Два гады абмежавання волі і 2 000 рублёў кампенсацыі: так скончыўся суд над Дзяшчэняй за знявагу прадстаўніка ўлады
Суд Мінскага раёна 1 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Дзяшчэні. Яго абвінавацілі у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядала суддзя Алена Новікава. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Фаміна.
З матэрыялаў следства вядома, што 20 верасня Дзяшчэня наўмысна, з дапамогай тэлефона размясціў у суполцы газеты "Радзіма" ў ВКонтакте паведамленне зневажальнага характару, з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.
Пацярпелы - супрацоўнік міліцыі Павел Курс вылучыў матэрыяльную прэтэнзію ў памеры 3 000 рублёў за маральныя пакуты.
На папярэднім судовым пасяджэнні Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Аляксандра Дзяшчэні два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
“Хацеў каб газета пісала праўду пра палітычныя падзеі”. Суд за знявагу супрацоўніка міліцыі
Суддзя Алена Новіка вынесла прысуд: два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Апроч гэтага Дзяшчэня павінен выплаціць пацярпеламу 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Арышт на тэлевізар, тэлефон і мікрахвалёўку пакінуць у сіле.