viasna on patreon

Да чатырох гадоў калоніі асудзілі мінчука за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 14 ліпеня

2020 2020-12-24T11:20:15+0300 2021-10-01T15:21:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fren_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёна Мінска 24 снежня асудзіў паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса 29-гадовага Іллю Фрэня. Яго абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да двух супрацоўнікаў АМАПа 14 ліпеня на плошчы Перамогі – ён адбіваў пратэстоўца ад затрымання. Ілля прызнаў віну часткова, так як шмат чаго не памятае з-за таго, што знаходзіўся «на адрэналіне». Суддзя Лілія Цяліца прызнала Фрэня вінаватым паводле арт. 364 КК і асудзіла яго на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрашваў пракурор, гэта амаль самае строгае пакаранне па гэтым артыкуле. Хлопца арыштавалі ў залі суда.

Ілля Фрэнь у судзе. Фота: spring96.org
Ілля Фрэнь у судзе. Фота: spring96.org

Што адбылося 14 ліпеня

Пацярпелымі па справе прызнаныя два супрацоўнікі мінскага АМАПа – Ігар Астапук і Віталь Самалётаў.

Як распавёў на судзе Ілля Фрэнь, 14 ліпеня ён пасварыўся з жонкай і вырашыў праехацца па горадзе, але дарога каля плошчы Перамогі апынулася перакрытая. Таму ён вырашыў пайсці пешшу. Каля Зыбіцкай Ілля сустрэў кампанію асоб, якая прапанавала яму прайсціся разам з імі. Па словах Іллі, ніякай сімволікі пры сабе ў іх не было. Потым каля цырка людзей пачаў затрымліваць АМАП і ўсе пабеглі ў розныя бакі.

Каля праспекта Незалежнасці 31а Ілля ўбачыў, як супрацоўнік АМАПа паваліў на зямлю невядомага хлопца і сілай яго затрымліваў. Па словах Фрэня гэты супрацоўнік – Віталь Самалётаў – яго біў. Астапук знаходзіўся побач, але ніякіх дзеянняў не рабіў. Па словах абвінавачанага, ён вырашыў дапамагчы ляжачаму на зямлі хлопцу і спачатку ўдарыў нагой Астапука па ягадзіцах, пасля чаго супрацоўнік АМАПа ўпаў і праехаўся на калене. Затым Ілля Фрэнь ударыў Самалётава два разы ў вобласць галавы і два разы па грудзі. Па словах абвінавачанага, яму здалося, што Самалётаў пачаў замахвацца на яго дубінкай да таго, як ён нанёс удары. Затым супрацоўніку АМАПа Астапуку былі нанесеныя яшчэ некалькі ўдараў, але ніхто не памятае, што канкрэтна адбывалася. Супрацоўнік АМАПу Самалётаў сцвярджае, што затрыманне хлопца ён ажыццяўляў, але не біў яго.

Пасля інцыдэнту Ілля Фрэнь уцёк, але праз некаторы час яго затрымалі: з 29 ліпеня па 8 жніўня ён утрымліваўся пад вартай.

У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну прызнаў часткова: прызнаў, што сапраўды ім былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні супрацоўнікам АМАП, але куды і якім чынам ён дакладна не памятае, паколькі знаходзіўся пад дзеяннем "адрэналіну". У зробленым раскайваецца. 

Падчас следства абвінавачаны запісаў відэа з выбачэннямі перад супрацоўнікамі АМАП. Яны на судзе сказалі, што бачылі гэтае відэа. 

Якая была прычынена шкода супрацоўнікам АМАПа

У выніку дзеянняў Іллі Фрэня супрацоўнікам АМАПа былі нанесеныя лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя.

У супрацоўніка АМАПа Астапука быў падчас патасоўкі пашкоджаны тэлефон, таму ён заявіў у судовым пасяджэнні грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў памеры 500 рублёў. Аднак ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць памер заяўленых патрабаванняў прад'яўлена не было. Акрамя таго, Астапук заявіў патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. Ён растлумачыў, што перажыў пакуты, паколькі быў збіты пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Паводле яго словаў, пакуты ён атрымаў і ад таго, што таксама быў зняты на відэа і, паколькі ён увесь час быў без балаклавы (яе сарвалі невядомыя да сітуацыі з абвінавачаным), яго маці пазнала яго на гэтым відэа, тэлефанавала яму і перажывала за яго самаадчуванне.

Іншы супрацоўнік АМАПу Віталь Самалётаў заявіў грамадзянскі пазоў аб пакрыцці маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў. Ён растлумачыў, што перажывае з-за таго, што супрацоўнік міліцыі можа быць збіты пры выкананні сваіх службовых абавязкаў і што гэта можа паўтарыцца. Таксама ён абяцаў накіраваць гэтыя грошы ў дзіцячы дом.

Фрэнь пагадзіўся з патрабаваннямі першага супрацоўніка АМАПа цалкам у частцы пакрыцця матэрыяльнай шкоды, часткова – кампенсацыі маральнай шкоды. Ён пагадзіўся выплаціць 200 рублёў. З патрабаваннямі іншага супрацоўніка АМАПу ён пагадзіўся цалкам.

Пакаранне

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў у суда чатыры гады пазбаўлення волі Фрэня з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. Абаронца прасіў суд прызначыць пакаранне без пазбаўлення волі. Аднак суддзя Цяліца прызначыла тое, што прасіў пракурор – хлопца арыштавалі ў зале суда. У Ілля дома сям'я: жонка і 7-гадовае дзіця. 

Іншыя суды за пратэсныя акцыі 14 ліпеня:

Суд пачаў разгляд крымінальнай справы Іллі Туркова па падзеях 14 ліпеня

17 снежня ў судзе Прешамайскага раёна г. Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Іллі Туркова. Яго вінавацяць паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі, якія адбываліся каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня.

За штуршок у спіну АМАПаўца 14 ліпеня мінчука асудзілі да трох гадоў "хіміі"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў чарговую крымінальная справа за пратэсныя акцыі 14 ліпеня. Распавядаем, пра крымінальную справу і суд над Уладзіславам Усцінам.

Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"

Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала мінчаніна вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу). Хлопец уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, калі апошнія сталі ў счэпку. Негледзячы на тое, што супрацоўнік мінскага АМАПу пасля патасоўкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, яму кампенсаваная маральная шкода ў тысячу рублёў, хлопец цалкам прызнаў сваю віну, яму прызначылі тое пакаранне, якое прасіў пракурор. Антона Лакішыка арыштавалі ў залі суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства