Два гады “хіміі” за абразу службовай асобы. Вынесены прысуд палітвязню Кулакоўскаму
У судзе Маскоўскага раёна горада Мінска суддзя Пірожнікава агучыла прысуд ў дачыненні да Дзмітрыя Кулакоўскага. Яго прызналі вінаватым у публічнай абразе службовай асобы ў сувязі з выкананнем ёй службовых абавязкаў (артыкул 369 КК РБ) і прызначылі абмежаванне свабоды з накіраваннем у пасяленне адкрытага тыпу тэрмінам на два гады (менавіта столькі запатрабаваў пракурор). Меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыяздзе — таму Кулакоўскага адпусцілі з пад-варты адразу пасля вынясення прысуду.
Акрамя таго, Кулакоўскі павінен сплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу — старэйшаму оперупаўнаважанаму Смоляру памерам у 1000 беларускіх рублёў. А грошы, якія разам з іншымі рэчамі Кулакоўскага забралі пры затрыманні (каля 300 еўра), звярнуць у кошт гэтага маральнага іска. Ні пацярпелы, ні іншыя сведкі па гэтай справе (супрацоўнікі міліцыі) ні разу не прыйшлі на судовыя паседжанні (негледзячы на хадайніцтвы адвакаткі).
Дзмітрый Кулакоўскі быў затрыманы 4 снежня 2020 года пры спробе выехаць за мяжу. З гэтага часу ён знаходзіўся пад вартай. Тэрмін яго знаходжання пад вартай залічылі ў тэрмін абмежавання волі (адзін дзень пад вартай роўны двум дням адбыцця пакарання).
Дзмітрый распавёў, што за час яго знаходжання пад вартай яго ні разу не выводзілі на прагулкі і сёння, калі яго выпусцілі з залі суда, ён “упершыню за гэты час убачыў светавы дзень”.
Таксама Кулакоўскі адзначыў, што яму не давалі неабходныя лекі, і менавіта таму у яго зараз дыябет першага тыпу (раней ён хварэў на дыябет другога тыпу).
Дзмітрый падкрэсліў, што яго справа сфабрыкаваная, бо яго пераследуюць за звальненне з пасады начальніка крымінальнага вышуку Заводскага РУУС горада Мінска з-за жнівеньскіх падзей. Ён будзе абскарджваць рашэнне суда.
"Справа сфабрыкаваная", а пацярпелы і сведкі — на самаізаляцыі. Пачаўся суд над палітвязнем Кулакоўскім
Подпісы панятых не супадаюць, а хадайніцтвы абароны адхіляюцца. Другі дзень судовага працэсу над палітвязнем Кулакоўскім