viasna on patreon

Подпісы панятых не супадаюць, а хадайніцтвы абароны адхіляюцца. Другі дзень судовага працэсу над палітвязнем Кулакоўскім

2021 2021-01-21T20:38:44+0300 2022-01-31T16:38:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kilakouski_sud_2021-01-21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна горада Мінска 21 студзеня прадоўжыўся разгляд крымінальнай справы паводле артыкула 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) у дачыненні да былога начальніка крымінальнага вышуку Заводскага РУУС горада Мінска, а зараз — палітычнага зняволенага Дзмітрыя Кулакоўскага.

kilakouski_sud_2021-01-21.jpg
На судзе Дзмітрыя Кулакоўскага

Нагадаем, па версіі следства, у телеграм-канале "Каратели Беларуси" пятага кастрычніка з'явіліся два каментара пад постам, прысвечаным міліцыянту Смоляру. Яны былі ўстаноўлены як абразлівыя. Напісаў іх карыстальнік пад нікнэймам " [значок маланкі] 88 [значок маланкі]". З ім стаў перапісвацца супрацоўнік Каліноўскі і неўзабаве усталяваў, што за нікам стаіць Кулакоўскі. Той падчас перапіскі прапанаваў Каліноўскаму прадаць звесткі аб расстаноўцы міліцэйскага саставу падчас дзеянняў 9-11 жніўня 2020 года — і прынёс іх на флэшкарце. У той момант Кулакоўскі быў затрыманы, а ў яго доме правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбук, у якім быў знойдзены ярлык, знойдзены і на флешкарте (па версіі Кулакоўскага, ён быў затрыманы падчас паходу ў краму).

Кулакоўскі лічыць справу ў адносінах да яго сфабрыкаванай, паколькі яго пераследуюць за звальненне з РУУС пасля жнівеньскіх падзей.

На першае судовае паседжанне, якое адбылося 20 студзеня, пацярпелы Смоляр, як і сведкі па гэтай справе Гвоздзь і Каліноўскі на судовае паседжанне не з'явіліся па прычыне знаходжання на самаізаляцыі. У другі дзень судовага працэсу пацярпелы і сведкі зноў не з'явіліся, нягледзячы на хадайніцтвы адваката Кулакоўскага Наталлі Тарасюк. Многія іншыя хадайніцтвы абароны таксама судом былі адхіленыя. Аб тым, як прайшоў першы дзень пасяджэнняў, чытайце тут:

"Справа сфабрыкаваная", а пацярпелы і сведкі — на самаізаляцыі. Пачаўся суд над палітвязнем Кулакоўскім

У судзе Маскоўскага раёна горада Менска 20 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітычнага зняволенага Дзмітрыя Кулакоўскага. Ён абвінавачваецца па артыкуле 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады). Кулакоўскага даставілі ў суд пад канвоем . Суддзёй выступае Т. Пірожнікава, а дзяржабвінаваўцам — старэйшы памочнік пракурора Серакоў. Абарону Кулакоўскага прадстаўляе Тарасюк.

Пераносныя значэнні і сэксуальная арыентацыя

Судовае пасяджэнне 21 студзеня пачалося з допытаў Тамары Мезенцавай і Кацярына Чарэднік —судовых экспертаў з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз упраўлення па горадзе Мінску. Менавіта яны праводзілі лінгвістычную экспертызу каментароў, якія нібыта зрабіў Кулакоўскі, і прызналі іх негатыўнымі. Эксперты выкліканыя па хадайніцтве абароны. Самі каментары падчас судовага пасяджэння наўпрост не цытаваліся, аднак у зале судовых пасяджэнняў згадваюцца словазлучэнне "цялесны ніз чалавека", сэксуальная арыентацыя і слова "шліфаваць".

“Мы працуем са слоўнікам і нічога не бярэм з паветра”, — падкрэслілі эксперты.

У выніку іх апытання абарона папрасіла прызначыць экспертызу яшчэ раз, паколькі эксперты ўсё ж сказалі, што калі расцэньваць "гэты выраз" у прамым сэнсе, а не ў пераносным, то для таго, каб сказаць, ці ёсць там негатыўная ацэнка, патрэбныя дадатковыя даследаванні. Але ж суддзя Пірожнікава у такім хадайніцтве адмовіла.

Кампутарны эксперымент не патрэбны

Па хадайніцтве абароны ў зале судовых пасяджэнняў выступіў кампутарны спецыяліст Аляксандр Мясніковіч, які растлумачыў, што ярлыкі на кампутары можна ствараць з мінулай датай (нагадаем, што на ноўтбуку Кулакоўскага быў знойдзены файл, які нібыта быў скапіяваны на флэшку для "продажу" гэтай інфармацыі). Для нагляднай дэманстрацыі гэтага адвакатка прапанавала правесці ў зале суда адпаведны следчы эксперымент. Аднак дзяржабвінаваўца Серакоў з гэтым не згодны: навошта?

"Ноўтбук Кулакоўскага пры ператрусе быў канфіскаваны ненадзейным чынам (без апячатвання і панятых — Заўв.), таму пазіцыя абароны ў тым, што такія ярлыкі маглі б быць створаныя пасля канфіскацыі ноўтбука", — адзначыла адвакатка.

"А навошта нам наогул звесткі ў гэтым ярлыках?", — задаўся пытаннем дзяржабвінаваўца Серакоў.

"Такім чынам следства спрабуе даказаць, што нікнэйм" [значок маланкі] 88 [значок маланкі]" — гэта Кулакоўскі", — адказала адвакатка

"Гэта зацягванне часу".

Суддзя пастанавіла адмовіць у хадайніцтве, “паколькі яно немэтазгодна”.

“Гэта не мой подпіс”

Па хадайніцтве абароны ў залу судовага паседжання выклікалі двух суседак Кулакоўскага, якія былі панятымі пры яго ператрусе шостага кастрычніка  — тады ж і быў канфіскаваны той самы ноўтбук, аб файле ўнутры якога і ідзе гаворка.

Абедзве панятыя адзначылі, што ў кватэры Кулакоўскага пры іх ніякі ноўтбук не канфіскоўваўся і не апячатваўся:

"Літаральна 10 хвілін пастаялі, нас адпусцілі. Потым паклікалі назад, папрасілі распісацца”.

Абарона прадэманстравала абедзвум панятым пратакол ператрусу і спытала — ці іх подпісы стаяць там? Дзіўным чынам подпіс, які знаходзицца ў пратаколе ператрусу, прымацаваным да матэрыялаў крымінальнай справы Кулакоўскага, панятымі быў пазнаны, а вось подпіс у копіі пратаколу ператрусу, які быў у адвакатцы — не.

"Тут не мой подпіс", — адзначылі панятыя.

Аднак подпісы пад гэтымі дакументамі стаялі.

У сувязі з гэтым абарона хадайнічала аб прызначэнні тэхнічнай і почырказнаўчай і тэхнічнай экспертызы, перад якой варта было б паставіць пытанні: Ці адной і той жа асобай  быў запоўнены пратакол ператрусу? Ці адной і той жа асобай быў напісаны ўвесь тэкст пратаколу (бо, па словах адваката, візуальна відаць, што фраза аб апячатванні наўтбука была дапісаная іншым чалавекам)? Чый ж подпіс на пратаколах, якая імітуе подпісы панятых?

Суд гэтымі пытаннямі не зацікавіўся і хадайніцтва адхіліў.

Таксама адхіліць

Абарона заявіла яшчэ адно хадайніцтва — аб прызнанні ўсіх дакументаў, перададзеных ва УСБ, як недапушчальных доказаў, бо яны не былі належным чына легалізаваныя ў рамках крымінальна-працэсуальных нормаў. У чым жа справа?

Асноўным доказам па крыминальнай справе з'яўляецца пратакол агляду з боку УСБ тэлефонаў Смоляра, пацярпелага ад "абразы", і Каліноўскага — сведкі, які пачаў перапіску з нікнэймам "[значок маланкі] 88 [значок маланкі]". Гэтая перапіска раздрукавана ў выглядзе скрыншотаў. Аднак следчы ўласнаручна не праводзіў агляд тэлефонаў  — а толькі бачыў скрыншоты на паперы. Ці з’яўляюцца яны дакладнымі? Гэтае хадайніцтва судом таксама было адхілена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства