Заклікаў звязваць скотчам рукі, ногі, цела АМАПаўцам. Пенсіянера асудзілі да 2,6 года "хатняй хіміі" за выступ на плошчы Незалежнасці
КАРТКА ПРАЦЭСА Суд: Заводскага раёна Мінска Абвінавачаны: Уладзімір Урбан Артыкул: арт. 13, арт. 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі (падтрыхтоўка да гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Суддзя: Жанна Хвайніцкая Дзяржабвінавачванне: Верамей Пакаранне, якое запрасіла дзяржабвінавачванне: 3 гады "хатняй хіміі" Пакаранне, якое прызначыў суд: 2,6 гады "хатняй хіміі" |
Суд Заводскага раёна асудзіў 1 снежня 63-гадовага педагога Уладзіміра Урбана па арт. 364 Крымінальнага кодэкса да 2,6 гадоў "хатняй хіміі". Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 21 жніўня на плошчы Незалежнасці каля помніка Леніна “заклікаў да гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў міліцыі і АМАП з дапамогай гуказмацняльнай апаратуры”. Падчас затрымання ў мужчыны здарыўся інфаркт – цяпер ён з інваліднасцю трэцяй групы. Пенсіянер цалкам не прызнаў віну, а вінаватасць яго абгрунтоўваецца толькі паказаннямі сведак-міліцыянтаў. "Вясна" распавядае пра суд над Уладзімірам Урбанам.
У чым яго канкрэтна абвінавачваюць?
Уладзіміра Урбана абвінавацілі па арт. 13, арт. 364 Крымінальнага кодэкса: падрыхтоўка да гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці.
Паводле абвінавачвання 63-гадовы мужчына 21 жніўня паміж 20:00 і 21:20 "прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – мітынгу на плошчы Незалежнасці. Маючы намер на падбухторванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, шляхам псіхічнага ўздзеяння на неўстаноўленае кола асоб, якія знаходзіліся на несанкцыянаваным мітынгу, з дапамогай публічнага выступу з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры і мікрафона, выклікаючы грамадзянам сваім выступам пачуццё ўпэўненасці і беспакаранасці за здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС у цэлым, і, у прыватнасці, супрацоўнікаў атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння МУС у мэтах перашкоды іх законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці, з помсты за выкананне гэтай дзейнасці, у тым ліку, па ахове грамадскага парадку, па спыненні здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў і крымінальна каральных дзеянняў на тэрыторыі горада Мінска і Рэспублікі Беларусь, забеспячэння грамадскай бяспекі, падбухторваў да здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК, а менавіта, да ўжывання гвалту ў адносінах супрацоўнікаў АМАПа ў выглядзе звязвання рук, ног і цела скотчам, абмежаванні свабоды перамяшчэння шляхам гвалтоўнага ўтрымання сваімі рукамі за рукі, цела і вопратку, г. зн. здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, якія пасягаюць на ўстаноўлены парадак выканання законнай службовай дзейнасці супрацоўнікамі АУС, а таксама на фізічную недатыкальнасць названых супрацоўнікаў. Падрыхтаваўшыся такім чынам да здзяйснення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў, Урбан не давёў задуманае да канца па абставінах незалежных ад яго волі, так як удзельнікамі мітынгу не былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, а сам ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі".
"Такое не можа не пакінуць абыякавым". Што кажа абвінавачаны?
На першым паседжанні Уладзімір Урбан распавёў, што 21 жніўня у свой выходны ішоў паўз плошчу ў ГЦ "Сталіца", дзе ўбачыў выступоўцаў і падыйшоў да іх. Калі пачуў аповеды жанчын, як збівалі іх дзяцей 9-11 жніўня, узяў мікрафон і заклікаў не даваць сябе ў крыўду і абараняць.
"Было вельмі эмацыйна, таму, калі дзяўчына працягнула яму мікрафон, вырашыў выступіць, хоць і не планаваў. Нармальнага чалавека такое не можа не пакінуць абыякавым", – сказаў Уладзімір Урбан на судзе.
Па яго словах, у сваёй прамове 21 жніўня на Плошчы мужчына сказаў, што "не трэба ўцякаць, трэба абараняцца, не даваць сябе ў крыўду, але не заклікаў нападаць". Як ён растлумачыў на судзе, ён меў на ўвазе самаабарону. Дакладныя фармулёўкі на судзе не ўспомніў з-за часу і інфаркту, але ён дакладна ведае, што казаў, што нельга дапускаць празмернага гвалту над сабой. Таксама заўважыў, што яго педагагічная адукацыя не дапускае наогул пастаноўку аб закліку да гвалту. Яго прамова каля помніка Леніна доўжылася 3-5 хвілін.
"Пра скотч можа і казаў, не памятаю. Калі людзі сталі смяяцца, зразумеў, што пачаў гаварыць глупства".
На руках занеслі на чацвёрты паверх РУУС. Падчас затрымання здарыўся інфаркт
Мужчыну затрымалі 21 жніўня, калі ён вяртаўся дахаты з Плошчы: людзі ў цывільным запхалі ў бус, давілі каленам, ён пачаў задыхацца і страчваць прытомнасць. Тады яму лілі ваду на галаву, ён не мог ісці, таму што адняўся левы бок. Калі ён сказаў, што далей ён ісці не можа, мужчыну на руках занеслі на чацвёрты паверх Маскоўскага РУУС. Пасля гэтага выпадку ён атрымаў інфаркт, пасля якога ён атрымаў інваліднасць. Цяпер Уладзімір Урбан знаходзіцца на іваліднасці трэцяй групы.
Уладзімір Урбан расказаў, што яму пабілі акуляры і тэлефон, не далі лекі, калі ён папрасіў. Аформілі пратакол за ўдзел у мітынгу і змясцілі ў камеры, дзе яму стала блага: лекарка на Акрэсціна, куды яго прывезлі, накіравала педагога ў шпіталь. Але яго вярнулі ў РУУС, адкуль хуткая пад канвоем забрала яго ў першую лякарню толькі раніцай. Там лекар сказаў, што калі б яшчэ трошкі, маглі б не выратаваць. У лякарні таксама Урбана дапытваў следчы.
“Пасля гэтых падзей мне не працягнулі кантракт на працы, – расказаў Урбан. – Таксама з-за збіцця я атрымаў інваліднасць трэцяй групы праз інфаркт”.
"Яго на плошчы не затрымалі, бо шмат людзей было". Што казалі на судзе сведкі-міліцыянты?
Па справе былі дапрошаны тры сведкі – усе супрацоўнікі міліцыі. Участковы Маскоўскага РУУС Мінска Арцём Кірыленка распавёў на судзе, што "ў канцы жніўня нёс службу на плошчы Незалежнасці па ахове грамадскага парадку, інфармаваў грамадзян аб несанкцыянаваным мерапрыемстве, убачыў абвінавачанага, калі той выступаў каля помніка Леніну". Па словах участковага Урбан казаў там, што "хопіць баяцца, трэба валіць АМАП, разбівацца на групы па пяць чалавек, выкарыстоўваць скотч". Выступ пенсіянера доўжыўся каля пяці хвілін.
"Потым да мяне падышлі супрацоўнікі АМАП у цывільным і папрасілі праехаць з імі для затрымання гэтага грамадзяніна. Яны ўжо ведалі, хто ён і яго адрас. Яго на плошчы не затрымалі, бо шмат людзей было. Мы прайшлі ў аўтобус, паехалі ва Уруччы, дзе затрымалі грамадзяніна. Даставілі ў Маскоўскі РАУС, дзе я склаў рапарт аб удзеле ў мітынгу і выступе. Супраціўленне пры затрыманні не аказваў", – распавёў участковы Кірыленка.
Сведка на судзе сказаў, што чалавек рашуча і сур'ёзна заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Але па хадайніцтве адваката былі абвешчаныя пісьмовыя паказанні гэтага сведкі ад 21 жніўня:
"Словы Урбана, што грамадзянам трэба збірацца па пяць чалавек, браць з сабой скотч, нападаць на АМАП, калі яны па адным і звязваць іх, калі яны будуць нападаць на людзей з адмысловымі сродкамі, ён успрыняў гэта як балбатню, галаслоўнасць, не спалохаўся, пачуццё страху не ўзнікла, бо ў супрацоўнікаў АМАП ёсць спецсродкі, а ў людзей падручныя сродкі (камяні). Урбан паводзіў сябе спакойна, быў цвярозым, аргументаваў, тлумачыў словы, сказаныя на мітынгу, што меў на ўвазе, што напад на АМАП у адказ на напад на людзей".
Таксама сведка-участковы сказаў, што да рапарту ён не прыкладаў ніякіх дакументаў, ні фатаграфій, ні скрыншотаў, якія цяепер маюцца ў матэрыялах справы – "можа нехта іншы дапоўніў". Падчас яго дзяжурства здымка не праводзілася.
Оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС Мінска Валерый Куцкі распавёў на судовым працэсе, што "ў канцы жніўня паступіў матэрыял праверкі, што па рапарце ўчастковага грамадзянін удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу і заклікаў удзельнікаў процідзейнічаць супрацоўнікам АМАП, коратка апісана як, да рапарта быў скрыншот перапіскі і фатаграфія абвінавачанага з мітынгу".
Куцкі апытаў Урбана, які пацвердзіў, што ўдзельнічаў у мітынгу, вырашыў выступіць, сказаў, што пры спробе затрымання людзей супрацоўнікамі АМАП трэба аказваць ім супрацьдзеянне. Але дакладныя фразы абвінавачанага на судзе перадаць не змогу. На пытанне адваката, ці не ведае адкуль з'явіліся фотаматэрыялы і скрыншоты ў справе, адказаў, што не ведае.
Таксама быў дапрошаны яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі, але ён быў засакрэчаны.
Да матэрыялаў справы былі далучаныя чатыры відэазапісыі масавых мерапрыемстваў на плошчы Незалежнасці, якія прагледзелі ў судзе, але ні абвінавачанага, ні яго выступу на іх не было.