Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць на сайце Беларускага Радыё Рацыя па любых са спасылак тут, альбо тут.
Анонс праграмы на 1 снежня:
Хроніка: Паглядзім на правабаарончы календар і ўзгадаем, якімі важнымі датамі адзначыўся мінулы тыдзень:
- 25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. У гэты дзень у Дамініканскай рэспубліцы па загаду дыктатара Рафаэля Трухільо былі жорстка забіты дручкамі тры сястры Мірабаль, якія былі палітычнымі актывісткамі.
- У гэты ж дзень пайшла з жыцця Марыя Аліева, якая ў 90-я узначальвала Беларускую арганізацыю працуючых жанчын і была саарганізатаркай “Марша пустых каструль”.
- 29 лістапада — Міжнародны дзень жанчын-праваабаронак. А ў СІЗА-1 дагэтуль знаходзіцца сябра ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова. Узгадаем яе дзейнасць ды інтэрв’ю, якое яна паспела даць да свайго зняволення.
У рубрыцы таксама адсочым асаблівасці адміністрацыйнага пераследу мінулага тыдня: працягваюць караць за акцыі ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі.
Падзея: Крымінальны пераслед з боку дзяржавы, які звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе — самыя гучныя справы мінулага тыдня.
Каментар: Студэнта Яна Салановіча асудзілі на 86 сутак запар за шэсць удзелаў у нядзельных маршах. Яго маці Вольга кожны дзень правярае спісы арыштаваных. А праваабаронцы “Вясны” накіравалі зварот адразу да трох спецдакладчыкаў ААН наконт сітуацыі з Янам, а таксама прызналі яго палітзняволеным.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні гурта PyLai. Яго ўдзельнік Рыгор Лайкоў падчас акцый 15 лістапада быў моцна збіты і трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.