Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"
Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала мінчаніна вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу). Хлопец уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, калі апошнія сталі ў счэпку. Негледзячы на тое, што супрацоўнік мінскага АМАПу пасля патасоўкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, яму кампенсаваная маральная шкода ў тысячу рублёў, хлопец цалкам прызнаў сваю віну, яму прызначылі тое пакаранне, якое прасіў пракурор. Антона Лакішыка арыштавалі ў залі суда.
Што здарылася 14 ліпеня?
21-гадовага Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня каля метро "Няміга". У той вечар мінчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. У некаторых пунктах горада назіраліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі.
У той вечар Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС Цэнтральнага раёна і адпусцілі. На яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд над ім павінен быў пачацца 28 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, але ён быў перанесены на нявызначаны тэрмін. На хлопца распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса.
Антона паўторна затрымалі 23 ліпеня на працы, толькі ўжо ў межах крымінальнай справы. Адразу абралі меру стрымання – утрыманне пад вартай. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА №1 у Мінску каля двух месяцаў – да 8 верасня. Антона выпусцілі на волю, змяніўшы яму стрымання на падпіску аб нявыездзе. У суд Антон прыходзіў самастойна.
Што было на судзе?
Супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін на судзе адзначыў, што фізічных пакут ён не панёс, цялесных пашкоджанняў не было, у медыцынскую ўстанову не звяртаўся ў сувязі з нязначнасцю гэтых пашкоджанняў. Пры гэтым свае маральныя пакуты ад гэтых удараў ацаніў у 1000 рублёў.
Антон у судзе цалкам прызнаў віну і ўжо паспеў пакрыць маральную шкоду супрацоўніку АМАПу – 1000 рублёў, каб змякчыць пакаранне.
На судзе Антон Лакішык патлумачыў, што ў самым несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 ліпеня ўдзел не прымаў, а назіраў з боку. Ён бачыў, як да ўдзельнікаў акцыі пратэсту падышлі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго першыя пачалі ўставаць у счэпку, а сілавікі пачалі іх затрымліваць, у тым ліку з ужываннем сілы.
На судовым працэсе Антон Лакішык адзначыў, што знаходзіўся ў той момант у стане вельмі моцнага хвалявання, «гэтыя падзеі яго абурылі». Ён пачуў, як у натоўпе нехта крыкнуў "Наперад!" – Антон успрыняў гэта як заклік да наступу да супрацоўнікаў міліцыі. Са словаў Антона, ён паддаўся эмацыйнаму парыву і хацеў дапамагчы пратэстоўцу, якога пачалі затрымліваць. Ён штурхнуў супрацоўніка АМАПу ў спіну, ударыў яго нагой у правую нагу і рукой у грудзі. Пасля гэтага да Антона Лакішыка "была ўжытая фізічная сіла і ён быў затрыманы".
Да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці 21-гадовы хлопец раней не прыцягваўся. Пры гэтым дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суддзю пакараць Антона Лакішыка па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса трыма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Сам Антон, яго блізкія і абарона хлопца былі шакаваныя такой суровай прапановай пракурора, улічваючы названыя змякчальныя абставіны.
Сам пацярпелы супрацоўнік АМАПа згаджаўся з абаронцай у судзе, якая хадайнічала вызваліць Антона ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці. У судовых спрэчках пацярпелы супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін адзначыў, што "асабіста ў яго да Лакішыка непрыязнасці няма, ён выконваў сваю працу". Прасіў суд пакараць Антона на "яго меркаванне", але папрасіў пры прызначэнні пакарання "ўлічыць узрост і ўплыў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў". Суддзя Вікторыя Шабуня не ўлічыла пажаданні нават пацярпелага АМАПаўца і пакарала яго так, як прасіў пракурор.
Суд Цэнтральнага раёна асудзіў Антона Лакішыка 18 лістапада да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Першы суд за сутыкненне з сілавікамі 14 ліпеня на Нямізе. Пракурор просіць 3 гады пазбаўлення волі