viasna on patreon

Сведка, які стаў абвінавачаным. У Гродне пачалі судзіць Ігара Лазавіка

2021 2021-02-01T19:03:56+0300 2021-02-02T13:31:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lazavik_igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Лазавік (злева) і яго адвакат

Ігар Лазавік (злева) і яго адвакат

У Гародні першага лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну пачаўся новы судовы крымінальны працэс. На лаве падсудных Ігар Лазавік, які раней быў сведкам па крымінальнай справе збітага амапаўцамі таксіста Аляксея Лапы, а затым яго перавялі ў лік падазраваных і ўрэшце абвінавачаных. Лазавіка судзяць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі). Крымінальная справа супраць Лазавіка была распачатая 20 кастрычніка, яна датычыцца падзей у ноч з 11 на 12 жніўня, калі Лазавік быў пасажырам Аляксея Лапы і сам быў збіты. У разглядзе крымінальнай справы таксіста Лапы пакуль перапынак. 

Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі. Пачаткова справу павінен быў разглядаць суддзя Дзмітрый Кедаль, які вядзе справу Аляксея Лапы, аднак пазней справу перадалі суддзю Лабоцкаму. Сведкамі выступяць міліцыянты Серада, Абрамчык, Чарняўскі, Цырукоў, Русель. Пацярпелым па справе праходзіць міліцыянт Дзмітрый Рахунок. Пракурор на працэсе - Георгій Смольскі, адвакат - Сяргей Ярашэвіч. Маніторынг справы ў судзе вядзе праваабаронца Раман Юргель.

Паводле версіі следства, Ігар Лазавік нібыта нанёс амапаўцу Дзмітрыю Рахунку некалькі ўдараў. Лазавік з абінавачаннем нязгодны, ён лічыць сябе невінаватым, піша "Гарадзенская Вясна".

У першы дзень абвінавачаны Ігар Лазавік адказваў на пытанні пракурора. Ён расказаў, што ў той вечар, 11 жніўня, у раёне плошчы Дзекабрыстаў перад машынай Лапы раптоўна стаў белы бус, невядомы чалавек у чорным нанёс удар па шкле аўтамабіля. Лазавіка выцягнулі з машыны, паклалі на асфальт, білі па галаве, плячах, нагах з двух бакоў. Пасля зашчапілі кайданкі на рукі, каля гадзіны давялося ляжаць на асфальце на бітым шкле. Потым прыехала машына хуткай дапамогі і забрала каля гадзіны ночы яго ў шпіталь хутай дапамогі. Там зрабілі КТ галаўнога мозгу, лекары пацвердзілі, што ў яго чэрапнамазгавая траўма, у пяць раніцы Лазавіка шпіталізавалі.

Лазавік падкрэсліў, што ў ніякіх масавых мерапрыемствах ён удзелу не браў, а людзі ў чорным былі без усялякіх знакаў адрознення. Ніякага супраціву нікому Лазавік не аказваў. Супраць яго была пачатая адміністрацыйная справа, якая пазней была спынена. Яшчэ пазней яе ўсё ж разглядалі, але прызналі яго невінаватым. Па факце таго, што яго беспадстаўна жорстка збілі, звяртаўся ў Следчы Камітэт, але той так і не пачаў крымінальную справу па факце збівання - прыйшоў адказ, што падстаў для справы нібыта няма.

Пасля гэтага ў судзе быў дапытаны пацярпелы омоновец Рахунок. Ён расказаў наступнае: "Мы працавалі ў чорнай форме, са знакамі адрознення. Па рацыі паведамілі, што каля кінатэатра "Кастрычнік", праходзіў несанкіяніраваны мітынг, людзі стаялі з плакатамі. Убачылі на заднім шкле аўто таксі бчб-налепку, у пасажыра на каленях ляжаў БЧБ сцяг. Пракрычаў ім: "Выйсці з аўтамабіля! Міліцыя!"- яны не адрэагавалі. Аўто пачало хавацца з вялікай хуткасцю ў бок плошчы Дзекабрыстаў. ДАІ пераследвала таксі. Блакавалі таксі, затрымалі ўсіх, разбіўшы шкло, выцягнуў Лазавіка, які наносіў 6 удараў па ўсіх частках цела, ужыў фізічасую сілу. Выклікалі хуткую дапамогу. Машына падазравалася ў наездзе на супрацоўнікаў міліцыі. Таксі, хаваючыся на хуткасці, не рэагавала на патрабаванні прыпынку".

Па словах Рахунка, ён спрабаваў адкрыць дзверку машыны, а Лазавік супраціўляўся затрыманню і наносіў удары рукамі і нагамі па бронежылеце і яго частках цела. На пытанне пракурора пра тое, як ён лічыць павінен быць пакараны Лазавік, Рахунок адказаў: "Пакараць па меркаванні суда! Іскавыя патрабаванні - кампенсацыя маральнай шкоды ў 1000 рублёў, пералічыць дзіцячым установе". Лазавік заявіў, што не пагаджаецца з пазовам.

На пытанні адваката Рахунок адказваў наступнае: Не можа сказаць, што Лазавік удзельнічаў у масавым мерапрыемстве, як ён быў апрануты, не памятае. Па таксі палкай не біў, таксі паехала з хуткасцю, працягнуўшы па зямлі омоновца Конана, падбіўшы іншага - Логаша. Некаторых момантаў затрымання не памятае. Як затрымлівалі іншых людзей з таксі, не памятае. Затрымаць Лазавіка вырашыў самастойна, бо былі падставы меркаваць, што Лазавік здзейсніў злачынства. Відэарэгістратара на ім не было, яго не хапіла. Як і дзе стаяла таксі пры затрыманні, не памятае. Адкуль цялесныя пашкоджанні ўзяліся на целе Лазавіка, не ведае. Не памятае, хто кіраваў затрыманнямі. З рапартам па факце прычыненых яму цялесных пашкоджанняў з заявай у РАУС не звяртаўся. Следчага, які дапытваў яго па справе Лазавіка, не памятае.

Адвакат Лазавіка, агучыўшы ў судзе пратакол допыту Рахунка, звярнуў увагу на істотную супярэчлівасць паміж яго паказаннямі падчас следства і ў судзе. 

Далей пайшгло апытанне сведак. Першым сведкам выступіў омоновец Дзмітрый Серада. Ёні сказаў, што ў той вечар непасрэдна затрымліваў кіроўцу таксі Аляксея Лапу. Колькі было пасажыраў - не памятае, ці было ДАІ - не памятае. Рашэнне затрымліваць кіроўцу таксі прыняў сам, а ці давалі каманду затрымліваць таксі - не памятае. Памятае толькі Аляксея Лапу, а Ігара Лазавіка не памятае. Лапа нібыта ўжо быў пабіты, калі ён яго выцягваў з машыны. Адвакат звярнуў увагу суда на супярэчлівасці ў паказаннях Серады пасля здарэння і цяпер на судзе.

Далей быў апытаны наступны сведка - амапавец Аляксандр Чарняўскі. Ён паясніў, што таксама затрымліваў аднаго з пасажыраў таксі, але не Лазавіка. Іншага патлумачыць не можа.

Пасля гэтага ў судовым працэсе абвешчаны перапынак. Працяг разгляду справы 8 лютага а 14.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства