viasna on patreon

Тры гады калоніі. Вынеслі чарговы прысуд за пратэсныя акцыі 14 ліпеня ў Мінску

2021 2021-01-15T19:32:13+0300 2021-10-01T15:14:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna19.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна асудзіў 15 студзеня 21-гадовага Арцёма Паўлечку паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа) Крымінальнага кодэкса за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Гэта ўжо восьмая справа за ўдзел у акцыях пратэсту ў сталіцы супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкалы, якое разглядаецца мінскімі судамі. Арцёма Паўлечку абвінавацілі ў тым, што 14 ліпеня на плошчы Перамогі ён ударыў АМАПаўца нагой у грудзі і браў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак. Суддзя Юлія Густыр пакарала 21-гадовага хлопца трыма гадамі пазбаўлення волі. 21 год Арцёму споўнілася 14 студзеня. У гэты дзень ён прамаўляў апошняе слова ў судзе. "Вясна" з дапамогай валанцёраў маніторыла гэта судовае пасяджэнне – расказваем яго абставіны.

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org
Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Ілюстрацыйнае фота: spring96.org

У чым абвінавацілі хлопца?

Арцём быў абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 364. Дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абвінавачванне і суд палічылі ўдзел Арцёма ў акцыі 14 ліпеня, выкрыкванне на ёй лозунгаў, "гучныя воплескі рукамі", невыкананне патрабавання супрацоўнікаў міліцыі "разысціся".

Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнікі мінскага АМАПа – Віталь Самалётаў. Ён ужо выступаў пацярпелым па справе Іллі Фрэня, якога суд Маскоўскага раёна 24 снежня адправіў на 4 гады "калоніі".

Гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа выявіўся ў тым, што Паўлечка "нанёс удар нагой у грудзі Віталю Самалётаву, прычыніўшы яму фізічны боль".

Арцём Паўлечка прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме. У аснову абвінавачвання 21-гадовага хлопца ляглі яго паказанні, паказанні пацярпелых і сведак-супрацоўнікаў АМАПа, пісьмовыя матэрыялы справы і відэаролік, які быў прагледжаны ў закрытым судовым пасяджэнні з-за таго, што на ім змешчаны лагатып прызнанага экстрэмісцкім у Беларусі тэлеграм-канала.

Арцёма затрымалі 14 ліпеня на акцыі супрацоўнікі ў цывільным адзенні. На яго склалі два пратаколы па арт 23.34 і 23.4 КаАП, па якім Ленінскі суд асудзіў яго на 13 сутак. Пасля гэтага адміністрацыйнага арышту Арцём на волю не выйшаў: яго адвезлі ў Следчы камітэт, а потым у ІЧУ на Акрэсціна.

"Вырашыў дапамагчы затрыманым". Што казаў абвінавачаны ў судзе?

Арцём Паўлечка на судзе распавёў, што ўвечары 14 ліпеня шпацыраваў па горадзе з сябрам і ягонай сяброўкай.  Калі яны былі каля ст. м. Кастрычніцкай, то ўбачылі натоўп, які рухаўся да Плошчы Перамогі і выкрыквала "Жыве Беларусь", "Пока мы едины – мы не победимы". Па словах Арцёма, ён паддаўшыся дзеянню натоўпу, вырашыў пайсці за імі. Але, як сцвярджаў Паўлечка на судзе, ён не ведаў, што гэта мітынг:

"Я не знаходжуся ні ў якіх тэлеграм-каналах, групах, звязаных з палітычнымі тэмамі. Таму я не ведаў, што будзе мітынг".

Як распавёў Арцём, калі ён далучыўся да калоны, то разам з людзьмі ў ёй пляскаў у далоні, крычаў лозунгі, сімволікі ў яго ніякай не было, але калі пачуў патрабаванні ад супрацоўнікаў міліцыі разысціся – вырашыў сысці. Калі ён адышоў, то АМАП пачаў затрыманні, пачалася патасоўка з пратэстоўцамі.

"Я ўбачыў гэта і вырашыў вярнуцца, каб, як і ўсе людзі, дапамагчы затрыманым. Я падбег і зрабіў намах нагой на супрацоўніка АМАПу. Ён быў на зямлі, стаяў на каленях, а вакол яго было шмат людзей, якія выраблялі нейкія дзеянні. Але я не магу сказаць, ці ажыццяўляў я канкрэтна нейкія ўдары, так як вакол было шмат людзей. Я нічога не адчуў", – распавядае Арцём Паўлечка на судзе. 

Што кажа пацярпелы супрацоўнік АМАПа?

На судзе пацярпелы супрацоўнік АМАПу Віталь Самалётаў распавёў, што 14 ліпеня на акцыі на плошчы Перамогі АМАП затрымліваў "найбольш актыўных на сваё меркаванне". Калі яны затрымлівалі аднаго пратэстуючага, узяўшы яго пад рукі вялі ў аўтазак, на схіле яго нехта ўдарыў у спіну, ад чаго ён упаў на калені. Таксама ён убачыў іншага супрацоўніка АМАПа Ігара Астапука, які ляжаў на зямлі. У гэты час Самалётаў убачыў, як да Астапука падбягаюць пратэстоўцы і наносяць удары. Пасля гэтага, па словах Самалётава, абвінавачаны падбег да яго і нанёс удар нагой у грудзі.

"Затым да нас падбеглі людзі і пачалі аказваць фізічны супраціў. Мне наносілі ўдары па розных частках цела".

14 ліпеня ён не бачыў, хто яму наносіў удары. Убачыў гэта толькі на відэа, якое паглядзеў перад дачай паказанняў. Пасля ўдару, па словах АМАПаўца, ён не адчуў фізічнага болю.

"Але ўдар быў". 

У медыцынскую ўстанову ён не звяртаўся, лячэнне не праходзіў. У судзе пацярпелы АМАПавец Самалётаў заявіў патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў і папрасіў перавесці грошы на рахунак Мінскага дзіцячага дома №1.

Абвінавачаны цалкам прызнаў іскавыя патрабаванні.

Пакаранне

14 студзеня Арцём у свой Дзень нараджэння прамаўляў апошняе слова, у якім сказаў, што раскайваецца і папрасіў прабачэння ў пацярпелага супрацоўніка АМАПа. Арцём сам з горада Лельчыцы. Прыехаў у Мінск нядаўна, бо ў Лельчыцах не было працы па яго спецыяльнасці. Ён сказаў, што хоча працягнуць навучанне ў універсітэце і займацца любімым хобі.

"Высокі суд, прашу не пазбаўляць мяне свабоды і даць пакаранне мне мякчэй", – сказаў у апошнім слове Арцём Паўлечка.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць Арцёма на падставе ч. 1 арт. 342 і 364 КК трыма гадамі пазбаўлення волі. Суддзя Юлія Густыр прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор. 

Каго яшчэ асудзілі за падзеі 14 ліпеня ў Мінску:

Да чатырох гадоў калоніі асудзілі мінчука за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 14 ліпеня

Суд Маскоўскага раёна Мінска 24 снежня асудзіў паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса 29-гадовага Іллю Фрэня. Яго абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да двух супрацоўнікаў АМАПа 14 ліпеня на плошчы Перамогі – ён адбіваў пратэстоўца ад затрымання. Ілля прызнаў віну часткова, так як шмат чаго не памятае з-за таго, што знаходзіўся «на адрэналіне». Суддзя Лілія Цяліца прызнала Фрэня вінаватым паводле арт. 364 КК і асудзіла яго на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрашваў пракурор, гэта амаль самае строгае пакаранне па гэтым артыкуле. Хлопца арыштавалі ў залі суда.

Іллю Туркова асудзілі да чатырох гадоў калоніі за падзеі 14 ліпеня

Раніцай 30 снежня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска працягнуўся разгляд справы ў дачыненні да Іллі Туркова, якого вінавацяць па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня.

За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў чарговую крымінальная справа за пратэсныя акцыі 14 ліпеня. Распавядаем, пра крымінальную справу і суд над Уладзіславам Усцінам.

Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"

Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала мінчаніна вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу). Антона Лакішыка арыштавалі ў залі суда.

20-гадовага мінчука асудзілі за падзеі 14 ліпеня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса

Глеба Гатоўку судзілі за ўдзел у стыхійнай акцыі пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, дзе штурхнуў нагой у бок супрацоўніка АМАПа і аказаў непадпарадкаванне старэйшаму лейтэнанту АМАПа, а таксама за тое, што з-за боязі захварэць COVID-19 у казарме ўхіліўся ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства