viasna on patreon

Першы суд за сутыкненне з сілавікамі 14 ліпеня на Нямізе. Пракурор просіць 3 гады пазбаўлення волі

2020 2020-11-13T09:50:10+0300 2020-11-13T09:56:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе падчас сутыкненняў сілавікоў і пратэстоўцаў, якія выступалі супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. Супрацоўнік мінскага АМАПу пасля некалькіх удараў яго Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, але крымінальную справу на хлопца распачалі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса – гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Хлопец прызнаў віну цалкам і паспеў пакрыць маральную шкоду сілавіку ў памеры тысячы рублёў, але дзяржаўны абвінаваўца ўсё роўна просіць суд пакараць яго трыма гадамі пазбаўлення волі. "Вясна" распавядае пра абставіны справы і пра суд.

Затрыманне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішіка ў белай кофце. Фота: spring96.org
Затрыманне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішіка ў белай кофце. Фота: spring96.org

Прабыў пад вартай каля двух месяцаў

21-гадовага Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня каля метро "Няміга". У той вечар мінчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. У некаторых пунктах горада назіраліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі. Па інфармацыі "Вясны" 14 ліпеня ў Мінску было затрымана мінімум 330 чалавек. Момант затрымання Антона трапіў на фота "Вясны". На ім два супрацоўнікі АМАПу вядуць хлопца ў аўтазак. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе АМАПавец Яўген Дудкін – у судзе пацярпелы.

zatrymanne_14_viasna1_.jpg
Затрыманне Антона Лакішыка. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе АМАПавец Яўген Дудкін – у судзе пацярпелы

У той вечар Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС Цэнтральнага раёна і адпусцілі. На яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд над ім павінен быў пачацца 28 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, але ён быў перанесены на нявызначаны тэрмін. На хлопца распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса.

Антона паўторна затрымалі 23 ліпеня на працы, толькі ўжо ў межах крымінальнай справы. Адразу абралі меру стрымання – утрыманне пад вартай. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА №1 у Мінску каля двух месяцаў – да 8 верасня. Антона выпусцілі на волю, змяніўшы яму стрымання на падпіску аб нявыездзе. У суд Антон прыходзіў самастойна.

Раскаяўся на відэа Следчага камітэта

Антон у судзе цалкам прызнаў віну і ўжо паспеў пакрыць маральную шкоду супрацоўніку АМАПу – 1000 рублёў, каб змякчыць пакаранне. 

Следчы камітэт зняў відэаролік раскайвання з Антонам і перадаў яго нацыянальнаму тэлеканалу "Сталічнае тэлебачанне" для навін аб заканчэнні расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да хлопца за тое, што "падняў руку на праваахоўніка". Там з 5:53 хвіліны распавядаецца, што "21-гадовы мінчанін паддаўся інстынкту натоўпу і наносіў удары супрацоўніка АМАПу".

Антон распавёў "Вясне", што ў відэа ён зняўся добраахвотна, ніякага ціску на яго не аказвалі, ён сапраўды шчыра раскайваецца.

У сюжэце дэманструецца відэа сутыкнення пратэстоўцаў і супрацоўнікаў АМАПу. Антон распавядае аб сваіх дзеяннях:

"Прыбегшы да гэтай групы, я штурхнуў двума рукамі ў вобласць спіны супрацоўніка АМАП, пасля чаго нанёс удар правай нагой у вобласць правай нагі. Пасля гэтага адразу ж нанёс удар правай рукой у вобласць тулава супрацоўніка АМАПу".

Аднак на відэа відаць, што пасля гэтага Антона самога моцна ўдарылі, што ён адляцеў назад. Пасля гэтага хлопца затрымалі.

"Я хацеў пераключыць увагу супрацоўніка АМАПу на мяне, каб ён адпусціў усіх людзей, якіх пачаў затрымліваць", – тлумачыць матывы ўчынку хлопец.

"Абавязваюся больш ніколі не ўдзельнічаць ні ў якіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, беспарадках і не прычыняць нікому ніякі боль", – кажа ў заключэнні відэа Антон.

Выключылі з абвінавачвання "помста за выкананне службовай дзейнасці"

Крымінальную справу ў дачыненні да Антона разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржаўным абвінаваўцам па справе выступаў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Цвяткоў. Судовае следства доўжылася адзін дзень.

Першапачаткова Антону Лакішыку ставілася ў віну здзяйсненне злачынства – "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці".

Аднак на судовых спрэчках памочнік пракурора Цвяткоў адмовіўся ад часткі абвінавачванні: цяпер Антону не ставіцца такі прыкмета злачынствы, як "помста супрацоўніку органаў унутраных спраў за выкананне службовай дзейнасці".

Хацеў дапамагчы пратэстоўцу, якога пачалі затрымліваць

21-гадовы Антон Лакішык
21-гадовы Антон Лакішык

На думку дзяржабвінавачання віна Антона Лакішыка ў здзяйсненні дадзенага злачынства даказваецца, у першую чаргу, паказаннямі самога падсуднага, які цалкам прызнаў сваю віну. 

На судзе Антон патлумачыў, што ў самым несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 ліпеня ўдзел не прымаў, а назіраў з боку. Ён бачыў, як да ўдзельнікаў акцыі пратэсту падышлі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго першыя пачалі ўставаць у счэпку, а сілавікі пачалі іх затрымліваць, у тым ліку з ужываннем сілы.

На судовым працэсе Антон Лакішык адзначыў, што знаходзіўся ў той момант у стане вельмі моцнага хвалявання, «гэтыя падзеі яго абурылі». Ён пачуў, як у натоўпе нехта крыкнуў "Наперад!" – Антон успрыняў гэта як заклік да наступу да супрацоўнікаў міліцыі. Са словаў Антона, ён паддаўся эмацыйнаму парыву і хацеў дапамагчы пратэстоўцу, якога пачалі затрымліваць. Ён штурхнуў супрацоўніка АМАПу ў спіну, ударыў яго нагой у правую нагу і рукой у грудзі. Пасля гэтага да Антона Лакішыка "была ўжытая фізічная сіла і ён быў затрыманы".

Фізічных пашкоджанняў не было, у бальніцу не звяртаўся, але маральныя пакуты ацаніў у 1000 рублёў

Супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін на судзе адзначыў, што фізічных пакут ён не панёс, цялесных пашкоджанняў не было, у медыцынскую ўстанову не звяртаўся ў сувязі з нязначнасцю гэтых пашкоджанняў. Пры гэтым свае маральныя пакуты ад гэтых удараў ацаніў у 1000 рублёў.

Дзяржабвінаваўца аднёс да змякчальных абставінаў Антона чыстасардэчнае раскаянне і добраахвотнае пакрыццё маральнай шкоды. Да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці 21-гадовы хлопец раней не прыцягваўся. Памочнік пракурорп Цвяткоў адзначыў, што абставін, якія бы абцяжарвалі адказнасць, не ўстаноўлена. 

Пры гэтым дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суддзю пакараць Антона Лакішыка па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса трыма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Сам Антон, яго блізкія і абарона хлопца былі шакаваныя такой суровай прапановай пракурора, улічваючы названыя змякчальныя абставіны. Адвакатка Антона лічыць, што ў дадзенай сітуацыі хлопцу трэба прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Сам пацярпелы супрацоўнік АМАПа згаджаўся з абаронцай у судзе, якая хадайнічала вызваліць Антона ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці.

Пацярпелы АМАПавец: прашу ўлічыць уплыў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў

У судовых спрэчках пацярпелы супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін адзначыў, што "асабіста ў яго да Лакішыка непрыязнасці няма, ён выконваў сваю працу".

Дудкін сказаў, што "ўсё на меркаванне суда", але папрасіў пры прызначэнні пакарання Антону "ўлічыць узрост і ўплыў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў".

У судзе абвешчаны перапынак да аўторка, 17 лістапада, 11 гадзін – Антон выступіць з апошнім словам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства