viasna on patreon

«Ніякіх пакут я не бачыла». На судзе за ўжыванне балончыку супраць міліцыянтаў выступіла сведка абароны

2021 2021-01-29T07:54:33+0300 2021-01-29T07:57:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/isakau-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Арцём Ісакаў. Фота: "Віцебская Вясна"

Арцём Ісакаў. Фота: "Віцебская Вясна"

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 28 студзеня адбылося чарговае паседжанне ў крымінальнай справе віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Яму пагражае да 6 гадоў калоніі.

Справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч.

Сярод удзельнікаў працэсу – дзевяць пацярпелых міліцыянтаў, якія на першым паседжанні давалі свае паказанні

Арцём Ісакаў быў затрыманы 25 кастрычніка ў межах адміністрацыйнага разбіральніцтва. За парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. У межах крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА ад 28 кастрычніка.

Паводле пракуратуры, 25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш двух разоў “распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і целаў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча”. Гэтымі дзеяннямі Ісакаў, паводле пракуратуры, перашкодзіў міліцыянтам затрымаць нецвярозага грамадзяніна, які выкрыкваў абразлівыя словы ў іх бок.

Судзяць віцябляніна, які ўжыў супраць міліцыянтаў пярцовы газ – 9 пацярпелых

Пазней, падчас свайго затрымання ў раёне вуліцы Чкалава, Ісакаў, паводле абвінавачання, не менш трох разоў распыліў пярцовы газ у бок міліцыянтаў Аненкава, Дунца, Лазукі, Радкевіча, Ратнікава.

У судовай зале прысутнічаў пацярпелы міліцыянт Мікалай Вайцяхоўскі, якому абвінавачаны ўжо кампенсаваў 500 рублёў шкоды.

Як паведамляе "Віцебская Вясна", на пасяджэнні 28 студзеня была апытаная сведка Галіна Ф., якая непасрэдна прысутнічала падчас канфлікту і бачыла ўсё, што адбывалася, на свае вочы. Паводле яе словаў, 25 кастрычніка яна выйшла з сяброўкай з кавярні на вуліцы Талстога і пабачыла вялікую групу людзей. Іх гэта зацікавіла, і яны далучыліся да грамады. У групе грамадзян прайшлі да скрыжавання вуліц Смаленскай і Праўды.

Падчас канфлікту жанчына знаходзілася каля пацярпелага міліцыянта Вайцяхоўскага, брала яго за руку, размаўляла з ім, спрабуючы такім чынам супакоіць супрацоўніка МУС у цывільным. Але, як кажа жанчына, мужчына паводзіў сябе вельмі агрэсіўна і быў узбуджаны.

«Склалася такое ўражанне, што ён хоча кагосьці пабіць», – заявіла сведка.

Спадарыня, паводле яе словаў, пасля ўжывання балончыку знаходзілася побач з пацярпелым каля 3-4 хвілін.

«Ці праводзіў ён якія-небудзь дзеянні або маніпуляцыі рукамі з тварам, якія паказвалі б, што мужчына адчувае дыскамфорт?» – спытала адвакатка.

«Маску ён не здымаў, твар не цёр. Я з ім размаўляла, і ён нічога не рабіў», – адказала сведка.

Суддзя Сяргей Будрэвіч удакладніў: «Якія наступствы павінны былі наступіць з-за газу? Пра які дыскамфорт ідзе гаворка?» 

«Я так разумею, што калі чалавек пацярпелы, то ён павінен ад чагосьці пацярпець. Я, калі з ім размаўляла, ніякіх пакутаў не бачыла», – адказала сведка.

На яе думку, ніякіх пашкоджанняў ад газу пацярпелы не атрымаў.

Мікалай Вайцяхоўскі не пагадзіўся з паказаннямі сведкі. Сказаў, што ў яго пачаліся слязіцца вочы, але не адразу, а толькі праз некалькі хвілін, калі ўжо пачаў міргаць. Запэўніў, што паводзіў сябе на акцыі вельмі спакойна і ўраўнаважана. А потым увогуле заявіў, што не памятае, ці насамрэч размаўляў ён са сведкай на акцыі.

Тады адвакатка падала хадайніцтва паглядзець відэазапіс, на якім бачна, што супрацоўнік міліцыі размаўляе са сведкай. Суддзя хадайніцтва адхіліў.

Наступнае пасяджэнне, на якім пройдуць спрэчкі бакоў, адбудзецца 3 лютага (пачатак у 10.30).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства