За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"
КАРТКА ПРАЦЭСА Суд: Цэнтральнага раёна Мінска Абвінавачаны: Уладзіслаў Усцін Артыкул: 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Суддзя: Вікторыя Шабуня Дзяржабвінаваўца: памочнік пракурора Цэнтральнага раёна г. Мінска Арцём Сяргеевіч Цвяткоў Пакаранне, якое запрасіла дзяржабвінавачанне: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу Пакаранне, прызначанае судом: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу Пацярпелы: камандзір 17-га ўзвода 6-ай аператыўнай роты АМАПа Мінгарвыканкама Дзмітрый Канстанцінавіч Чэвушаў |
Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў чарговую крымінальная справа за пратэсныя акцыі 14 ліпеня. Следчы камітэт тады распачаў тры крымінальныя справы: паводле артыкула 363, 364 і 342 Крымінальнага кодэкса. У рамках крымінальных справаў былі затрыманыя два 21-гадовыя мінчукі – Антон Лакішык і Уладзіслаў Усцін. Іх падазравалі таксама па артыкуле 342 КК, аднак судзілі толькі за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АМАПа. Антона Лакішыка 18 лістапада асудзілі на тры гады калоніі за патасоўку з АМАПаўцам на Нямізе. Праз тыдзень, 25 лістапада, да трох гадоў «хіміі» асудзілі Уладзіслава Усціна за штуршок супрацоўніка АМАПу на плошчы Перамогі. Частка судовага паседжання праходзіла ў закрытым рэжыме – з-за вывучэння відэа-доказа з тэлеграм-канала NEXTA, які прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім. Крымінальныя справы хлопцаў разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, а дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў.
Распавядаем, пра крымінальную справу і суд над Уладзіславам Усцінам.
Што адбылося 14 ліпеня
14 ліпеня мінчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. У некаторых пунктах горада назіраліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі.
21-гадовага Уладзіслава Усціна затрымалі на Плошчы Перамогі каля Дом-музея 1-га з'езда РСДРП. У той вечар малады чалавек вяртаўся дадому пасля гутаркі па працаўладкаванні на працу з метро "Пушкінскай". Яму давялося ісці пешшу дадому ў бок Уручча, так як станцыя метро "Кастрычніцкая" была зачыненая. Па словах Уладзіслава, ён не ведаў, што там адбываюцца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
"Я спыніўся каля дома 1-га з'езда РСДРП, каб паглядзець, што там адбываецца. Убачыў, як супрацоўнікі АМАПу затрымліваюць удзельнікаў мерапрыемства, якія выкрыквалі лозунгі і стаялі ў счэпцы. Мне падалося, што чацвёра супрацоўнікаў залішне груба затрымліваюць аднаго пратэстоўца. Я захацеў дапамагчы гэтаму чалавеку. Я падбег і штурхнуў супрацоўніка АМАПу двума рукамі ў спіну. Я адразу адбег, каб і мяне не затрымалі", – распавёў Уладзіслаў на судзе.
Але хлопца праз некалькі хвілін усё роўна затрымалі. Момант затрымання Уладзіслава Усціна трапіў у кадр TUT.BY.
Пасля затрымання яго закінулі ў аўтазак, дзе збівалі. Уладзіслава даставілі ў Фрунзенскае РУУС, дзе ён прабыў ноч. Раніцай яго адпусцілі нават без пратаколу.
Стала вядома імя яшчэ аднаго затрыманага за "гвалт у дачыненні да супрацоўніка ОУС"
Аднак 16 ліпеня Уладзіслава Усціна зноў затрымалі – ужо ў рамках крымінальных справаў, узбуджаных Следчым камітэтам на наступны дзень пасля акцый пратэсту. Хлопец быў затрыманы на сваёй працы людзьмі ў цывільным, якія прадставіліся яго сябрамі. Ён з'яўляўся падазраваным па артыкуле 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС).
Наступныя два месяцы хлопца трымалі пад арыштам у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Дома ва Уладзіслава быў праведзены ператрус, падчас якога ў яго былі канфіскаваныя чырвоныя красоўкі, якія былі далучаныя да крымінальнай справы як рэчавы доказ здзяйснення злачынства.
Спыненне крымінальнага пераследу па артыкуле 342 КК
Крымінальны пераслед Уладзіслава па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) быў спынены ў канцы верасня. Следчы прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях Уладзіслава 14 ліпеня адсутнічаў склад злачынства па гэтым артыкуле.
"Уладзіслаў Усцін 14 ліпеня не прымаў актыўнага ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, не ажыццяўляў збор удзельнікаў і не заклікаў да дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, не кіраваў імі, не перашкаджаў працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Ён не выкрыкваў лозунгаў, не стаяў у счэпцы, не знаходзіўся ў натоўпе і ў бойцы не ўдзельнічаў, а пры затрыманні не аказваў супраціву", — адзначаецца ў пастанове аб спыненні крымінальнай вытворчасці па артыкуле 342 КК.
Матэрыяламі крымінальнай справы ўстаноўлена, што Уладзіслаў не здзяйсняў арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У чым канкрэтна абвінавацілі хлопца
Суд Цэнтральнага раёна прызнаў Уладзіслава вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэксу – гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу Чэўшава з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці.
З абвінавачвання: "Ён назіраў, як паблізу дома на праспекце Незалежнасці, 31А адбываюцца затрыманні пратэстоўцаў з ужываннем фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з тым, што ўдзельнікі-дэманстранты аказвалі актыўны супраціў ім. Разам з тым, ужыванне фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі да ўдзельнікаў масавага мерапрыемства ён палічыў, што немэтазгодна, гэта яго моцна абурыла, таму ён вырашыў дапамагчы аднаму з затрыманых: адцягнуць на сябе ўвагу супрацоўнікаў міліцыі, каб апошні змог схавацца ад супрацоўнікаў міліцыі і пазбегнуць свайго затрымання. Уладзіслаў Усцін падышоў ззаду да аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, які ажыццяўляў затрыманне з ужываннем фізічнай сілы, штурхнуў яго ў спіну двума рукамі, пасля чаго хутка збег з месца злачынства ў сувязі з тым, што баяўся, што будзе затрыманы як удзельнік мерапрыемства. З-за штуршка супрацоўнік АМАПа Дзмітрый Чэвушаў упаў на калена. Але павярнуўшыся, ён не ўбачыў таго, хто яго штурхнуў. Ён працягнуў працэс затрымання ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства". |
Уладзіслаў віну прызнаў цалкам, чыстасардэчна раскаяўся.
Момант штуршка супрацоўніка АМАПа Уладзіславам Усцінам трапіў на відэа, якое было размешчана ў телеграм-канале NEXTA.
Частка судовага следства была закрытай з-за відэа NEXTA
Вывучэнне відэа-доказы, на якім зафіксаваны момант штуршка Усцінам супрацоўніка АМАПу, было праведзена ў закрытым рэжыме, так як відэа ўзята з телеграм-канала NEXTA. 20 кастрычніка канал і лагатып NEXTA гэты ж суд Цэнтральнага раёна па заяве ГУБАЗіКа прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Таму Вікторыя Шабуня прыняла рашэнне вывучыць відэа з канала NEXTA, які з 20 кастрычніка таксама аўтаматычна стаў экстрэмісцкім, у закрытым судовым рэжыме.
Што казаў на судзе пацярпелы супрацоўнік АМАПа
Пацярпелым па гэтай крымінальнай справе прызнаны камандзір АМАПу Дзмітрый Чэвушаў, які ажыццяўляў ахову грамадскага парадку 14 ліпеня на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён з'яўляецца камандзірам 17-га ўзвода 6-й аператыўнай роты ААМАПу Мінгарвыканкама. Па адукацыі — педагог.
Па словах Чэвушава, счэпкі пратэстоўцаў закрывалі праходы людзей на тратуарах. Як ён распавёў на судзе, каго затрымліваць на такіх мерапрыемствах — яны даведаюцца ад супрацоўнікаў у цывільным, якія працуюць унутры "арганізаванай калоны", якія і перадаюць гэта па станцыі.
"Мы ж не ўсіх запар затрымліваем: людзі ідуць з працы і на працу".
Тое, што ў той вечар у Мінску было анансавана несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, ён даведаўся ад кіраўніцтва. На судзе Чэвушаў растлумачыў, што 14 ліпеня ён з іншымі супрацоўніка АМАПу перасоўваўся па горадзе "па меры ўтварэння гэтых ланцугоў і збору людзей".
"Ёсць людзі, якія працуюць на гэтым участку, і яны паведамляюць, што тут сабралася вялікая колькасць людзей".
Тое, што 14 ліпеня каля Дома 1-га з'езда РСДРП яго хтосьці штурхнуў, супрацоўнік АМАПа ўбачыў толькі потым на відэа. Адразу ён думаў, што яго нехта зачапіў, калі ўцякаў. Пасля штуршка ён страціў раўнавагу і апусціўся на калена, пры гэтым, як сказаў на судзе пацярпелы, ён адчуў толькі кароткатэрміновую боль. Хоць падчас допыту на следстве 17 ліпеня ён сказаў, што наогул ніякага болю ад гэтага штуршка ён не адчуў. Ніякіх пашкоджанняў або траўмаў ад гэтага штуршка пацярпелы супрацоўнік АМАПа не атрымаў, у медыцынскую ўстанову не звяртаўся.
На судзе ён не заяўляў пазоўных патрабаванняў: ні маральных, ні матэрыяльных прэтэнзій да Уладзіслава Усціна ў яго не было.
Пакараць Уладзіслава Усціна АМАПавец прасіў суддзю Шабуню "па меркаванні суда".
Пракурор Арцём Цвяткоў прасіў пакараць 21-гадовага Уладзіслава Усціна абмежаваннем волі на тры гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня 25 лістапада прызначыла менавіта такое пакаранне хлопцу.
Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"