Як судзяць блогераў Кабанава і Пятрухіна без іх жа. Другі дзень суда Дапоўнена

2021 2021-02-16T20:33:41+0300 2021-02-16T21:17:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blogery-berasce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 16 лютага працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Але саміх палітвязняў у суд не даставілі. Іх выдалілі з першага судовага паседжання. Тады суддзя Вольга Краўчанка зрабіла блогерам некалькі заўвагаў, пасля чаго яны папрасілі выдаліць іх залі суда. Невядома – ці будзе разглядацца гэтая крымінальная справа супраць без абвінавачаных і далей, але сёння ўжо зачыталі абвінавачванне і дапыталі пацярпелага АМАПаўца.

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Сёння адбылося другое судовае паседжанне, на якім выступіў адзін з пацярпелых, які папрасіў кампенсацыю ў 1500 рублёў.

У чым канкрэтна абвінавачваюць блогераў?

Блогера з Брэста Сяргея Пятрухіна абвінавачваюць па арт. 342 ("Арганізацыя ці падрыхтоўка масавых беспарадкаў"), арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады") і арт. 391 ("Абраза суддзі") Крымінальнага кодэкса. Аляксандра Кабанава абвінавачваюць па арт. 342 ("Арганізацыя ці падрыхтоўка масавых беспарадкаў"), арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады"). 

Паводле абвінавачвання, дзеянні Кабанава і Пятрухіна ў змове з Ціханоўскім былі скіраваныя на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне. Масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя імі, праводзіліся без дазволу мясцовых органаў улады і парушалі грамадскі парадак.

У абвінавачанні гаварылася, што падсудныя стварылі і адміністравалі сыстэму распаўсюджвання для неабмежаванага кола асобаў інфармацыі, якая ўтрымлівала непраўдзівую ацэнку нелегітымнасьці выканання службовых і грамадзкіх абавязкаў прадстаўнікамі ўлады, а таксама законнасці іх патрабаванняў ды заклікі не падпарадкоўвацца ім. Яны былі стваральнікамі YouTube-каналаў: «Страна для жизни» і «Народный репортёр», а таксама іншых тэлеграм- і YouTube-каналаў, дзе выкладаліся фота-, відэа- і тэкставыя матэрыялы. За сваю працу, паводле абвінавачвання, атрымлівалі ад Сяргея Ціханоўскага грашовае ўзнагароджанне.

Якую пазіцыю займалі блогеры падчас следства?

Як піша "Радыё Свабода", пазіцыю Кабанава агучвалі з ягоных паказанняў на папярэднім следстве. Сяргей Пятрухін адмовіўся адказваць на пытанні следчых. Паводле адваката, ён збіраўся выказаць сваё стаўленне да абвінавачання на судзе, але яго ў залю не даставілі. У Кабанава следчыя выпытвалі пра ягоныя стасункі з Сяргеем Пятрухіным, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам, Віктарам Бабарыкам, Сцяпанам Пуцілам.

Паводле Кабанава, ён пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім у 2019 годзе, але супольных спраў з ім ня меў і адмовіўся рэклямаваць ягоны канал «Страна для жизни». Са слоў абвінавачанага, ён крытычна выказваўся наконт вылучэння Ціханоўскага ў прэзыдэнты.

Па словах Кабанава, уладальнікі YouTube-каналу «Народный репортёр» знаходзяцца ў Літве. Ён далучыўся да яго на просьбу Пятрухіна. У відэароліках выказваў сваё стаўленне да сытуацыі ў краіне ды крытыкаваў дзеянні ўлады. Перакананы, што гэта не правапарушэнне. Кабанаў не бачыць у відэароліках падставаў для крымінальнага пераследу. Справу супраць сябе ён называе палітычна матываванай, а затрыманне — незаконным.

Пацярпелы АМАПавец: «Перажываю за сваіх блізкіх»

Паводле абвінавачвання, падсудныя апублікавалі фатаздымак супрацоўніка магілёўскага АМАПу Віталя Аўтушэнкі на YouTube-канале «Народный репортёр» і суправадзілі яго зневажальным камэнтаром. Міліцыянт прызнаны пацярпелым і намагаецца спагнаць з абвінавачаных 1,5 тысячы рублёў за маральную шкоду.

Здымак АМАПаўца зхявіўся ў інтэрнэце пасьля ягонага ўдзелу ў затрыманьні 6 траўня пад Магілёвам блогера Сяргея Ціханоўскага. Аўтушэнка ўбачыў фота ў YouTube-канале «Народный репортёр» 8 траўня. Ён настойвае, што камэнтар да здымка дэманізуе яго і зьневажае ягоны гонар і годнасць. Аўтушэнка казаў суду, што з ягонымі бацькамі пасля з'яўленьня фатаздымка перасталі размаўляць суседзі.

«Я стаў перажываць за сваіх блізкіх і родных, бо я зьяўляюся прадстаўніком праваахоўных органаў і баюся, што трэція асобы могуць прычыніць ім шкоду», — казаў на судзе Віталь Аўтушэнка.

Паводле абвінавачвання, Сяргей Пятрухін зняважыў суддзю Берасцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанку. Лешчанка — таксама пацярпелы. Яго суд выслухае на наступным судовым пасяджэнні 19 лютага.

«Хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду». Блогераў Кабанава і Пятрухіна выдалілі з суда над імі

11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Але іх судзяць не ў Брэсце і нават не ў Брэсцкай вобласці. Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Рэпартаж с закрытага пасяджэння зрабіла "Наша Ніва".


Нагадамем, Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — вядомыя блогеры і актывісты. Яны звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы, выкладвалі ролікі на ютубе, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты. Абодвух затрымалі яшчэ ўлетку.

Кабанаў знік 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантроля па адбыцці каранціна. Блогер атрымаў 15 сутак, прапаў з ізалятара і ўрэшце знайшоўся ў Мінску на Валадарцы.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго таксама адвезлі ў мінскае СІЗА. З таго часу блогераў утрымлівалі на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі і Пятрухіна, і Кабанава палітвязнямі.

Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі. Цяпер блогерам пагражае да 3 гадоў калоніі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства