viasna on patreon

Затрыманні і ператрусы працягваюцца. Хроніка палітычнага пераследу 12 лютага Дапоўнена

2021 2021-02-12T11:43:24+0300 2021-02-13T12:38:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hodal_vadim9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Маладзечна

У маладэчанскага блогера і актывіста Руслана Кісялёва зноў прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы за размалёўку сцен у адным з мікрараёнаў горада. Зноў забралі тэхніку.

Раней да мужчыны ўжо прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗ з ператрусам, тады мужчыну адвезлі на допыт у следчы камітэт у якасці сведкі, а пасля адпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні. 

Гродна

У 8.30 раніцы 12 лютага дадому да Артура Сцяцкевіча прыйшлі з ператрусам. Канфіскавалі яго тэлефон і кампутар. Мужчыну міліцыянты павялі з сабой у СК.

Мінск

Дома супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным была затрыманая Марына Кавалёва. Як паведамілі сваякі жанчыны, 3 міліцыянеры прыйшлі ў кватэру з-за бела-чырвона-белага сцяга, размешчанага ў вакне, пасля забралі жанчыну ў Савецкі РУУС. У панядзелак Марыну Кавалёву будуць судзіць. 

Паведамляецца і пра затрыманне Максіма Нікольскага.

Затрыманы ўласнік крамаў "Грын" і ГЦ "Скала" Генадзь Кірэйкаў. Яго знаёмыя кажуць, што яму фармальна "нешта налічылі", нефармальна ёсць чуткі пра палітычную прычыну арышта: сёння на УНС Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па яго даручэнні "выразаюць" адну гандлёвую кампанію.

Сёння ператрус прайшоў у маладога мужчыны ў Ждановічах Мінскага раёна, якога завуць Ягор. Тэхніку не забіралі, шукалі сімволіку, забралі таксама "кнігі з беларускім зместам", паведамляе “Наша Ніва”

Докшыцы

Да сям’і ў Докшыцах прыйшлі з ператрусам за фота з бел-чырвона-белым сцягам у сацыяльным сетках. Пра гэта піша Белсат.

Фота Вадзіма Ходаля ў сацсетках, за якое яго затрымалі

Як распавяла Ніна Ходаль, падчас ператрусу знайшлі два сцягі, ейнага мужа Вадзіма забралі ў пастарунак – да суда.

«Міліцыянты казалі нешта пра пікетаванне праз фота, але пакуль афіцыйнага абвінавачвання няма», – распавядае жанчына.

Вадзіма Ходаля затрымлівалі і раней, пасля забойства Рамана Бандарэнкі.

Гомель

Як паведамляе “Гомельская Вясна”, сёння ў доме нараўлянца затрымалі Уладзіміра Неўмержыцкага. Міліцыянты Нароўлі паведамілі, што ім паступіў такі загад з міліцыі Мазыра. Артыкул - сумнавядомы 23.34 КаАП.

12 лютага ў Гомелі міліцыя затрымала адміністратараў дваровых тэлеграм-чатаў, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама. Імі аказаліся 21-гадовы студэнт аднаго з універсітэтаў абласнога цэнтра і 21-гадовая гамяльчанка, якая часова пражывае і працуе ў Мінску, паведамляе "Флагшток".

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства