viasna on patreon

"Трэба было спыніць гэты канфлікт". Што на судзе кажуць абвінавачаныя маладзечанцы па справе за патасоўку з АМАПаўцамі Фота Дапоўнена

2020 2020-09-22T18:30:00+0300 2020-09-22T18:40:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel_7823.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На чацвёрты дзень судовага разгляду крымінальнай справы маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту), заслухоўваюць паказанні абвінавачаных. У першы дзень суда Уладзіслаў Еўсцягнееў заявіў, што ён прызнае віну цалкам, а Павел Пяскоў – часткова. Да 18 верасня ў адносінах да маладзечанцаў была ўжыта мера стрымання ў выглядзе хатняша арышту. У пятніцу Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання на заключэнне пад заключэнне пад варту па прычыне таго, што ў начальніка Маладзечанскага РАУС маецца аператыўная інфармацыя, што Пяскоў мае намер з’ехаць за мяжу. У зал суда 22 верасня Пяскова прывялі пад канвоем.

Нагадаем, 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева, удзельнікаў акцыі салідарнасці 19 чэрвеня, на якой маладзечанцы адбілі ў сілавікоў затрыманага. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет. У першы дзень судовага разгляду праз відэа-канферэнцсувязь заслухваліся паказанні супрацоўнікі АМАПа Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў. 17 і 18 верасня дапытвалі сведак па справе.

Падрабязнасці па справе:

poleshchuk_87.jpg

 У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Яўсцягнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Узяты пад варту маладзечанец, якога судзяць за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет

18 верасня, на трэці дзень судовага разгляду ў Маладзечанскім судзе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту) была змененая мера стрымання аднаму з абвінавачаных — Паўлу Пяскову — з хатняга арышту на заключэнне пад варту. Такое рашэнне было ініцыяванае начальнікам Маладзечанскага РАУС праз дзяржабвінаваўцу па прычыне таго, што нібыта Пяскоў збіраецца з'ехаць за межы тэрыторыі Беларусі. Паўла Пяскова затрымалі прама ў зале суда.

Уладзіслаў Еўсцягнееў: Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку

Владислав Евстегнеев возле суда. Фото: spring96.org
Уладзіслаў Еўсцягнееў каля суда. Фота: spring96.org

Уладзіслаў Еўсцягнееў адразу паведаміў, што з іншым абвінавачаным, Паўлам Пясковым, ён раней наогул знаёмы не быў.

На судзе Уладзіслаў Еўсцягнееў распавёў, што загадзя не ведаў, што ў горадзе плануюцца "нейкая акцыя ці мітынг". Уладзіслаў растлумачыў, што дом у яго размяшчаецца каля месца, дзе праходзіла акцыя 19 чэрвеня. Пачуў, як людзі пляскаюць у далоні і сігналяць машыны, таму ён пайшоў паглядзець, што там наогул адбываецца. Гэта ён сказаў сваёй маме, калі сыходзіў з дому. Калі выходзіў, яму бабуля каля пад'езда сказала таксама паглядзець, што там наогул адбываецца на скрыжаванні.

Калі прыйшоў, то ўбачыў, што на перакрыжаванні [адно з месцаў правядзення акцыі] знаходзіцца каля 30-40 чалавек, а таксама супрацоўнік ДАІ і белая міліцэйская машына. Ён прыйшоў да акцыі і зрабіў пару фотаздымкаў на тэлефон, а потым уключыў відэа, каб потым паказаць іншым, што адбываецца ў горадзе. Па словах Уладзіслава, ён яшчэ трохі пагаварыў на акцыі са сваім суседам пра каронавірус.

Пазней прыехалі на аўтобусе супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнікі АМАПа. Міліцыянт з гучнагаварыцелем папярэджваў аб незаконнасці акцыі, але "яго ніхто не чапаў, ён спакойна хадзіў".

Калі частка людзей пайшла да парку, то Уладзіслаў пайшоў па супрацьлеглым баку дарогі. На пытанне дзяржабвінаваўцы, навошта ён пайшоў за людзьмі, Уладзіслаў адказаў, што ён запісваў відэа свайму брату, каб паказаць, што адбываецца ў горадзе. Частка людзей, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу засталіся там, дзе першапачаткова былі.

Уладзіслаў распавядае, што ў той вечар дрэнна працаваў інтэрнэт. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў, ці меў зносіны ён падчас акцыі з Мікалаем Алейнікам [яго потым пры затрыманні адбівалі ў сілавікоў]:

"Я не памятаю, каб ён там нешта крычаў ці скандаваў. Я ўбачыў, што ён наступіў на траву і сказаў, што гэта псаванне дзяржаўнай маёмасці і яе могуць аштрафаваць. Ён адышоў".

Уладзіслаў распавёў, што ў той момант, калі ён перапісваўся з кімсьці ў тэлефоне, то пачалі затрымліваць Алейніка [на той момант ён яшчэ не ведаў, што гэта быў менавіта Алейнік], але ён не бачыў, калі гэта пачало адбывацца.

"Я пачуў, што жанчына нейкая пачала крычаць. Я падбег да АМАПаўца [Баранава] і прыхапіў яго левай рукой пад левую руку, а другой рукой абхапіў за тулава".

— Гэта значыць прыабняць яго хацелі? — спытаў дзяржабвінаваўца Габруковіч.

— Ну як бы прытрымаць, — адказаў Еўсцягнееў.

"Там яшчэ былі людзі, і яны пайшлі на нас, то бок адбылося сутыкненне людзей і супрацоўнікаў міліцыі. У гэты момант я падвярнуў нагу, і мы пачалі падаць з супрацоўнікам АМАПу. Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку. Мы ўпалі на плітку, перакуліліся полубокам на левы бок. Як упаў АМАПавец — я не памятаю, таму што я быў у стане ступару. Ззаду супрацоўнік адцягнуў мяне і крыкнуў "Ляжаць!" Я прыўзняўся, прыкрыў галаву рукой, каб не атрымаць і адышоў. У гэты час супрацоўнікі АМАПа селі ў машыну і з'ехалі".

На пытанне пракурора пра цялесныя пашкоджанні Уладзіслаў Еўсцягнееў растлумачыў, што ніякіх удараў ні АМАПаўцу Баранаву, ні супрацоўнікам міліцыі, ні людзям ён не наносіў.

"Я пабыў яшчэ пару хвілін там. Я быў у шоку, усяго калаціла. А потым пайшоў дадому".

Пра Паўла Пяскова, другога абвінавачанага, Уладзіслаў на судзе казаў мала, на самой акцыі яго не бачыў:

"Я ўбачыў потым на відэа, што ён упаў, яго кінулі, але асабіста не бачыў, хто яго кінуў".

Дзяржабвінаваўца Габруковіч спытаў у Еўсцягнеева, чаму той пабег да супрацоўніка АМАПу, калі той затрымліваў Алейніка.

"Ведаеце, калі жанчына закрычала, я не цяміў, я проста туды пабег. У мяне ў сям'і бацька з маці часта пілі і бацька прыкладваў руку. Уявіце, калі маленькае дзіця гадоў шасці стаіць перад маці і кажа: "Хочаш ударыць маці — стукні спачатку мяне". І ў мяне проста пстрыкнула і я пабег, нават не задумваючыся".

На пытанні дзяржабвінаваўцы, Еўсцягнееў сказаў, што ён разумеў, што супрацоўнік АМАПу выконвае свае службовыя абавязкі, але пра астатняе ён не думаў на той момант.

— А вы ведалі, што там мітынг адбываўся? — спытаў пракурор.

— Там ужо даведаўся, што гэта была акцыя салідарнасці ці як там яна называецца...

— А салідарнасць з чым?

— Шчыра сказаць, не памятаю.

Уладзіслава затрымалі ў пад'ездзе свайго дома на наступны дзень, калі той вяртаўся з аўтавакзала. Маці не сказаў, што яго затрымліваюць, таму што ў яе шызафрэнія. Сказаў, што пераначуе ў брата. У машыне супрацоўнікі міліцыі спыталі ў яго: "На чорта ты туды палез?"

Пракурор спытаў стаўленне да зробленага. Уладзіслаў адказаў:

"Раскайваюся, што прынёс шкоду не толькі фізічную. Наогул любыя дзеянні ў дачыненні да іншых непрымальныя. Супраць мяне на акцыі ніякіх дзеянняў здзейснена не было. У ізалятары не білі...

Я з дзяцінства гвалт не вітаў".

Адвакат спытаў, ці быў ён раней знаёмы з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. Уладзіслаў Еўсцягнееў адказаў, што не.

— Ці справядлівыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі на той момант былі? — спытаў адвакат.

— У той момант я думаў толькі пра тое, што жанчына крычала. Я падумаў, што жанчыне прычыняюць боль. Я падбег да супрацоўніка АМАПу, думаў адтуль. Хлопец [Алейнік] не крычаў, нейкіх лозунгаў не выкрыкваў, здымаў на тэлефон, — распавёў Уладзіслаў.

Еўсцягнееў удакладніў на судзе, што ён не ведаў на той момант, што наогул адбываецца затрыманне, а тым больш, затрыманне Алейніка. Пра гэта ён даведаўся пазней ад людзей, і ўбачыў на відэа.

Калі суддзя Вікторыя Паляшчук спытала, ці цягнуў Уладзіслаў на сябе супрацоўніка АМАПа Баранава, то сказаў, што не можа адказаць, таму што не можа зразумець, ці быў гэты ціск натоўпу ці нешта іншае. Але АМАПавец пры падзенні ўпаў на яго.

Суддзя на судовым пасяджэнні ўдакладняла, ад чаго менавіта і якім чынам падалі Еўсцягнееў і супрацоўнік АМАПа Баранава. Уладзіслаў на судзе патлумачыў, што прычынай падзення ўсё ж такі стаў ціск натоўпу і тое, што ён падвярнуў нагу.

"Я яго не тое, што цягнуў. Я за яго трымаўся, каб не ўпасці".

Суддзя зачытала пратакол допыту на следстве, бо маюцца супярэчнасці з нагоды кантакту з супрацоўнікам АМАПу.

Па пратаколе на следстве Еўсцягнееў казаў:

"Хацеў дапамагчы чалавеку, якога пасадзілі ў бус, мабыць, на мяне так падзейнічаў натоўп".

На судзе Еўсцягнееў растлумачыў, што думаў, што жанчыне каля машыны прычыняюць боль.

"Я не бачыў, каго канкрэтна заводзілі ў машыну: жанчыну ці мужчыну. Толькі потым даведаўся, што гэта быў Алейнік".

Уладзіслаў распавёў, што на дадзены момант пражывае са сваёй маці, у якой бестэрміновая інваліднасць, апекуе яе.

Допыт Уладзіслава Еўсцягнеева на судзе доўжыўся больш за гадзіну. Сёння пасля абеду будзе таксама дапытаны Павел Пяскоў, іншы абвінавачаны па справе.


Павел Пяскоў: Я хацеў прадухіліць канфлікт у грамадскім месцы

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

Адразу Павел Пяскоў на судзе паведаміў, што да 19 чэрвеня не быў знаёмы з іншым абвінавачаным — Уладзіславам Еўсцягнеевым.

Яму ў горадзе гараджане паведамілі, што 19 чэрвеня — апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Павел спытаў, дзе праходзіць збор подпісаў і пайшоў у тое месца — да крамы "Рублёўскага". Сказаў, што яму стала цікава. Але да гэтай крамы ён не дайшоў у той вечар. Па дарозе ён убачыў супрацоўнікаў АМАПу і міліцыі, а таксама міліцыянта з гучнагаварыцелем, які папярэджваў людзей аб незаконнасці акцыі. Асабіста Павел чуў два такія папярэджанні.

Павел Пяскоў сказаў, што хацеў паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата. На судзе ён не распавёў, каго хацеў падтрымаць сваім подпісам.

— І пашпарт у Вас з сабой быў? — спытаў пракурор.

— Вядома, ён заўсёды са мной. Ну, цяпер толькі няма, — адказаў Павел.

Павел Пяскоў у той вечар дамовіўся сустрэцца са сваёй сяброўкай Веранікай. Гэта яна паведаміла яму па тэлефоне, што 19 чэрвеня — апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Павел потым гэта ўдакладніў у незнаёмых маладзечанцаў. 

Пяскоў распавёў на судзе, што не бачыў, як пад'ехалі супрацоўнікі АМАПу на аўтобусе, не бачыў ён, як затрымлівалі Алейніка. Ён пачуў крыкі накшалт "Ратуйце, дапамажыце!" і ўбачыў патасоўку.

"Я ўбачыў як АМАПавец націскае на чалавека, я не памятаю як дакладна, таму што была блытаніна. Гэта было каля іх мікрааўтобуса".

— Вы бачыце супрацоўніка АМАПа і яшчэ нейкага чалавека пад ім. У якім становішчы знаходзіўся супрацоўнік АМАПу? — аднаўляе падзеі таго вечара пракурор.

— Я нават не ведаю, не магу растлумачыць, калі чалавек на каленях стаіць і рукамі на асфальце. "Ракам" — па беларуску. Я дакладна не памятаю, але, здаецца, адной нагой на чалавеку, а другой — на асфальце. Чалавек той ляжаў, супраціўляўся, спрабаваў устаць, але не мог, ён ляжаў на жываце, — распавядае Павел Пяскоў.

На судзе ён дакладна не сцвярджаць не мог, што АМАПавец стаяў на чалавеку каленам.

Па словах Паўла, ён да гэтага часу не ведае, хто тады знаходзіўся пад супрацоўнікам АМАПу. Памятае толькі тое, што той быў у чырвона-белай кофце. Іншых актаў фізічнага супраціву Павел не бачыў тады. Не бачыў ён і тое, як АМАПавец дастаў пісталет на патасоўцы. Па словах Паўла, ён убачыў гэта толькі на відэа потым.

"У мяне адбылося ўсё само. Я спрабаваў схапіць АМАПаўца за руку ці плячо. У мяне потым гэта атрымалася. Я ўзяў яго за форменнае абмундзіраванне і пацягнуў".

Пракурор спытаў:

— З якой мэтай вы гэта рабілі?

— Ды я не ведаю, усё гэта спантанна, эмоцыі згулялі. Я хацеў выратаваць чалавека, трэба было спыніць гэты канфлікт. Потым я пацягнуў яго на сябе, дакладней крыху ў бок...

 — Пасля вашых дзеянняў супрацоўнік АМАПа ўпаў? — пытаецца пракурор.

— Я не ведаю, я сам згубіўся там. Там наогул ніхто не падаў, я не бачыў, каб нехта ляжаў. Я, калі павярнуўся, яго адсунуў, мяне там штурхнуў у спіну і пачалі туды-сюды кідаць. Скончылася гэта тым, што мяне выкінулі з натоўпу. Я ўпаў і пабіў бараду, усё.

Адвакат спытаў, што кіравала Паўлам у той момант, ці хацеў ён прычыніць шкоду супрацоўніку АМАПу.

"Ні ў якім выпадку, не было нават такіх думак. Мае думкі былі проста прадухіліць канфлікт, які мог перарасці ў нешта большае, гэта значыць узяць супрацоўніка АМАПу і проста адсунуць яго. Калі б чалавек у чырвонай кашулі быў зверху над супрацоўнікам, то тады б я і яго адсунуў. Гэта значыць канфлікт не павінен адбыцца ў грамадскім месцы, калі дзеці стаяць у двух метрах і бачаць незразумелыя падзеі".

У выніку патасоўкі Паўлу парвалі майку і растапталі акуляры.

"Я падняўся з каленяў, устаў і бачу, што народ трошкі пачынае супакойвацца. Я падумаў, каб яшчэ не было канфлікту, буду людзей трошкі тармазіць, каб нікуды не лезлі. Я зрабіў крок наперад, гляджу — АМАП падышоў да бусу, пачаў выбудоўвацца ў шэраг.  Я думаю: "ўсё — канфлікт вычарпаны". Яны пастаялі некалькі секунд, селі ў машыну і з'ехалі. Потым людзі ўсе разышліся", — распавядае Павел пра падзеі пасля патасоўкі.

Па словах Паўла, уся патасоўка доўжылася не больш за дзесяць секунд. На пытанне дзяржабвінаваўцы, ці ўжываў ён у той дзень спіртное, Павел адказаў, што быў абсалютна цвярозы.

Суддзя спытала, што адбылося з супрацоўнікам АМАПа пасля таго, як Павел адцягнуў яго:

"Ад маіх дзеянняў ён не падаў. Я яго пацягнуў на сябе, крыху ў бок, потым мяне штурхнулі ў спіну, галава закружылася і праз пару секунд, я не памятаю, што адбылося, але я ўпаў. А падаў ён ці не са 100% верагоднасцю я не магу вам сказаць".

Пракурор спытаў, дзе пражываў да арышту Павел: 

"Паўдня я праводзіў з бабуляй, за якой даглядаю па інваліднасці з лютага 2020 года, а паўдня праводзіў са сваёй грамадзянскай жонкай".

Паўла затрымалі на 72 гадзіны па гэтай крымінальнай справе на наступным дзень каля мясцовага рынку. Паводле яго словаў, супрацоўнікі міліцыі не паведамілі, з якой нагоды яго затрымліваюць, проста сказалі: "Праходзьце ў РАУС".

Пракурор Габруковіч папрасіў растлумачыць, у якой частцы Павел Пяскоў не прызнае віну, бо на першым пасяджэнні ён заявіў, што прызнае віну часткова.

"Не прызнаю тую частку, дзе я мог нанесці траўмы і лёгкія цялесныя пашкоджанні вопратцы супрацоўніку АМАПу. Не згодны, таму што ён ужо, верагодна, атрымаў траўмы да таго, як я да яго падбег".

Пасля допыту Паўла Пяскова Уладзіслаў Еўсцягнееў заявіў, што ў яго ёсць дапаўненні. На судзе ён заявіў, што ўсё ж такі пацягнуў супрацоўніка АМАПу за абмундзіраванне:

"Калі я падбег да супрацоўніка АМАПу, я яго ў той момант сапраўды пацягнуў. І пасля трох-чатырох секунд, калі народ пайшоў, мы ўпалі".

Уладзіслаў патлумачыў, што не паведаміў гэты факт падчас сваіх паказанняў, таму што не мог адразу ўспомніць.

Вывучэнне матэрыялаў справы 

Пацярпелыя Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў у Маладзечне 19 чэрвеня. Фота: rh.by
Пацярпелыя Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў у Маладзечне 19 чэрвеня. Фота: rh.by

Затым у судзе былі вывучаны пісьмовыя матэрыялы справы.

Паводле рапарту пацярпелы АМАПавец Якавенка кажа, што чалавек, які ужыў ў адносінах да яго гвалт, быў апрануты ў зялёныя ці шэрыя штаны. Абаронца Пяскова звярнуў увагу, што Павел Пяскоў быў у той вечар у чорных штанах. У зале суда ён знаходзіўся ў гэтых жа штанах. На думку адваката, супрацоўнік АМАПу мог ідэнтыфікаваць Пяскова толькі па відэа, якое з'явілася пазней у інтэрнэце.

Дзяржабвінаваўца зачытаў рапарты супрацоўнікаў АМАПа, дзе ўказваецца, што ў выніку бойкі супрацоўнікам АМАПа былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні: траўмы локця і каленаў. 

"Няма фатаграфій, якія б зафіксавалі траўмы Якавенкі [пацярпелага супрацоўніка АМАПу]", — звярнуў увагу абаронца Пяскова. Пры гэтым, у крымінальнай справе маюцца фатаграфіі пашкоджаных штаноў супрацоўніка АМАПу.

У судзе былі вывучаныя скрыншоты відэа бойкі з лагатыпам "Мая краіна Беларусь", а таксама фатаграфіі "Рэгіянальнай газеты". На некаторых здымках абвінавачаныя пазналі сябе. Таксама ў судзе было прагледжана некалькі відэа затрымання Мікалая Алейніка і відэа патасоўкі сілавікоў з Пясковым і Яўсцягнеевым.

Абаронца Пяскова звярнуў увагу, што супрацоўнікі АМАПу не прад'явілі дакументы пры затрыманні, як яны гэта сцвярджалі ў сваіх паказаннях.

На відэа бачна, што людзі толькі пляскалі ў далоні, не скандуюць ніякіх лозунгаў і не ўжываюць сімволікі. Пяскоў і Еўсцягнееў таксама на судзе сцвярджалі, што выкрыкванняў лозунгаў і выкарыстання сімволікі не было. Супрацоўнікі АМАПа і міліцыі, якія выступалі пацярпелымі і сведкамі па дадзенай крымінальнай справе, сцвярджалі на судзе адваротнае. Адвакат звярнуў увагу, што прыкмет мітынгу 19 чэрвеня ў Маладзечне не было. Словы "Ганьба!" і "Позор!", па словах адваката, не з'яўляюцца прыкметамі мітынгу, а з'яўляюцца рэакцыяй людзей на дзеянні сілавікоў.

Хадайніцтва аб змене меры стрымання Пяскову

Дзяржаўны абвінаваўца па справе Габруковіч. Фота: spring96.org
Дзяржаўны абвінаваўца па справе Габруковіч. Фота: spring96.org

Абаронца Пяскова Ігар Касцюк заявіў хадайніцтва змяніць меру стрымання ў дачыненні да Паўла Пяскова на іншую, не звязаную з пазбаўленнем волі. Ён звяртае ўвагу, што ў суд паступіла закрытая аператыўная інфармацыя аб тым, што Пяскоў нібыта збіраўся схавацца за мяжой. Адвакат не быў азнаёмлены з гэтай інфармацыяй, і ён нават не ведае, што канкрэтна паслужыла прычынай для заключэння пад варту Пяскова. Ён выказаў здагадку, што магчыма гэта магло быць наведванне Паўлам пашпартнага стала. Хоць, на думку адваката, падстаў для заключэння пад варту Пяскова не было: ён без спазненняў наведваў усе судовыя паседжанні і планаваў асабіста абараняцца на наступных судовых пасяджэннях. Таксама адвакат абгрунтаваў сваё хадайніцтва тым, што на ўтрыманні ў Пяскова знаходзіцца малалетняе дзіця, а таксама ён ажыццяўляе догляд за блізкім сваяком з інваліднасцю першай групы.

Суддзя Вікторыя Паляшчук прыняла рашэнне адмовіць у задавальненні хадайніцтва. Павел Пяскоў застаецца ў зняволенні пад вартай на час разгляду крымінальнай справы. Ён утрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Маладзечне.

Абаронцы абвінавачаных заявілі хадайніцтва пра дадатковы допыт супрацоўніка міліцыі і пацярпелых. Суддзя іх не задаволіла. Дзяржабвінаваўца Габруковіч папрасіў выклікаць у якасці сведкі эксперта, які зафіксаваў траўмы і цялесныя пашкоджанні ў пацярпелых. Суддзя Вікторыя Паляшчук задаволіла гэтае хадайніцтва.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на 28 верасня.

"Вясна" працягвае сачыць за судовым працэсам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства