Суд пачаў разгляд крымінальнай справы Іллі Туркова па падзеях 14 ліпеня Дапоўнена
17 снежня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Іллі Туркова. Яго вінавацяць паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі, якія адбываліся каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня.
Справу разглядае суддзя Таццяна Ліннік. Пацярпелым выступае супрацоўнік АМАПу Ігар Астапук. На думку памочніка пракурора Зубко, віна падсуднага пацвярджаецца паказаннямі пацярпелага і пісьмовымі матэрыяламі справы.
Сёння ў працэсе быў дапытаны Ілля Туркоў. Мужчына быў затрыманы 27 ліпеня дома і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Сваёй віны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх падсудны не прызнаў. А вось па арт. 364 Крымінальнага кодэкса – “Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” – прызнаў.
Ілля Туркоў кажа, што 14 ліпеня знаходзіўся ў Мінску па працоўных пытаннях, пасля працы стэлефанаваўся з сябрам, з якім сустрэліся на плошчы Незалежнасці і пайшлі шукаць кафэ, каб паразмаўляць. Дайшоўшы да Палаца Рэспублікі ўбачылі шмат людзей, было падобна, што нешта адбываецца. Потым мужчыны дайшлі да плошчы Перамогі, там была вялікая колькасць людзей, якіх хапалі людзі ў балаклавах без апазнавальных знакаў, і для Іллі Туркова было незразумела, што адбываецца. Непасрэдна каля плошчы Перамогі таксама былі людзі з нашыўкамі АМАП і ў масках.
"Людзі паводзілі сябе па-рознаму: хтосьці пляскаў у ладкі, хтосьці нешта крычаў. Памятаю, што людзі крычалі "Міліцыя з народам". Потым на преходе мы з сябрам патрапілі ў счэпку. Атрымалася так, што мы стаялі, а хлопцы сталі падхопліваць, мяне таксама падхапілі пад рукі, і я так стаяў. Я не супраціўляўся, бо не вельмі разумеў, што адбываецца. Грамадзянскія людзі выклікалі ў мяне больш спакою, чым людзі ў балаклавах, бо мне было незразумела – гэта бандыты або разбойнікі, ці нейкія спецслужбы. Хвіліны дзве-тры мы пастаялі у счэпцы, потым усё разбегліся, і я таксама ўцёк", – распавёў падсудны.
Ілля Туркоў заявіў у судзе, што не ўсведамляў, навошта людзі сабраліся ў гэтым месцы, сам ён лозунгі не выкрыкваў, нікога ні да чаго не заклікаў, лагатыпаў і сімволікі пры сабе не меў, у далоні не пляскаў. Кажа, што не браў удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, яму было проста цікава даведацца, чаму так шмат людзей сабралася. Сцвярджае, што далёкі ад палітыкі, за навінамі і палітычнай сітуацыяй не сочыць.
Калі супрацоўнікі прыбеглі з дубінкамі, людзі пабеглі ўніз. Ілля Туркоў з сябрам прыселі пакурыць на лавачку. Але не не паспелі яны выкурыць па цыгарэце, як падсудны ўбачыў, што бягуць людзі ў балаклавах і з дубінкамі, пасля яны накінуліся ўдваіх на аднаго хлопца, адзін - пачаў яго біць дубінкай.
"Для мяне гэта непрымальна, калі на безабароннага маладога хлопца накідваюцца, калі можна так сказаць, жлабы - вялізныя людзі. У іх былі нашыўкі "АМАП". Калі я ўбачыў, як збіваюць безабароннага чалавека, мне захацелася адцягнуць гэтых супрацоўнікаў. Пацярпелы ўжо паваліў на зямлю гэтага хлопца, і я хацеў скінуць супрацоўніка АМАПу.
Я бачыў яго са спіны, падбег, штурхнуў два разы далонямі. Збегліся людзі, хтосьці пачаў наносіць ўдары; так як мае штуршкі не падзейнічалі, я таксама паддаўся эмоцыям і два разы ўдарыў кулаком у вобласць спіны. Пасля гэтага я стаў уцякаць, таму што прыбеглі яшчэ супрацоўнікі АМАП з дубінкамі", - патлумачыў суду Ілля Туркоў.
Ён ацаніў свае дзеянні непрыстойнымі, лічыць, што не павінен быў так паступаць, папрасіў прабачэння ў пацярпелага за свае дзеянні, раскайваецца і не хоча, каб у яго жыцці такое паўтарылася.
Суд апытаў і пацярпелага. Ён заявіў, што падчас нясення службы ў раёне плошчы Перамогі неаднаразова папярэджваў прысутных людзей аб супрацьпраўных дзеяннях з іх боку - ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасля гэтага супрацоўнікам АМАП паступіла каманда аб затрыманні найбольш актыўных грамадзян, былі вылучаныя два "завадатары", якія крычалі і заклікалі іншых да актыўных дзеянняў. Ігар Астапук з іншым супрацоўнікам АМАП - Самалётавым - пачалі праводзіць затрыманне, спрабавалі адвесці затрыманага ў службовы аўтатранспарт, але ў гэты момант да Самалётава падбеглі ззаду і ўдарылі, пасля чаго ён упаў. Да Астапука таксама падбеглі і штурхнулі ў спіну, ён павярнуўся і схапіў таго, хто штурхае, за кофту. Яны разам "паляцелі ўніз кулём", пасля чаго супрацоўнік АМАП паспрабаваў затрымаць хлопца, які ўжыў да яго гвалт, а Самалётаў спрабаваў адганяць пратэстоўцаў, якія падбягалі з розных бакоў. Потым пацярпелага ўдарыў невядомы чалавек у спіну, пасля чаго да яго падбег натоўп і пачалі збіваць: удары наносіліся па спіне, галаве і іншых частках цела.
Іллю Туркова ён не бачыў, даведаўся пра яго толькі пры праглядзе відэазапісу.
У пацярпелага былі зафіксаваны сіняк на правым калене і драпіны на руках. Пры гэтым, ад чыіх канкрэтна дзеянняў з'явіліся цялесныя пашкоджанні Астапук сказаць не можа. Таксама ў яго ўтварыліся пашкоджанні форменнага абмундзіравання.
Пацярпелы заявіў аб кампенсацыі яму маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. На яго думку, шкоду выявілася ў тым, што відэазапіс абляцеў увесь інтэрнэт, яго маці вельмі моцна перажывала, а сябры ў працягу месяца тэлефанавалі, пісалі ў сацсетках і пыталіся, ці ён на відэа і ці ўсё з ім у парадку. Таксама яму самому было непрыемна, што ён знаходзіўся ў форменным абмундзіраванні і да яго ўжылі фізічную сілу, што нібыта сведчыць аб тым, што кожны чалавек можа проста так біць супрацоўніка міліцыі.
Адвакат Іллі Туркова адзначыла супярэчнасці ў паказаннях пацярпелага, дадзеных падчас папярэдняга следства і ў судзе. Так, у паказаннях Астапука ад 9 лістапада значыцца, што "дзеяннямі Туркова (два ўдары рукой па спіне) ніякіх цялесных пашкоджанняў, апісаных у заключэнні судова-медыцынскага эксперта, нанесена не было; ніякая маёмасць, у тым ліку мабільны тэлефон, не пашкоджаная". Пацярпелы пацвердзіў, што дадзеныя ім раней паказанні адпавядаюць рэчаіснасці.
Пасля суддзя Таццяна Ліннік перайшла да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Паводле іх, Ігар Астапук атрымаў драпіны рук, траўму каленнага сустава, а кошт лячэння склаў 2580 рублёў 30 капеек.
Пры правядзенні сітуацыйнага аналізу дзеянняў Іллі Туркова было ўстаноўлена наступнае: "на відэазапісы жорсткая бойка з АМАПам, з 0:00.29 па 0:00.34 Туркоў падбягае са спіны супрацоўніка АМАП, які праводзіць затрыманне, трымае рукі перад сабой, штурхае супрацоўніка АМАП у спіну, пасля чаго схапіўшыся за вопратку двума рукамі са спіны падштурхоўвае яго да зямлі, далей правай рукой наносіць зверху ўніз два ўдары па спіне супрацоўніка АМАП, пасля чаго ўцякае".
Таксама у матэрыялах справы маецца характарыстыка з СІЗА-1, у якой пазначана, што Ілля Туркоў дапускаў парушэнні рэжыму ўтрымання і правілаў унутранага распарадку, за што быў пакараны ў дысцыплінарным парадку - вынесенае спагнанне ў выглядзе вымовы. З сукамернікамі ўжываецца без канфліктаў, імкнецца падтрымліваць роўныя адносіны з усімі. Указанні службовага персаналу выконвае, але патрабуе за сабой пастаяннага кантролю.
Да матэрыялаў справы па хадайніцтву абаронцы былі далучаныя станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы падсуднага. Таксама Ілля Туркоў не пагадзіўся з неабходнасцю выплаты маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянеру. А Ігар Остапук, у сваю чаргу, прыняў прабачэнні абвінавачанага.
У судзе аб'яўлены перапынак. Разгляд справы працягнецца ў 10.00 23 снежня.
Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. Інфармацыя будзе ўдакладняцца.