На гомельскага актывіста Няпомняшчых узбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора ў залі суда

2020 2020-12-31T11:17:34+0300 2020-12-31T11:19:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uladzimir_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскаму грамадскаму актывісту Уладзіміру Няпомняшчых прад'яўленае абвінавачванне за публічную абразу пракурора (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). 68-гадовага актывіста абвінавачваюць у абразе памочніцы пракурора Гомеля Алесі Жураўскай у зале суда. Пасля абвяшчэння прысуду 26 лістапада Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы, дзе Жураўская падтрымлівала дзяржабвінавачванне, актывіст сказаў: «Арганізаваная злачынная група». Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнае і заяўляе, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду. Актывіст змешчаны ў СІЗА Гомеля. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна". 

Уладзімір Няпомняшчых. Фота: flagstok.info
Уладзімір Няпомняшчых. Фота: flagstok.info

23 снежня ў кватэры палітычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі на 72 гадзіны. Але тады было вядома, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Пагрозы ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні). 

"Я нікому не пагражаў. Калі Васіленку судзілі за замену дзяржаўнага сцяга на плошчы, пасля прысуду я сказаў, што адказнасць за гэта будуць несці ўсе", – каментаваў да арышту свае словы 68-гадовы гамяльчук.

Арышт і памяшканне да суда ў СІЗА 68-гадовага мужчыну праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка называе "помстай" з боку пракуратуры, якая з'яўляецца неадэкватнай і суровай у адносінах да зробленага.

"Крымінальны кодэкс прадстаўнікоў улады вылучае ў асобную катэгорыю людзей. У выпадку абразы звычайнага чалавека ён павінен звярнуцца ў суд і абараняць сябе ў рамках грамадзянскага судаводства. Парог крытыкі чыноўнікаў вышэй – крымінальная адказнасць. Усе павінны быць роўныя перад законам, па-за залежнасці ад займаных пасад", – пракаментаваў справу актывіста Судаленка.

Санкцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.

Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"

З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, больш чым за сем месяцаў у краіне заведзена больш за 900 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства