Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць на сайце Беларускага Радыё Рацыя па любых са спасылак тут, альбо тут.
Анонс праграмы на 9 лютага:
Хроніка: Паглядзім на статыстыку адміністрацыйных рэпрэсій, а таксама скіруем увагу на некалькі гісторый пераследу: 75-гадовага Анатоля Куліка асудзілі за вопратку, у распаўсюдніцы “Витебского вестника” Таццяны Юхо з дому канфіскавалі тры шарыкі: два белых і адзін чырвоны, а ДФР абрынуўся на Офіс па правах людзей з інваліднасцю і яго супрацоўнікаў — Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.
Крымінальны пераслед: Як жорсткія прысуды мяняюць лёсы людзей і дзе сярод гэтага жыве каханне? У рубрыцы пачуем некалькі гісторый:
- як слухачы ўспрынялі апошняе слова блогера Паўла Спірына,
- як судзілі Івана Канявегу, якому яго дзяўчына Таццяна зрабіла прапанову аб шлюбе падчас вынясення прысуду,
- як дзяржава разлучыла Івана Зубко з яго грамадзянская жонкай Рэнатай Смірновай,
- што будзе з Аляксеем Губічам, якога адправілі ў калонію, а ён там можа аслепнуць,
- якія дэталі маглі б стаць апраўдальнымі — але не сталі ў працэсе над Арцёмам Ісакавым?
Па-за межамі: Трэцяга лютага з Грузіі было даслана 100 канвертаў беларускім палітвязням. Ці дайдуць яны? І якім чынам можна напісаць палітвязню, калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі? Пра ўсё гэта — у размове з праваабаронцай "Вясны" Дар’яй Рублеўскай.
У музычных паўзах — падборка кампазіцый з tuzin.fm у выкананні: Autonomicon, МІП-бэнд, Ворона, Мама.