Затрыманні і новыя крыміналкі ў Беларусі: хроніка пераследу за 4 лістапада Дапоўнена
У сераду 4 лістапада працягваюцца затрыманні людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі, адлічэнні студэнтаў і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Раніцай у маладэчанскага блогера і актывіста Руслана Кісялёва прайшоў ператрус, які ладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пасля ператрусу Руслана па папярэдняй інфармацыі адвезлі ў Фрунзенскае РУУС Мінска.
Мяркуючы па ўсяму ўзбуджана крымінальная справа з-за размяшчэння відэароліка ў блогу Кісялёва.
Ягоная маці Соф’я Кісялёва паведаміла, што з кватэры забралі ноўбук, тэлефон і электронныя носьбіты інфармацыі. Таксама ёй далі прачытаць пастанову, паводле якой праводзілі ператрус. Соф’я Кісялёва адзначыла, што там фігуравала больш за дзесяць крымінальных артыкулаў, якія дакладна, жанчына не запомніла.
– Як нам патлумачылі, гэта з-за таго, што Руслан выклаў на ютубе запіс размовы з прадстаўніком органаў унутраных спраў, – сказала Кісялёва журналістам «Рэгіянальнай газеты».
У другой палове дня Руслан Кісялёў паведаміў журналістам "РГ", што яго выпусцілі са Следчага камітэта. Ён праходзіць па справе ў якасці сведкі. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Проста з працоўных месцаў з Мінскай філармоніі сілавікі забралі двух удзельнікаў «Вольнага хору». Павезлі ў Савецкі РУУС артыста камернага хору Дзяніса Іванова і віялэнчэліста Аляксандра Сердзюкова, піша TuzinFM.by. Да таго ўжо затрымлівалі дзвюх дырыгентак, якія ўдзельнічалі ў «Вольным хоры».
Увечары ў Мінску паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманы калектыў барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», які даваў канцэрты ў дварах у розных раёнах Мінска.
Затрыманыя не менш за 10 чалавек, пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў сябра аднаго з затрыманых — той паспеў пазваніць. Хлопцы збіраліся на рэпетыцыю.
Адначасова сёння ў розных раёнах Мінска затрымалі яшчэ некалькі музыкаў, якія давалі дваровыя канцэрты. Сярод іх Суладзэ Ціматэ (затрыманы ў Сухарава), Камянецкі Мікіта (у Малінаўцы).
Вядомы наступныя прозвішчы затрыманых: Карыцкі Антон, Панамарова Алена, Корзун Максім, Гадоўнікаў Аляксандр, Галянтава М.А., Бержнікаў А. В., Мінчанка Іван, Кабашнікаў Іван.
Сёння ў горадзе Ліда міліцыя скруціла проста на працы прадаўца "Пятага элемента", па сумяшчальніцтве фельчара хуткай дапамогі, Алега Краўцова. Раней яго затрымлівалі на 7 сутак пасля інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму падчас яго прыезду ў Ліду, - піша t.me/belsat.
З Гарадзенскага драматычнага тэатру сёння звольненыя Аляксей Станога і Паліна Левіна, якія раней далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі.