам – “кактэйль Молатава”.

Усе трое пайшлі на праспект Леніна. Залатароў і Карнееў узялі ад Кавалёва дзве пляшкі і пачалі шукаць месца без людзей, каб не нашкодзіць людзям. Пасля Кавалёў папрасіў пайсці ў бок вакзала, па дарозе шукалі куды кінуць "кактэйлі". Леанід Кавалёў сказаў, што было б добра кінуць у міліцэйскую газэль, даішную машыну ці аўтазак.

Калі яны прыйшлі на вакзал, Кавалёў адлучыўся. Карнееў у гэты момант прапанаваў Мікіце Залатарову пабяжаць у двор і выкінуць пляшкі. Карнееў дастаў пляшкі, хацеў выкінуць, але Кавалёў выказаў шкадаванне, што падпала не будзе. Тут з’явіліся спецназаўцы і пабеглі за імі і іншымі людзьмі. Каб выйграць час і не даць сябе дагнаць, адцягнуць іх увагу Карнееў вырашыў у іх бок кінуць пляшку, а сам уцёк.

Дзмітрый Карнееў кажа, што карысці ад падпалу не меў, хацеў дапамагчы зняць відэа. Раскаіваецца, што пагадзіўся ўзяць пляшку і кінуў яе.

Падсудны сцвярджае, што Кавалёву патрэбны быў радыкальны апазіцыянер, які кідае “кактэйлі”, каб у інтэрнэце атрымаць лайкі, каментыры, расшары.

Мікіта Залатароў адмаўляецца даваць паказанні, карыстаючыся сваім правам не сведчыць супраць сябе.

sud_gomel_18.01.21.jpg
Мікіта Залатароў і Дзмітрый Карнееў у судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Пасля гэтага суд перайшоў да апытання пацярпелых

Пацярпелы супрацоўнік міліцыі Яўген Раманькоў распавёў, што ехаў з калегамі на міліцэйскай ГАЗэлі, заўважылі чатырох чалавек, які перабягалі дарогу каля вакзала. У міліцыянераў была ўстаноўка звяртаць увагу на людзей з капюшонамі і заплечнікамі. Спецназаўцы выбеглі з аўтатранспарту, і Яўген Раманькоў бачыў, што ў метры ад яго ўпала пляшка, ён нават не зразумеў, што гэта было. Пачаў даганяць, напэўна, Дзмітрыя Карнеева, але ў экіпіроўцы дагнаць яго не змог, вярнуўся назад. Тады ён убачыў Леаніда Кавалёва, які сказаў, што Карнееў і Залатароў былі з бутэлькамі і параіў іх даганяць. Міліцыянты затрымалі Кавалёва і прагледзелі ягоныя рэчы. Пятно ад бутэлькі было вялікіх памераў: ён паведаміў кіраўніцтву, што бутэлька была “кактэйлем Молатава”  

Яўген Раманькоў падкрэсліў, што не паспеў спужацца пляшкі, якая ўпала і разбілася, і не прыдаў ёй значэнне. Яму гэтая пляшка шкоды не нанесла.

Другі пацярпелы Аляксей Канаваленка адзначыў, што адчуў рэзкі пах бензіну, калі бутэлька разбілася аб асфальт. Ён не вельмі добра памятае дэталі падзей 10 жніўня, але мяркуе, што кактэйль быў кінуты ў яго і Раманькова прыцэльна.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца ў панядзелак - 25 студзеня ў 10:30.

Як пішуць "Сильные новости", да пачатку судовага пасяджэння 16-гадовы Мікіта Залатароў звярнуўся да бацькі і сказаў: 

"Тата, хай адвакат напіша скаргу. 29 снежня супрацоўнікі СІЗА збілі мяне з ужываннем электрашокера. Я хацеў паскардзіцца аператыўнаму супрацоўніку, але гэта бессэнсоўна. І яшчэ: я пішу лісты людзям, але яны іх не атрымліваюць. Напэўна, іх не адпраўляюць".

Дзмітрый Карнееў дадаў: 

"Я ўвесь час трапляю ў карцэр. У СІЗА такі падыход. Калі толькі спрабуеш заявіць аб сваіх правах — адразу караюць».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства