20-гадовага мінчука асудзілі за падзеі 14 ліпеня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 31 снежня асудзіў 20-гадовага мінчука Глеба Гатоўку за падзеі 14 ліпеня адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку АМАПу), арт. 435 (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу). Глеба абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у стыхійнай акцыі пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, дзе штурхнуў нагой у бок супрацоўніка мінскага АМАПа Аляксея Місючэнку і аказаў непадпарадкаванне старэйшаму лейтэнанту АМАПа Дзмітрыю Чарніку, а таксама ў тым, што з-за боязі захварэць COVID-19 у казарме ўхіліўся ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу. Суддзя Аляксандр Рудэнка прызнаў Глеба вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага тры тысячы рублёў на карысць пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа.
Нагадаем, 14 ліпеня праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты, падчас якой было адмоўлена ў рэгістрацыі Валерыю Цапкалу і Віктару Бабарыку. Да вечара па ўсёй краіне прайшлі стыхійныя сходы супраць неабгрунтаваных адмоваў у рэгістрацыі прэтэндэнтам у кандыдаты, якія заручыліся вялікай падтрымкай насельніцтва на этапе збору подпісаў за сваё вылучэнне ў кандыдаты. У Мінску мітынгі скончыліся сутыкненнямі з супрацоўнікамі АМАПу з-за адвольных затрыманняў удзельнікаў мірнага пратэсту.
У чым абвінавацілі мінчука?
Паводле абвінавачання, увечары 14 ліпеня Глеб Гатоўка прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Зыбіцкай у Мінску. Падчас яго мінчук, ігнаруючы законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ужыў гвалт у дачыненні да аднаго з міліцыянтаў. Пасля чаго аказаў актыўны супраціў пры затрыманні.
У верасні 2019 года ён быў адлічаны з аднаго з універсітэтаў, а ў сакавіку 2020 года ваенным камісарам аднаго з раёнаў Мінска яму была ўручана позва для яўкі ў ваенкамат у красавіку. Аднак у пазначаны ў позве час хлопец не з'явіўся, спаслаўшыся на боязь заразіцца COVID-19.
"Быў задаволены, што размеркавалі на службу кіроўцам у спецназ". Што кажа абвінавачаны?
20-гадовы мінчук на судзе прызнаў віну толькі па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу), па астатніх інкрымінаваных артыкулах ён віну не прызнаў.
Глеб Гатоўка распавёў на судзе, што 22 красавіка не з'явіўся ў ваенкамат, атрымаўшы позву пад роспіс, праз тое, што баяўся цеснай прасторы ў казарме, хоць быў задаволены тым, што быў размеркаваны на службу кіроўцам спецназа ў Мар'інай горцы. Асцярогі за сваё здароўе былі выкліканыя высокім узроўнем захворвання COVID-19. Таксама абвінавачаны растлумачыў, што незадоўга да гэтага ўзаемадзейнічаў з кантактам першага ўзроўню. Якіх-небудзь дакументаў пра гэта ён не мае, паколькі пасля ў гэтага чалавека не пацвердзіўся каранавірус. Гатоўка ўспрымаў пагрозу заразіцца COVID-19 як рэальную для свайго здароўя ў сукупнасці з адсутнасцю адэкватных мер па нераспаўсюджванні пандэміі з боку дзяржавы. Аб хранічных захворваннях дыхальнай сістэмы суду расказала яго маці. Абвінавачаны акцэнтаваў увагу суда на тым, што 15 чэрвеня, калі знізілася статыстыка захворвання, ён з'явіўся ў ваенкамат для ўдзелу ў мерапрыемствах па прызыву.
Па падзеях 14 ліпеня Глеб у судзе распавёў, што яму было цікава, чаму людзі шчыльна стаялі ў счэпцы на Нямізе, таму ён падышоў паглядзець бліжэй. Калі ж частка людзей стала перамяшчацца ў бок з-за затрыманняў супрацоўнікамі АМАПу, ён зачапіўся нагой за бардзюр, і яго пацягнула наперад. Супрацоўнікі затрымалі яго каля лесвіцы на спуску ад сабора. Затрыманне, па словах абвінавачанага, было балючым: супрацоўнікі заламалі яму руку, схапілі за ногі і рукі, і ў такім становішчы панеслі ў спецтранспарт.
Гатоўка настойваў, што ён не ўжываў гвалту да супрацоўнікаў АМАПу і ніякага супраціву не аказваў. Аб сумесных дзеяннях з кім-небудзь, па словах абвінавачанага, ён не дамаўляўся і нічога пра гэта не ведаў.
Што кажуць пацярпелыя ў судзе?
"Стаўленне да супрацоўнікаў міліцыі было ўжо тады дрэннае"
Пацярпелымі па справе прызнаныя прапаршчык Аляксей Місючэнка і супрацоўнік мінскага АМАПа Дзмітрый Чэрнік.
У судзе Місючэнка распавёў, што ўвечары 14 ліпеня каля Зыбіцкай, 27, ён разрываў счэпку ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, выхопліваючы самых актыўных грамадзян. Па словах пацярпелага, ўдзельнікі выкрыквалі лозунгі: «Ганьба», «Фашысты», «Міліцыя з народам», свісталі. Супрацоўнікі АМАПу атрымалі каманду разрываць счэпку не з сярэдзіны, а з краю.
Аляксей Місючэнка растлумачыў,што ў адзін момант Гатоўка левай нагой у скачку ўдарыў яму ў бок, пасля чаго абвінавачаны не ўтрымаўся на нагах і ўпаў, сам жа пацярпелы выстаяў. Місючэнка толькі праз некалькі дзён звярнуўся ў трэцюю бальніцу.
"Балеў бок. Стаўленне да супрацоўнікаў міліцыі было ўжо тады дрэннае, таму сказаў лекару, што атрымаў пашкоджанне ў побыце праз тое, што не ведаў якіх поглядаў прытрымліваецца лекар і паставіцца да мяне", – распавёў супрацоўнік.
Па словах Місючэнкі, ён даваў паказанні на стадыі папярэдняга расследавання пасля таго, як яму паказалі відэазапіс інцыдэнту. Суддзя Рудэнка спытаў у яго, ці звяртаўся пацярпелы з заявай у Следчы камітэт па факце прычынення яму цялесных пашкоджанняў. На гэта ён сказаў, следчы сам выклікаў яго па тэлефоне ў Следчы камітэт. Пацярпелы заявіў пазоў на дзве тысячы рублёў, не абгрунтоўваючы сваіх маральных і фізічных пакут. Абвінавачаны пазоў не прызнаў.
"Даводзіцца тлумачыць сям'і, сябрам і сваякам, чаму я так працую"
Другі пацярпелы старшы лейтэнант Дзмітрый Чэрнік выразна не змог распавесці, што адбывалася ўвечары 14 ліпеня каля сабора на Нямізе. З яго паказанняў на судзе было незразумела ці здзейсніў абвінавачаны якое-небудзь злачынства ў дачыненні да яго. Паводле яго словаў, абвінавачаны вырываўся, крычаў, аказваў непадпарадкаванне, пры гэтым ён не бачыў, каб Гатоўка здзяйсняў гвалт. Абаронца абвінавачанага папрасіла Дзмітрыя Чэрніка патлумачыць, чым адрозніваецца непадпарадкаванне ад супраціву, бо менавіта ён складаў рапарт аб непадпарадкаванні. Суддзя Рудэнка зняў пытанне з матывіроўкай аб тым, што ацэнку дзеянняў абвінавачанага будзе дадзена потым судом. Чэрнік, як і папярэдні пацярпелы, не звяртаўся з заявай у Следчы камітэт. Ён растлумачыў, што яго выклікалі ў РУУС на наступны дзень пасля інцыдэнту.
Пацярпелы заявіў пазоў на адну тысячу рублёў, патлумачыўшы гэта тым, што ў яго адрас "шмат бруду, дыскамфорт у сям'і з-за таго, што яму даводзіцца тлумачыць сям'і, сябрам і сваякам, чаму я так працую". Пацярпелы падкрэсліў, што абвінавачваны праявіў яўную непавагу да супрацоўнікаў АМАПа.
Сведчаць шэсць супрацоўнікаў АМАПа
З боку абвінавачвання былі дапытаныя сем сведак: шэсць супрацоўнікаў АМАПа і вядучы спецыяліст аддзела па прызыву ваенкамата, з боку абароны толькі два – маці і сябар абвінавачанага.
Па справе быў дапытаны супрацоўнікі міліцыі Яўген Дудкін (пацярпелы па справе за 14-га ліпеня Антона Лакішыка, якога асудзілі па арт. 364 КК на тры гады калоніі), які растлумачыў, што натоўп паводзіў сябе агрэсіўна, таму што стаяў у счэпцы і не збіраўся разыходзіцца. Інструктаж аб становішчы ў горадзе, па словах сведкі, праводзіў начальнік штаба АМАП Мірончык. Таксама былі дапытаныя супрацоўнікі АМАП Віталь Кулік і Аляксей Вавенскі. Абарона абвінавачанага прасіла выклікаць у якасці сведак двух супрацоўнікаў АМАП, якія былі сведкамі па адміністратыўнай справе ў абвінавачанага, па якой яго асудзілі па арт 23.34 і 23.4 КаАП на 12 сутак арышту. Суддзя Рудэнка пачуўшы хадайніцтва абаронцы, закаціў вочы, закрыў іх на некалькі секунд, потым спытаў у абвінаваўцы яго меркаванне, які не быў супраць выкліку гэтых супрацоўнікаў у якасці сведак. Суддзя на месцы пастанавіў адмовіць у задавальненні хадайніцтва.
Трэці сведка абвінавачвання – супрацоўнік АМАПа Аляксандр Куцко – распавёў, што фізічнай сілы да супрацоўнікаў пратэстоўцы не ўжывалі, толькі пры затрыманні перашкаджалі затрымліваць актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу, штурхалі, тузалі за рукі. Куцко заявіў, што з-за таго, што яго калегі былі ў медыцынскіх масках, ён не можа патлумачыць, хто мог пацярпець. Хоць падчас папярэдняга следства сведка падрабязна апісаў абвінавачанага і яго паводзіны, У што той быў апрануты. У судзе ж не змог прайграць і паловы ад "расказанага" следчаму.
Сведка Штоп з мінскага АМАПа ўжо падрабязна апісаў вопратку і прычоскі чалавека, падобнага на абвінавачанага, які, па яго словах, наносіў удар пацярпеламу Місючэнку. Пры гэтым абарона адзначыла, што сведка не апісаў нанясенне ўдару пацярпеламу, на што суддзя эмацыйна адрэагаваў: "Як не апісваў? Усе апісаў!".
Таксама ў судзе быў дапытаны яшчэ адзін супрацоўнік АМАПу Сяргей Антончык, які распавёў, што 14-га ліпеня сярод мітынгоўцаў былі тыя, хто дзякаваў супрацоўнікам за ветлівае абыходжанне. Пры гэтым ён сам не бачыў ні абвінавачанага, ні яго удараў.
У судзе сябар абвінавачанага Леанід распавёў, што яго затрымлівалі разам з Глебам: падышлі два супрацоўнікі АМАПу, спыталі, ці пойдуць яны самі або іх несці на руках. Пры памяшканні яго ў спецтранспарт супрацоўнікі АМАПу паведамілі калегам: "Гэты ціхі". Але там сведку ўсё роўна збівалі дубінкай, пасля чаго ён убачыў абвінавачанага з ранай на твары.
Як даказвалі здзяйсненне злачынства па артыкуле 342 КК?
У матэрыялах справы была даведка Мінтранса, згодна з якой шкода ад дзеянняў удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства 14 ліпеня склала 72 рубля. Затрымка ў руху тралейбусаў складала да 25 хвілін, таксама наступствам здарэння стала страта некаторых рэйсаў. Называліся некалькі тралейбусаў – № 9, 13, 44.
Як прапаноўвалі пакараць мінчука?
Дзяржаўны абвінаваўца Віктар Завадзіч прапанаваў суду наступныя віды пакаранняў па інкрымінаваных дзеяннях Гатоўкі:
- па арт. 435 КК – арышт на 3 месяцы;
- 342 – пазбаўленне волі на адзін год;
- 363 – пазбаўленне волі на тры гады;
- 364 – пазбаўленне волі на чатыры гады.
У выніку пракурор прапанаваў пакараць 20-гадовага Глеба Гатоўку чатырма гадамі пазбаўлення волі.
Адвакаты мінчука ж прасілі суд цалкам апраўдаць абвінавачанага. Што тычыцца артыкула 435 КК, які ставіцца ў віну хлопцу, то адвакаты звярнулі ўвагу, што ў дадзенай сітуацыі мае месца выключная акалічнасць — пандэмія і рэальная небяспека заразіцца COVID-19 у казарме.
"Захварэла траціна Дзярждумы РФ, прэзідэнт Макрон, прэзідэнт Лукашэнка, і абвінавачаны мог захварэць".
Акрамя таго, адвакаты прывялі ў якасці доваду наяўнасць на сайце Petition петыцыі міністру абароны аб пераносе прызыву ў сувязі з пандэміяй.
Таму абаронцы Гатоўкі прасілі прымяніць правіла заўвагі да артыкула 435 КК, згодна з якой абвінавачваны можа быць вызвалены ад адказнасці пры наяўнасці выключных абставінаў.
Адвакаты Гатоўкі занялі пазіцыю па артыкуле 342 КК, што ёсць указанне аб тым, што гэты артыкул прымяняецца тады, дзе няма прыкмет больш цяжкага злачынства. Абвінавачанаму ж ставіцца гвалт у дачыненні да супрацоўніка. Таму па артыкуле 342 КК мінчук павінен быць апраўданы.
Па словах адваката, сведкі "палёту абвінавачанага з выцягнутай нагой" з'явіліся толькі пасля прагляду відэа, якое незразумела адкуль узялося — пра гэта сказалі і пацярпелыя і сведкі. Запіс адносіцца да недапушчальных доказаў. Эксперт не ўбачыў удару, але яго ўбачыў следчы і распавёў пра гэта дапытваным.
"Мы павінны верыць эксперту, таму што на відэа няма ўдару".
Таксама рапарты супрацоўнікаў не ўтрымліваюць дадзеных ні аб гвалце, ні аб супраціве. Адвакат просіць акцэнтаваць увагу на рапарты, складзеныя па гарачых слядах, больш таго, ёсць пастанова аб адміністрацыйнай адказнасці.
Таму адвакат прасіў апраўдаць Гатоўку паводле арт. 363 і 364 КК за адсутнасцю складу злачынства.
А што вырашыў суд?
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 31 снежня асудзіў 20-гадовага Глеба Гатоўку па чатырох артыкулах КК:
- 435 КК – пазбаўленне волі на адзін год;
- 342 – пазбаўленне волі на два год;
- 363 – пазбаўленне волі на тры гады;
- 364 – пазбаўленне волі на чатыры гады.
Па сукупнасці пакаранняў суддзя Рудэнка прызначыў Гатоўку чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага тры тысячы рублёў на карысць пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа.
Каго яшчэ асудзілі за падзеі 14 ліпеня ў Мінску:
Да чатырох гадоў калоніі асудзілі мінчука за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 14 ліпеня
Іллю Туркова асудзілі да чатырох гадоў калоніі за падзеі 14 ліпеня
За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"
Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"