Больш за 20 пацярпелых міліцыянтаў. У Брэсце за масавыя беспарадкі 10 жніўня судзяць адразу дзевяць чалавек Дапоўнена
Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся разгляд крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадаках) за выбарчыя пратэсты 10 жніўня. На лаве падсудных — адразу дзесяць чалавек: бацька і сын, таксіст, студэнт, школьнік і іншыя. Справу разглядае суддзя Вера Філонік. У зале суда "не хапіла месца" нават сваякам падсудных. "Вясна" назірае за гэтай крымінальнай справай і распавядае яе падрабязнасці.
Каго судзяць 15 лютага?
З 10 абвінавачаных шэсць з'яўляецца палітзняволенымі, якія ўтрымліваюцца пад вартай у брэсцкім СІЗА-7:
- палітвязні Ягор і Віталь Пракапчукі
Гэта бацька і сын. Іх затрымалі 19 жніўня. З таго часу яны ўтрымліваюцца пад вартай.
- палітвязень Цімур Рызапур
Цімур – 37-гадовы таксіст, увечары 10 жніўня вяртаўся з працы дадому, але яго падстрэлілі гумовымі кулямі пяць разоў. Следчы тлумачыць выбар меры стрымання ўтрымання пад вартай тым, што ў Цімура Рызапура няма беларускага грамадзянства, нягледзячы на тое, што ў яго ёсць від на жыхарства і ён жыве ў Беларусі ўжо каля 23 гадоў.
- палітвязень Ілля Мігно
Ілля – студэнт 2-га курса Брэсцкага палітэхнічнага ўніверсітэта. Быў затрыманы 18 жніўня на працы ў Мастаатрадзе па падазрэнні ў масавых беспарадках. Пра затрыманне Іллі бацькі даведаліся ад адваката.
- палітвязень Сяргей Крыўчэня
- палітвязень Аляксандр Драздоў
Аляксандр быў затрыманы 30 лістапада ў Брэсце. З тых часоў утрымліваецца пад вартай.
- Віталія Бандарэнка (не з'явілася)
- Сяргей Гацкевіч (11-класнік адной з брэсцкіх школ)
- Сяргей Салоха (30-гадовы ўладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі па вырошчванні маліны і трускаўкі ў Драгічынскім раёне)
- Дзяніс Хазей (другакурснік каледжа ў Высокім)
Двое з фігурантаў справы — непаўналетнія, да суда яны знаходзіліся пад наглядам. У судзе прысутнічалі іх маці, а таксама педагог. Сем абвінавачаных знаходзяцца пад вартай.
Як паведамляе KP.BY, віну цалкам не прызнаў ніхто. Большасць прызнаюць сябе вінаватымі часткова: "прысутнічаў, удзельнічаў, але нікому не прычыняў гвалту, пагромаў не здзяйсняў".
Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", астатніх абвінавачаных будуць судзіць пазней, іх справа вынесеная ў асобную вытворчасць.
Што адбываецца на судзе?
Справу разглядае суддзя Вера Філонік. Як перадаюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", на суд не патрапіла каля 20 чалавек. Прычына — "не хапіла месцаў". Пры гэтым не патрапілі нават некаторыя сваякі: для тых, хто знаходзяцца пад вартай, устанавілі ліміт — "1 сваяк".
На слуханне з'явіліся 9 з 10 абвінавачаных. Як піша "Брэсцкая Газета", адна абвінавачаная, па дадзеных суда, пакінула краіну. Яе абвясцілі ў вышук і змянілі ёй меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на заключэнне па варту. Судовую вытворчасць у дачыненні да 18-гадовай жыхаркі Брэста прыпынілі.
Пацярпелымі па справе праходзяць 29 чалавек, большасць з якіх – супрацоўнікі АУС. Як піша KP.BY, у судзе яны называлі змененыя анкетныя дадзеныя, выступалі па гучнай сувязі з суседняга памяшкання змененымі галасамі. Зразумець, што гэта кажуць розныя людзі, а не адзін і той жа чалавек, можна было толькі па тэмпу прамовы, гучнасці і танальнасці голасу. Толькі шэсць пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі сядзелі ў зале. Гэта міліцыянт палка ППСМ Маскоўскага РАУС, камандзір аддзялення роты ППСМ, старшы оперупаўнаважаны УБЭП УУС Брэсцкай вобласці, старшы оперупаўнаважаны УУС, міліцыянт Дэпартамента аховы Ленінскага РАУС. Яны не называлі свае хатнія адрасы – толькі рабочыя. Адзін з пацярпелых міліцыянтаў у суд не з'явіўся з-за выкліку на сесію.
У суд таксама з'явіліся прадстаўнікі грамадзянскіх пазоўнікаў: УУС Брэсцкага аблвыканкама, Маскоўскага аддзела Дэпартамента аховы, Брэсцкага ДЭП, "Камунальніка" і прадпрыемства "Брэсцкі грамадскі транспарт".
У чым іх абвінавачваюць?
Як паведамляе "БГ", згодна з матэрыяламі справы абвінавачаныя 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Брэста – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава — «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. Пасля чаго ўжылі гвалт — нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншае маёмасць, якое належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам».
Агульная сума прычыненай шкоды, згодна з матэрыяламі справы, перавысіла 27 тысяч беларускіх рублёў. Прычыненая злачынствам шкода да суда не была кампенсаваная – пракуратура прад'явіла пазоў да абвінавачаных аб яго спагнанні ў салідарным парадку.
Як піша KP.BY, па абвінавачванні, супрацоўніку органаў унутраных спраў прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе двух ран у галіне першага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, і нанесеныя пабоі. Яшчэ ў аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагонаў, а ўсяго больш чым 25 міліцыянтам нанесеныя пабоі.
Працяг суда заўтра ў 10:00.
«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?