«Супрацоўнік АМАПа апускаецца на плітку тангенцыйна». Пракурор апратэстоўвае прысуд палітвязню Паўлу Пяскову
Пракурор Сяргей Габруковіч, які выступаў дзяржаўным абвінаваўцам па справе маладзечанцаў, абвінавачаных па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, прынёс пратэст на прысуд палітвязню Паўлу Пяскову. Ён разгледзеў на відэа вугал падзення АМАПаўца Якавенкі пры патасоўцы з маладзечанцамі, і настойвае, каб суд уключыў у абвінавачванне Паўлу Пяскову пашкоджанне левага калена і калашыны супрацоўніку АМАПу. Прысуд у дачыненні да Уладзіслава Еўсцігнеева, другога фігуранта "маладзечанскай справы", пракурор не апратэстоўвае. Пра гэта паведаміла праваабаронцам "Вясны" дзяўчына Паўла Пяскова Вераніка Французава.
Пракурор лічыць, што прысуд падлягае змяненню з прычыны неадпаведнасці высноваў суда, выкладзеных у прысудзе, фактычным абставінам крымінальнай справы. Прэтэнзія Габруковіча заключаецца ў тым, што суд не ўключыў у абвінавачванне Паўлу Пяскову, што ён пашкодзіў левую калашыну супрацоўніку АМАПу Вячаславу Якавенку і прычыніў яму цялеснае пашкоджанне ў выглядзе пашкоджання на левым каленным суставе. На думку пракурора, гэта было даказана ў судзе.
Пры гэтым у ходзе судовага разбіральніцтва было ўстаноўлена, што Якавенка у ходзе патасоўкі двойчы падаў на левае калена. Але ні сам супрацоўнік АМАПу Якавенка, ні сведкі на судзе не змаглі сказаць, у які дакладна момант былі пашкоджаныя штаны і ўтварылася цялеснае пашкоджанне. На судзе эксперт М. Скабей таксама пацвердзіў, што немагчыма ўстанавіць, у выніку чаго менавіта АМАПавец атрымаў траўму калена. Таму і сам Павел Пяскоў не ў поўным аб'ёме прызнаваў віну: ён не быў упэўнены, што менавіта сваімі дзеяннямі ён прычыніў нейкую шкоду супрацоўніку АМАПу.
"Не прызнаю віну ў той частцы, дзе я мог нанесці траўмы і лёгкія цялесныя пашкоджанні супрацоўніку АМАПа і яго вопратцы. Не згодны, таму што ён ужо, верагодна, атрымаў траўмы да таго, як я да яго падбег", — тлумачыў Павел Пяскоў сваю пазіцыю на судзе.
Аднак пракурор Сяргей Габруковіч запэўнівае, што менавіта Павел Пяскоў сваімі дзеяннямі пашкодзіў супрацоўніку АМАПу калена і калашыну.
З апеляцыйнага пратэстуТак, апісваючы цялеснае пашкоджанне Якавенкі В. В. у выглядзе пашкоджанні на левым каленным суставе, Скабей М. Н. пазначыў, што пашкоджанне ўяўляе сабой павярхоўнае парушэнне цэласнасці скурнага покрыва, а для яго ўтварэння неабходна тангенцыйнае ўздзеянне траўміруючай сілы, гэта значыць пад вуглом ад 30 да 70 градусаў. |
Пракурор Сяргей Габруковіч настойвае, што калі дэталёва разгледзець на відэа момант першага падзення АМАПаўца Вячаслава Якавенкі левым каленам на плітку, відаць, што ён апускаецца пад прамым вуглом, а пасля ўздзеяння з Пясковым «пацярпелы апускаецца на плітку тангенцыйна».
Аднак яшчэ ў судзе першай інстанцыі абаронца Паўла Пяскова сцвярджаў, што гэта не пацвярджаецца доказамі па справе: ні відэаматэрыяламі, ні паказаннямі сведкамі і самога пацярпелага.
Заключэнне праваабаронцаў "Вясны" па крымінальнай справе Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева