Пракурор прапанаваў суду знізіць палітвязню пакаранне на адзін год калоніі. Але Мінгарсуд пакінуў прысуд без зменаў
Мінскі гарадскі суд 9 лютага разгледзеў апеляцыйную скаргу 21-гадовага палітвязня Антона Лакішыка. На ягоную думку пакаранне ў тры гады калоніі занадта суровае за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэкса) на акцыі 14 чэрвеня. АМАПавец не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, хлопец выплаціў яму маральную шкода ў тысячу рублёў і цалкам прызнаў сваю віну. Старшынёй калегі па справе выступала суддзя Мінгарсуда Тамара Унукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Антона Лакішыка і прапанавала суду змяніць прысуд Цэнтральнага суда і знізіць пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Аднак суд пакінуў прысуд без зменаў.
"Прэтэнзій у пацярпелага няма": што казала адвакатка на судзе
Антона Лакішыка на абскарджанне прысуду не падключылі нават праз скайп. Ягоныя інтарэсы ў Мінгарсудзе прадстаўляла адвакатка Кацярына Пятровіч. Яна прасіла суд змяніць прысуд Цэнтральнага суда ад 18 лістапада і прызначыць пакаранне Антону, не звязанае з пазбаўленнем волі: санкцыя артыкула 364 КК прадугледжвае таксама арышт і абмежаванне волі.
"Высокі суд, ні я, ні мой падабаронны не аспрэчваюць абставіны ўчыненага злачынства. Але мы мяркуем, што пакаранне, прызначанае Антону, не адпавядае цяжару пакарання.
Я мяркую, што ў дадзеным выпадку меліся ўсе падставы, каб прызначыць майму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Той від пакарання, які яму прызначылі, з'яўляецца самым строгім.
Гвалт – гучыць досыць гучна, але разам з тым, варта звярнуць увагу, якія менавіта дзеянні здзейсніў мой падабаронны і стаўленне пацярпелага да гэтых дзеянняў. Безумоўна, адразу складваецца ўражанне, што вялікай грамадскай небяспекі яны не неслі. Мой падабаронны патлумачыў гэта тым, што дзейнічаў у сілу эфекту натоўпу. Калі хтосьці крыкнуў "Пабеглі!", то і ён пабег. Калі падбег, то атрымаўся штуршок у спіну супрацоўніку, посколько ён бег. Гэта відаць на відэа, што ён упёрся ў супрацоўніка праваахоўных органаў. Як сам пацярпелы распавядаў, што па ягонай назе прайшоўся па датычнай, а ад замаху майго падабароннага вывернуўся, пасля чаго ён [Антон Лакішык] упаў і адразу быў затрыманы. Пры апісанні фізічнай болю і маральных пакутаў пацярпелы растлумачыў, што гэта была кароткачасовая неістотная боль. Таксама ён не звяртаўся за медыцынскай дапамогай. Прэтэнзій у пацярпелага да майго падабароннага няма.
Хачу сказаць, што нават у ходзе судовага разбору пацярпелы падыходзіў да мяне і пытаўся, ці можна ў дадзеным выпадку абысціся без крымінальнай адказнасці. У судзе мы падавалі хадайніцтва аб вызваленні майго падабароннага ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Пацярпелы не пярэчыў. Больш за тое, ён у спрэчках прасіў суд прызначыць майму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, улічыць яго ўзрост [Антону 21 год]".
Таксама адвакатка звярнула ўвагу, што ў судзе першай інстанцыі выступіў шэраг сведак, якія ахарактарызавалі Антона Лакішыка выключна з добрага боку. У якасці аргументу Кацярына Пятровіч адзначыла, што пасля двух месяцаў утрымання пад вартай у СІЗА-1 Антону змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе: да суда ён прабыў на волі два месяцы.
Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"
"Тэрмін неабходна знізіць": што казала пракурорка
У судзе з нагоды дадзенай апеляцыйнай скаргі выказалася пракурорка Сакалова:
"Вінаватасць Лакішыка па арт. 364 КК цалкам даказаная і ў скарзе не аспрэчваецца. Разам з тым, з улікам абставінаў і асобы абвінавачанага, мяркую, што тэрмін прызначанага абвінавачанаму пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі неабходна знізіць з трох гадоў да двух. Такім чынам, мы просім прысуд суда Цэнтральнага раёна ад 18 лістапада ў дачыненні да Антона Лакішыка змяніць і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі".
Аднак судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 9 лютага пакінула прысуд без зменаў. Родныя Антона маюць намер абскардзіць прысуд далей. Палітвязень пакуль утрымліваецца ў СІЗА-1 у камеры з 15 арыштаванымі.