Маладзечна: паўтары гады "хіміі" і чатыры тысячы рублёў за абразу начальніка міліцыі
29 снежня ў Маладзечна вынесены прысуд Паўлу Берасневу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу. Яго асудзілі да абмежавання волі на год і шэсць месяцаў з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу – “хіміі”. Таксама Бераснеў павінен выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды – 4000 рублёў.
Справу разгледзела суддзя Вікторыя Палішчук. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла Алена Балоціна. Абаронцам Паўла Бераснева быў адвакат Алег Пятроў. Пацярпелым прызнаны начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.
21 снежня адбылося першае пасаджанне. На ім былі дапытаныя пацярпелы і сведкі. Вадзім Прыгара паказаў, што адчуў велізарныя маральныя пакуты праз надпісы на сценах, якія знеслаўляюць яго і шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Пацярпелы адзначыў, што да яго на прыём рэгулярна прыходзяць людзі, якія пытаюцца, чаму не пакараныя людзі, якія кожны дзень пішуць пра яго зневажальныя надпісы. На пытанне адваката, чаму начальнік РАУС вырашыў, што надпісы датычацца яго, ён адказаў, што адзіны чалавек з прозвішчам Прыгара ў Маладзечна.
Прыгара папрасіў пакараць Бераснева пазбаўленнем волі, хаця максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — тры гады абмежавання волі. У якасці сваёй маральнай кампенсацыі ён папрасіў перавесці дзесяць тысяч рублёў у Радашковіцкі дзіцячы дом.
Таксама былі апытаныя міліцыянеры патрульна-паставой службы Захар Закамскі і Іван Якаўлеў. Адзіз з іх паказаў, што затрымліваў Бераснева, які ўцякаў, у той час, калі яго калега абыходзіў дом, на якім быў надпіс. Берасневу паказалі службовае пасведчанне, і той не супраціўляўся, лёг на зямлю і заклаў рукі за спіну. Другі супрацоўнік, які затрымліваў абвінавачанага, паказаў, што не тое бачыў, не тое не бачыў, як Бераснеў пісаў на сцяне, падбёг да яго, але Бераснеў стаў уцякаць. Пасля гэтага яго сустрэў іншы міліцыянт, які аббягаў дом з іншага боку. Да Бераснева, па яго паказаннях, прымянілі слезацечны газ. Пры затрыманні міліцыянты былі не ў форменнай, а ў цывільнай вопратцы.
22 снежня прайшло другое паседжанне. Спачатку былі заслуханыя прадстаўнікі УП “Пани” — арганізацыі, якая вылучыла пазоў на каля 5700 р. за шкоду маёмасці. Ірына Коко ўпэўненя, што ўсе чатыры надпісы напісаныя на сцяне іх будынка зроблены ў розны час цягам месяца падсудзімым. Аднак высветлілася, што будынак знаходзіцца ў маёмасці маці дырэктара фірмы, якая не вылучала пазоў.
Дырэктар арганізацыі Аляксандр Батан паказаў, што тройчы звяртаўся ў РАУС праз надпісы на сценах, але адтуль тройчы прыходзілі фармальныя адказы. Напярэдадні згаданых падзей да яго звярнуўся намеснік начальніка РАУС, каб Батан даў ключы ад будынка для арганізацыі там “засады”. У тую ж ноч быў затрыманы Бераснеў: Батан упэўнены, што ўсё надпісы зрабіў менавіта ён.
Потым анлайн быў заслуханы эксперт-лінгвіст Аляксей Чарняцоў, які прызнаў, што ў экспертызе слова "ЧМО" прызнанае нецэнзурным праз тэхнічную памылку.
Абвінавачаны сказаў, што 13 верасня ён пад уплывам імпульса вырашыў напісаць на сцяне бліжэйшага дома што-небудзь пра Міхаіла Прыгару, які быў асуджаны па так званай “справе банкіраў” у жніўні 2020 года. Пасля хацеў зрабіць фота і замаляваць надпіс, каб ніхто не ўбачуў. Заяўленую падчас следства шкоду фірме ў памеры 307 рублёў ён кампенсаваў.
Пракурор запрасіла для абвінавачанага паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову – “хіміі”.
28 снежня Павел Бераснеў выступіў з апошнім словам. Ён не пагадзіўся з абвінавачаннем і падкрэсліў несупадзенні ў паказаннях сведак. Таксама ён адзначыў, што першыя паказанні ў РАУС даваў у кайданках, у той час, калі ягоны твар быў заліты газай, – прымяненне такіх сродкаў пры несупраціве з’яўляецца катаваннем, згодна з міжнароднымі пактамі. Павел Бераснеў падкрэсліў, што адрасат зробленага ім надпісу не ўстаноўлены. Ён, у сваю чаргу, не збіраўся нікога абражаць і раскайваецца ва ўчынку: гэта пацяврджаецца тым, што ён сплаціў пазначаную ў абвінаваўчым заключэнні суму шкоды.
Паўла Бераснева асудзілі да абмежавання волі на год і шэсць месяцаў з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу – “хіміі”. Таксама Бераснеў павінен выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды – 4000 рублёў.