"Камяні ў нас кідалі як па камандзе": што кажуць міліцыянты ў судзе па сутыкненнях у Брэсце 10 жніўня
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 17 лютага працягваецца працэс па абвінавачванні дзевяці чалавек у актыўным удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня на вуліцах абласнога цэнтра. На лаве падсудных — адразу дзевяць чалавек: бацька і сын, таксіст, студэнт, школьнік і іншыя. Справу разглядае суддзя Вера Філонік. Сёння ўжо трэцяе судовае разбіральніцтва па гэтай справе. Як перадаюць валанцёры брэсцкай "Вясны", напачатку судовага паседжання спатрэбілася медыцынская дапамога палітзняволенаму 37-гадоваму таксісту Цімуру Рызапуру, таму што яму падчас этапавання на суд моцна перажалі рукі кайданкамі. У судзе па гэтай прычыне абвясцілі перапынак на паўгадзіны, а ягоная жонка Алена напісала дзве скаргі з гэтай нагоды.
Каго судзяць?
На лаве падсудных — 9 чалавек, семь з якіх утрымліваюцца пад вартай у брэсцкім СІЗА-7:
- палітвязні Ягор і Віталь Пракапчукі
- палітвязень Цімур Рызапур
- палітвязень Ілля Мігно
- палітвязень Сяргей Крыўчэня
- Сяргей Гацкевіч (11-класнік адной з брэсцкіх школ)
- Сяргей Салоха (30-гадовы ўладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі па вырошчванні маліны і трускаўкі ў Драгічынскім раёне)
- Дзяніс Хазей (непаўнагадовы другакурснік каледжа ў Высокім)
Двое з фігурантаў справы — непаўналетнія, да суда яны знаходзіліся пад наглядам. У судзе прысутнічалі іх маці, а таксама педагог.
Віну цалкам не прызнаў ніхто. Большасць прызнаюць сябе вінаватымі часткова: "прысутнічаў, удзельнічаў, але нікому не прычыняў гвалту, пагромаў не здзяйсняў".
Больш за 20 пацярпелых міліцыянтаў. У Брэсце за масавыя беспарадкі 10 жніўня судзяць адразу дзевяць чалавек
Што на судзе кажуць пацярепелыя супрацоўнікі міліцыі?
Усім у віну ставяцца пагромы, псаванне маёмасці і гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Як піша "Першы рэгіён", у аўторак паказанні давалі пацярпелыя.
Усяго былі дапытаныя каля трыццаці супрацоўнікаў міліцыі. Усе яны казалі прыкладна адно і тое ж: пратэстоўцы кідалі ў іх камяні, палкі, бутэлькі, тратуарную плітку, іншыя прадметы. Паводзілі сябе агрэсіўна, лаяліся, прапаноўвалі апусціць шчыты і перайсці на бок народа. Некаторых міліцыянтаў закідалі банкамі з фарбай ці... са смятанай. Ніхто з іх, мяркуючы па расказах, сур'ёзна не пацярпеў.
"Увечары 10 жніўня я нёс службу ў раёне вуліцы Леніна. Каля 21 гадзіны нам паступіла каманда высунуцца ў раён скрыжавання Машэрава і бульвараў. Задача была ў тым, што адціснуць агрэсіўны натоўп у бок кобрынскага моста, што мы і зрабілі. У мяне ляцела шмат прадметаў. Адна палка трапіла мне ў плячо, некалькі камянёў патрапілі ў мяне, выратавала бронекамізэлька. Яшчэ некалькі ўдараў давялося ў ахоўны шлем, ад чаго ён пашкодзіўся", – распавёў у судзе пацярпелы Каліноўскі.
На пытанне пракурора, ці былі дзеянні пратэстоўцаў узгодненымі, хто-небудзь іх каардынаваў, ці яны дзейнічалі хаатычна, ён адказаў:
"Так, іх каардынавалі. Такую выснову я зрабіў на падставе таго, што камяні і іншыя прадметы яны кідалі арганізавана, як быццам па камандзе. А некалькі чалавек нешта паказвалі жэстамі".
Падобныя адказы давалі і іншыя пацярпелыя. Па іх словах, натоўп на праезнай частцы паводзіў сябе агрэсіўна, нецэнзурна выказваўся. А людзі, якія сабраліся на ходніках, былі настроеныя больш мірна, заклікаючы і натоўп, і міліцыянтаў не звяртацца да сутыкненняў. Ніхто з пацярпелых не сказаў, што прызнае ў кім-небудзь з абвінавачаных чалавека, які кідаў у яго прадметы.
Пацярпелы Крэнь распавёў:
"Мы з двума калегамі прыехалі ў раён вуліцы Нафтавай на УАЗе, каб разабрацца, што там адбываецца і арганізаваць ахову грамадскага парадку. На пад'ездзе да праспекта Машэрава патрапілі ў корак. Ззаду адчуў, як хтосьці ўдарыў у машыну якімі-небудзь прадметам. Я выйшаў, каб паглядзець. І ў гэты момант на аўтамабіль абрынуўся град камянёў. Яе натоўп пачаў разгойдваць.
Я ўслед за камандзірам хутка схапіўся і спрабаваў сесці ў машыну. Мы мелі намер з'ехаць у больш бяспечнае месца. Але мяне нехта ўтрымліваў за руку. У УАЗ у гэты час працягвалі ляцець камяні і іншыя прадметы. У ім апынуліся разбітыя шыбы. У наш адрас сыпаліся пагрозы і нецэнзурная лаянка. Нам усё ж удалося з'ехаць. Потым я ўбачыў, што пры мне няма рацыі. Яе мне вярнулі праз дзень у Следчым камітэце. Дзе яе выявілі, мне невядома".
Сярод пацярпелых быў і адзін грамадзянскі, звычайны берасцеец па прозвішчы Саўчук, які вяртаўся дадому з гасцей, разам з жонкай і шасцімесячным дзіцем. Яго версія інцыдэнту з УАЗам, падчас якога пацярпеў яго асабісты аўтамабіль, некалькі адрозніваецца:
"Нам трэба было дабрацца на ўсход з вуліцы Папаніна. Мы хацелі выехаць на Гогаля, затым на Машэрава. Але на Гогаля нас загарнуў экіпаж ДАІ, яны сказалі, што рух перакрыты, і накіравалі нас праз нафтавую.
Там, каля «Альтаір», мы ўперліся ў міліцэйскі УАЗ. Я бачыў, як натоўп спрабуе ўцягнуць супрацоўніка міліцыі ў машыну, абвінавачваючы яго ў тым, што ён хацеў кагосьці затрымаць. Пасля таго, як я пачуў хлапок, з высокай доляй верагоднасці гэта была шумавая граната, убачыў, як у бок "Альтаір" бегла шмат людзей, відавочна, у шокавым стане. Было відаць, што ім вельмі страшна.
Мой аўтамабіль быў акружаны гэтымі людзьмі (пратэстоўцамі – рэд.), якія, мабыць, спрабавалі, адбіць кагосьці ад міліцыі. Дзверы УАЗа то адчыняліся, то зачыняліся. Калі міліцыянта ўсё ж запіхнулі ў "Бобік", у яго (аўтамабіль УАЗ – рэд.) паляцелі камяні, адзін з якіх, мабыць, зрыкашэціў і стукнуўся ў левую дзверы маёй машыны, ад чаго яна атрымала пашкоджанні. Я вельмі спалохаўся за сваю сям'ю, рэзка націснуў на газ і мы змаглі з'ехаць".
Па словах пацярпелага, ён не збіраецца вылучаць прэтэнзіі ні да каго з абвінавачаных, па меншай меры, калі ў судзе не будзе даказаная віна каго-небудзь з іх у пашкоджанні яго машыны.
«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?