viasna on patreon

Заключэнне праваабаронцаў "Вясны" па крымінальнай справе Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева

2020 2020-10-15T19:25:12+0300 2020-10-15T19:25:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/molodechno_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксперты і юрысты Праваабарончага цэнтра "Вясна" назіралі за крымінальным працэсам над Паўлам Пясковым і Уладзіславам Еўсцігнеевым, абвінавачаным па ч.2 арт. 363 КК Рэспублікі Беларусь (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з прымяненіме гвалту). У выніку Павел Пяскоў быў асуджаны на 3 гады і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму, Уладзіслаў Еўсцігнееў - на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Да якіх высноў прыйшлі праваабаронцы пасля маніторынгу судовых пасяджэнняў па гэтай справе?

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org

Кантэкст, заканадаўства аб мірных сходах, захаванне і заахвочванне правоў і свабод

З пачатку траўня 2020 года актывізаваліся палітычныя і грамадскія працэсы ў сувязі з распачатымі выбарамі Прэзідэнта. Узрасла актыўнасць вулічных пратэстаў. Варта падкрэсліць, што заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі змяшчае шэраг недахопаў, якія істотным чынам перашкаджаюць рэалізацыі права на мірны сход і свабоды выказвання меркавання: Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) сумесна з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ пасля абмеркавання закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" на прадмет яго адпаведнасці міжнародным нормам у 2012 годзе прызнала закон не адпаведаючым міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. У прыватнасці, падвергнуты крытыцы вызначэння масавых мерапрыемстваў у Законе, абмежаванне даступнасці грамадскіх месцаў для правядзення сходаў, дазваляльны парадак правядзення. За любыя, нават фармальныя парушэнні Закону прадугледжаная адказнасьць у выглядзе буйных штрафаў (да 50 базавых велічынь - 1350 беларускіх рублёў) і адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за кожны факт парушэння. Характар абмежаванняў, якія накладаюцца законам, і ўжываюцца на практыцы ў сукупнасці такі, што практычна выключае магчымасць рэалізацыі права на мірны сход і свабоды выказвання меркаванняў.

Грамадскасць і ўлады рэзка разыходзяцца ў ацэнцы правамернасці такіх абмежаванняў; улады патрабуюць няўхільнага захавання абмежавальных патрабаванняў, тлумачачы кожны з актаў непадпарадкавання як супрацьпраўнае дзеянне. Такое тлумачэнне дазваляе ўладам расцэньваць акты непадпарадкавання сваім завышаным патрабаванням, якія самі па сабе накіраваныя толькі на рэалізацыю міжнародна прызнаных правоў і асноўных свабод (як правіла, у адсутнасць дапушчальных прычын для абмежаванняў гэтых правоў і свабод) як парушэнні закона, і ўжываць гвалт для спынення гэтага "парушэння".

Праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі неаднаразова крытыкавалі ўлады за такога кшталту практыку. У прыватнасці, Камітэт па правах чалавека ААН у заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі ў 2018 годзе рэкамендаваў «перагледзець свае законы, падзаконныя акты і практыку, у тым ліку Закон "Аб масавых мерапрыемствах», каб гарантаваць магчымасць карыстання ў поўнай меры правам на свабоду сходаў як у заканадаўстве, так і на практыцы, і забяспечыць, каб любыя абмежаванні на свабоду сходаў, у тым ліку шляхам прымянення адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў да асоб, якія рэалізуюць гэта права, адпавядалі строгім патрабаванням артыкула 21 Пакта. Дзяржаве-удзельніцы варта неадкладным і дзейсным чынам расследаваць усе выпадкі празмернага прымянення сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, адвольных арыштаў і затрыманняў удзельнікаў мірных пратэстаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых".

Мы, юрысты і эксперты ПЦ "Вясна", падзяляем і падтрымліваем такія падыходы і падкрэсліваем, што затрыманне ўдзельнікаў мірных сходаў з'яўляецца адвольным, а з пункту гледжання і ў дачыненні да тэрмінаў нацыянальнага права – не з'яўляецца «законнай дзейнасцю» супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых асоб, «выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку».

Умовы назірання

Пасяджэнне праводзілася адкрыта і галосна. У першы дзень разгляду крымінальнай справы, 16 верасня, у зале сабралася большая колькасць слухачоў, чым маглі змясціць тры лавы. Суддзя Вікторыя Паляшчук абвясціла перапынак на 20 хвілін для вырашэння пытання аб тым, каб усе прысутныя маглі змясціцца ў зале. Не было перашкод для разумення сутнасці дзеянняў суда і ўдзельнікаў працэсу, чутнасць была здавальняючай, судовыя пасяджэнні пачыналася ў тэрмін, час аднаўлення пасяджэння называўся выразна і гучна. Парадак у будынку суда і/або ў судовым пасяджэнні вызначала суддзя. Судом не аказвалася перашкод для аўдыёзапісу працэсу, было забаронена весці відэатрансляцыю і рабіць фота. Прысуд абвешчаны публічна.

Захаванне прэзумпцыі невінаватасці

Абвінавачаны Пяскоў пасля ўзяцця пад варту канваяваўся да месца ў зале ў кайданках, перад кожным пасяджэннем кайданкі здымалі, калі абвінавачаны Пяскоў быў унутры празрыстай канструкцыі, зверху металічная рашотка над галавой. У дзень, калі абвяшчалі прысуд, кайданкі з абвінавачанага не здымалі, ён слухаў яго ў кайданках за спіной.

Выкананне працэдуры судовага пасяджэння

Суддзя: Вікторыя Васільеўна Паляшчук

Пракурор: Сяргей Габруковіч

Сакратар: у парушэнне патрабаванняў арт. 280-2 КПК, суддзя не паведаміла, хто з'яўляецца сакратаром судовага пасяджэння, чым пазбавіла абвінавачаных і абарону магчымасці свядома і інфармавана прыняць рашэнні аб адводзе сакратара судовага пасяджэння. Таксама яе дадзеныя не пазначаны ў прысудзе.

Сакратар судовага паседжання, якая забяспечвала допыт удзельнікаў працэсу з дапамогай сістэмы відэаканферэнцыі ў парадку арт. 343-1 КПК з Мінскага абласнога суда - Шалякова Таццяна Яўгенаўна

Абвінавачаныя: Пяскоў Павел Андрэевіч і Еўсцігнееў Уладзіслаў Сяргеевіч

Пацярпелыя: Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка, іх прадстаўнік Прыгодзіч Раман Сяргеевіч

Адводы суду, пракурора, сакратара, іншым удзельнікам працэсу: Бокам абароны быў заяўлены адвод прадстаўніку пацярпелых Прыгодзічу на падставе п. 2 арт. 87 КПК ў сувязі з тым, што ён апытваўся у ходзе папярэдняга следства па абставінах крымінальнай справы, адхілены судом.

У адпаведнасці з артыкулам 87 КПК (Абставіны, якія выключаюць удзел у вытворчасці па крымінальнай справе абаронцы, адваката сведкі, прадстаўніка пацярпелага, грамадзянскага істца або грамадзянскага адказчыка, а таксама панятага), прадстаўнік пацярпелага не можа прымаць удзел у вытворчасці па крымінальнай справе, калі ён даў паказанні ў якасці сведкі пра абставіны, якія маюць дачыненне да гэтай крымінальнай справы. Такім чынам, вынясенне ў дадзеным выпадку працэсуальнага рашэння на карысць боку абвінавачвання ў парушэнне працэсуальнага закона хоць і не ўплывае істотна наўпрост на прысуд, але, тым не менш, дэманструе заступніцкае стаўленне суда да прадстаўніка боку абвінавачвання.

Заява аб прымяненні катаванняў і/або жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання: не паступала.

Забеспячэнне эфектыўнай абаронай

  • Адвакат Касцюк Ігар Анатольевіч, Мінская гарадская калегія адвакатаў, ажыццяўляе індывідуальную дзейнасць, ажыццяўляў абарону абвінавачанага Пяскова Паўла Андрэевіча.
  • Адвакат Філіповіч Уладзіслаў Віктаравіч, Мінская абласная калегія адвакатаў, юркансультацыя №2 Маладзечанскага раёна ажыццяўляў абарону абвінавачанага Еўсцігнеева Уладзіслава Сяргеевіча.

Адвакат Касцюк займаў актыўную пазіцыю, дапытваў сведак, якія сведчылі супраць абвінавачанага, пацярпелых. Нягледзячы на частковае прызнанне віны свайго падабароннага Пяскова, патрабаваў вынясення апраўдальнага прысуду, што сведчыць аб глыбокім разуменні ім прававой прыроды дзеянняў абвінавачанага, веданні матэрыяльных нормаў права і няўхільным выкананні ім патрабаванняў Крымінальна-працэсуальнага закона і правілаў адвакацкай этыкі.

Адвакат Філіповіч, на думку назіральніка, будаваў абарону свайго падабароннага асабліва на характарыстыках асобы абвінавачанага.

Роўнасць правоў бакоў у працэсе

1) Абаронцы Касцюк і Філіповіч заяўлялі хадайніцтвы аб выкліку і паўторным допыце пацярпелых і сведак з ліку супрацоўнікаў АМАПа і Маладзечанскага РАУС у сувязі з супярэчнасцямі ў іх паказаннях – адхілена судом на месцы;

2) Абаронцы Касцюк і Філіповіч заяўлялі хадайніцтвы аб тым, каб пацярпелыя і сведкі з ліку супрацоўнікаў АМАПа апытваліся ў зале судовага пасяджэння, а не па скайпе з Мінаблсуда – адхілена;

3) Абаронца Касцюк падчас апытання сведкі – начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маладзечанскага РАУС Гамбіцкага С. Ф. прасіў абвясціць ягоныя паказанні, звесткі падчас допыту следчаму Маладзечанскага РАСК паводле факта жорсткага абыходжання пры транспартаванні Алейніка (грамадзяніна, з затрымання якога і пачаўся канфлікт 19.06.2020) у сувязі з наяўнасцю супярэчнасцяў – суддзя адхіліла;

Разам з тым, у адпаведнасці з арт. 137 КПК, «Хадайніцтва павінна быць задаволена, калі яно спрыяе ўсебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму даследаванню абставін крымінальнай справы, забесьпячэньні правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу або іншых асоб». Цалкам відавочна, што ліквідацыя супярэчнасцяў паміж паказаннямі удзельнікаў працэсу з'яўляецца перадумовай для вынясення справядлівага прысуду, заснаванага на непарушна дакладных доказах, падвергнутай правільнай ацэнцы.

Працэсуальных перашкод для паўторнага допыту сведак не існуе.

У адпаведнасці з артыкулам 343-1 КПК (правядзенне допыту, апазнання з выкарыстаннем сістэм відэаканферэнцсувязі), допыт удзельнікаў працэсу ў ходзе судовага разбору могуць быць зроблены з выкарыстаннем сістэм відэаканферэнцсувязі ў выпадках:

  1. немагчымасці непасрэднай прысутнасці ўдзельніка працэсу ў судзе па стане здароўя і па іншых ўважлівых прычынах;
  2. неабходнасці забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу і іншых асоб у адпаведнасці з главой 8 КПК;
  3. правядзення допыту непаўналетняга ўдзельніка арацэсу;
  4. неабходнасці забеспячэння найбольш хуткага, усебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання акалічнасцяў крымінальнай справы.

Такім чынам, абавязковых, прама названых у законе падстаў для выкарыстання сістэмы відэаканферэнцсувязі ў абвінаваўцы і суда не было; з пункту гледжання забеспячэння найбольш хуткага, усебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання абставінаў крымінальнай справы, адлегласць паміж г. Мінскам, дзе знаходзіліся ўдзельнікі працэсу, і г. Маладзечна, дзе знаходзіўся суд, у 80 км не перашкаджаў асабістаму прыбыццю ўдзельнікаў працэсу ў суд. У суда і абвінавачвання такім чынам была магчымасць забяспечыць непасрэдна асабістую яўку ў суд усіх удзельнікаў працэсу. У працэсе допыту сведак тэлевізар быў пад вуглом у 90 градусаў да залы, што ўскладняла ўспрыманне інфармацыі.

4) Абаронца Касцюк заяўляў хадайніцтва аб змене меры стрымання П. Пяскову - было адхілена.

Наогул, абодва абвінавачаных у пачатку судовага разбіральніцтва знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, якую выконвалі. 18 верасня ў канцы пасяджэння дзяржабвінаваўца зачытаў ліст начальніка Маладзечанскага РАУС на імя пракурора Маладзечанскага раёна аб тым, што маецца аператыўная інфармацыя аб тым, што абвінавачаны Пяскоў мае намер схавацца ад правасуддзя за межамі РБ. Абарона абвінавачанага Пяскова была пазбаўленая магчымасці азнаёміцца з аператыўнай інфармацыяй. Суддзя прыняла рашэнне на карысць абвінавачвання на працягу 20-ці хвілін, пры гэтым яна нават не рабіла даведкі аб азнаямленні з аператыўнай інфармацыяй - відавочна, яе і не было прадстаўлена. Адвакат абвінавачанага Касцюк абскардзіў заключэнне пад варту на працягу сутак, як гэта прадугледжана КПК. 24 верасня скарга паступіла ў Мінскі абласны суд. На момант вынясення прысуду 29 верасня скарга на заключэнне пад варту разгледжаная не была. Мінскі абласны суд разгледзеў скаргу на заключэнне пад варту 30 верасня ў 9:30.

5) Абаронца Касцюк падаваў суду дакументы, якія пацвярджаюць факт ажыццяўлення догляду за сваёй бабуляй - чалавека з інваліднасцю першай групы. Суд далучыў.

6) Абаронца Філіповіч падаваў суду дакументы, якія пацвярджаюць факт наяўнасці ў маці Еўсцігнеева другой групы інваліднасці ў сувязі з шызафрэніяй. Суд далучыў.

Даследаванне доказаў

Допыт абвінавачаных, пацярпелых і сведак ажыццяўлялі бакі абвінавачвання і абароны, суд зрэдку ўдакладняў асобныя абставіны ў дапытванай асобы. Суддзя, а не бакі, самастойна апавяшчала паказанні дапытаных на стадыі папярэдняга следства ў сувязі з наяўнасцю істотных супярэчнасьцяў у паказаньнях. Варта адзначыць, што суддзя зачытвала паказанні ў той частцы, якія, на яе думку, супярэчылі паказаньням, дадзеным на этапе судовага следства, у чым бачыцца элемент ацэнкі доказаў да выдалення ў дарадчы пакой.

Абранне меры стрымання ў якасці інструмента ціску на абвінавачанага

Як ужо адзначана, мера стрымання ў дачыненні да П. Пяскова была нечакана змененая на заключэнне пад варту. Абвінавачанаму не далі магчымасць абараняцца ўсімі прадугледжанымі законам сродкамі супраць пагаршэння прававога становішча, не паведаміўшы, на чым менавіта грунтавалася сцвярджэнне аб яго намерах схавацца ад крымінальнага пераследу. Хоць гэтае рашэнне не паўплывала наўпрост на магчымасці ажыццяўляць абарону ў цэлым па справе і не адбілася наўпрост на прысудзе, тым не менш, гэты інцыдэнт падкрэсліў прадузятае стаўленне да яго з боку суда, а таксама ўмацаваў падазрэнні аб заступніцтве баку абвінавачвання з боку суда.

У адпаведнасці з арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ўтрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць судовага разбору, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і, у выпадку неабходнасці, яўкі для выканання прысуду.

Больш падрабязна пытанні абгрунтаванасці заключэння пад варту адлюстраваны ў адпаведных заўвагах агульнага парадку (№8 1992 года і №35 2914 года) - дакументах , дзе выкладзены ў абстрактным выглядзе тлумачэнні камітэта аб нарматыўным змесце адпаведных артыкулаў і палажэнняў Пакта: "Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтавана і неабходна з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства. Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека". Утрыманне пад вартай да суда не павінна быць абавязковым для ўсіх абвінавачаных у канкрэтным злачынстве без уліку індывідуальных абставінаў. Акрамя таго, дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца не на аснове магчымага прысуду за стан злачынства, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання. Суды павінны разглядаць пытанне аб тым, ці дазволяць альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай, такія як заклад, электронныя бранзалеты або іншых ўмовы, ліквідаваць неабходнасць ва ўтрыманні пад вартай у дадзеным канкрэтным выпадку". Усяго гэтага комплексу гарантый быў пазбаўлены абвінавачаны.

Устаноўленыя прысудам акалічнасці

Уладзіславу Еўсцігнееву ставілі ў віну наўмысны супраціў супрацоўнікам АМАП падчас затрымання тымі ўдзельніка мірнага сходу Н. Алейніка, падчас якога Еўсцігнееў схапіў пацярпелага Баранава абедзвюма рукамі ў вобласці пляча ззаду і пацягнуў на сябе, з-за чаго абодва ўпалі на тратуар, з-за чаго ў супрацоўніка АМАП утварыліся ранкі на руцэ і назе.

Паўлу Пяскову ставілі ў віну наўмысны супраціў супрацоўнікам АМАП у ходзе затрымання тымі удзельнікам мірнага сходу Н.Алейніка, у ходзе якога Пяскоў схапіў пацярпелага Якавенка за форменнае абмундзіраванне і пацягнуў на сябе.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў сцвярджалі, што ў г. Маладзечна па вул. Вялікі Гасцінец 19 чэрвеня 2020 г. адбывалася несанкцыянаванае мерапрыемства, падчас якога прысутныя выкрыквалі лозунгі і пляскалі ў далоні.

Сведкі, якія не з'яўляліся супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, сцвярджалі, што супрацоўнікі АМАП з ужываннем фізічнай сілы затрымалі і аднеслі ў мікрааўтобус удзельніка мірнага сходу Алейніка.

Устаноўлена, што Еўсцігнееў станоўча характарызуецца, Пяскоў ажыццяўляе догляд за інвалідам 1 групы і мае на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, абцяжваючых абставін не ўстаноўлена.

Магчымасць прызначэння пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, і іншых мер крымінальнай адказнасці судом не абмяркоўвалася. Пастаўлены ў віну наўмысны супраціў супрацоўнікам АМАП у ходзе затрымання тымі удзельніка мірнага сходу Н.Алейніка.

ЗАКЛЮЧНЫЯ ВЫСНОВЫ

Назіранне за дадзенай крымінальнай справай у выніку дае магчымасць зрабіць высновы, якія маюць значэнне для далейшых ацэнак справы і становішча абвінавачаных.

Эксперты і юрысты ПЦ "Вясна" бачаць палітычныя матывы ў дзеяннях уладаў у дачыненні да абвінавачаных:

Пад палітычнымі матывамі разумеюцца рэальныя падставы. Важна прааналізаваць не толькі публічна пазначаныя падставы рашэнняў органаў улады, але і выявіць іх сапраўдныя матывы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў ўладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэтаў:

a) умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;

b) недобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.

Абедзве мэты ўгледжваюцца ў дзеяннях уладаў, прадстаўленых у гэтай справе МУС, Следчым камітэтам, пракуратурай і судом: крымінальны пераслед абвінавачаных распачаты ў перыяд узмацнення рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці перад тварам будучай небяспекі страты аўтарытарнай улады прэзідэнтам дзяржавы і страты ўплыву выбудаванай ім сістэмы "выканаўчай вертыкалі ўлады". Судовы разгляд справы адбыўся ў сярэдзіне верасня 2020 года – пасля шэрагу палітычных падзей, якія ў корані змянілі адносіны ўладаў і грамадства, якое не ўспрымае больш паўнамоцтваў дзеючай улады, якая захавала сваё становішча ў выніку паўсюдных грубых фальсіфікацый і злоўжыванняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, і абрала адзіным інструментам уплыву на сітуацыю прымяненне брутальнага фізічнага гвалту, які выходзіць за рамкі ўсіх, у тым ліку нацыянальных, прававых нормаў, нароўні з адкрыта сегрэгацыйнай практыкай рэагавання органамі правапарадку і судамі на парушэнне нацыянальнага закона рознымі суб'ектамі. У такіх абставінах перад дзяржаўнымі інстытутамі, якія захавалі лаяльнасць уладам, стаіць задача татальнага падаўлення мірных пратэстаў, запалохвання дэманстратыўна жорсткімі санкцыямі рознага характару, у тым ліку – крымінальнымі, усіх удзельнікаў і назіральнікаў гэтых працэсаў, і прымусу да адмовы ад ажыццяўлення сваіх правоў і свабод.

Перад назіраннем стаяла задача ўстанавіць, ці былі абвінавачаныя пазбаўленыя волі з парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Да названых парушэнняў, акрамя згаданых раней, варта аднесці наступныя:

  • Падчас судовага пасяджэння абвінавачанага Пяскова ўзялі пад варту 18 верасня. У гэты ж дзень абаронца Касцюк абскардзіў заключэнне пад варту ў Мінаблсуд. Мінскі абласны суд разгледзеў скаргу толькі 30 верасня, што з'яўляецца неэфектыўным сродкам прававой абароны, паколькі скарга была разгледжаная пасля вынясення прысуду, праз 12 дзён. Больш за тое, разгляд скаргі на заключэнне пад варту не адпавядае палажэнням пункта 3 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
  • Абарона абвінавачанага Пяскова была пазбаўленая магчымасці азнаёміцца з аператыўнай інфармацыяй аб тым, што ён, паводле звестак Маладзечанскага РАУС, мае намер схавацца ад правасуддзя за межамі Рэспублікі Беларусь. Суддзя нават не рабіла якой-небудзь даведкі аб тым, што яна азнаёмілася з матэрыялам аператыўнай інфармацыі, а таксама аб тым, што гэтая інфармацыя атрымана законным шляхам.

Адвакат на падставе арт. 50 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аператыўна – вышуковай дзейнасці», які ўстанаўлівае абмежаванае кола органаў і асоб, якім могуць быць прадастаўлены матэрыялы аператыўна-вышуковай дзейнасці, пазбаўлены доступу да інфармацыі, якая паслужыла падставай для прыняцця рашэння аб заключэнні яго пад варту. Такім чынам, у аснову рашэння суда аб неабходнасці заключэння пад варту Пяскова пакладзены доказ – справа аператыўнага ўліку, змест якой не быў вядомы яго адвакату, з прычыны чаго ён не мог аспрэчваць гэты доказ, прадстаўлены працэсуальным апанентам.

Згодна з пунктам 8 Заўваг агульнага парадку №32 (2007) Камітэта па правах чалавека, права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі ў агульным сэнсе гарантуе разам з прынцыпамі, згаданымі ў другім сказе пункта 1 артыкула 14 Пакта, права роўнага доступу і роўнасці спаборніцкіх магчымасцяў і забяспечвае, каб абыходжанне з бакамі ў такіх разглядах было свабодным ад якой бы там ні было дыскрымінацыі.

У адпаведнасці з пунктам 13 Заўваг агульнага парадку №32 (2007) Камітэта па правах чалавека, права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі забяспечвае таксама роўнасць спаборніцкіх магчымасцяў. Гэта азначае, што адны і тыя ж працэсуальныя правы павінны забяспечвацца ўсім бакам, акрамя як калі адрозненні прадугледжваюцца законам і могуць быць апраўданыя па аб'ектыўных і разумным падставах, якія не ставяць падсуднага ў фактычна нявыгаднае становішча і не падвяргаюць яго іншаму несправядліваму абыходжанню. Прынцып роўнасці бакоў прымяняецца ў крымінальным судаводстве і патрабуе, у прыватнасці, каб кожнаму боку была прадастаўлена магчымасць аспрэчыць ўсе довады і доказы, прадстаўленыя іншым бокам.

Такім чынам, названыя вышэй абставіны, пры якіх абароне абвінавачанага Пяскова як баку ў працэсе не была прадастаўлена магчымасць аспрэчыць довады і доказы, прадстаўленыя іншым бокам, якія маюць вырашальнае значэнне для высноў суда аб неабходнасці заключэння пад варту, паказваюць на парушэнне пункта 1 артыкула 14 Пакта.

  • Абвінавачанага Пяскова ўвесь час прывозілі ў залу ў кайданках і ўтрымлівалі ў празрыстай канструкцыі з рашэцістай столлю. Перад пасяджэннем кайданкі з яго здымалі, пасля гэтага ў залу запрашалі слухачоў. Разам з тым, рэзалютыўную частку прысуду Пяскоў слухаў ужо ў кайданках. Дадзеныя абставіны дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Пяскова быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасці па пункце 30 Заўваг агульнага парадку №32 (2007): «У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 14, кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная згодна з законам. Прэзумпцыя невінаватасці, якая мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак даказвання на абвінавачванне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзюмпавана да таго часу, пакуль вінаватасць не была даказаная па-за усялякіх разумных сумневаў, забяспечвае, каб сумневы тлумачыліся на карысць абвінавачанага і патрабуе, каб з асобамі, якім прад'яўляюцца абвінавачванні ў здзяйсненні крымінальнага дзеяння, звярталіся ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Усе дзяржаўныя органы ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад прадвызначэння вынікаў судовага разбору, напрыклад, устрымлівацца ад публічных заяў, у якіх сцвярджаецца вінаватасць абвінавачанага. У ходзе судовага разбору падсудныя па агульнаму правілу не павінны закоўвацца ў кайданкі або ўтрымлівацца ў клетках або якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, які паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі».

Акрамя гэтага, перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці пазбаўленыя абвінавачаныя волі выбарачна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Калі звярнуцца да практыкі прымянення пакарання па артыкуле 363 КК, можна зрабіць выснову аб тым, што да абвінавачаных Пяскова і Еўсцігнеева ўжытыя непрапарцыйна высокія і несуразмерныя зробленаму тэрміны пазбаўлення волі на тры гады і тры гады і тры месяцы адпаведна. Так, на прыкладзе шэрагу публікацый у СМІ можна заключыць, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады і тры гады і тры месяцы было ўжытае непамерна зробленаму і агульнай практыцы.

  • Напрыклад, у адсутнасць палітычнага матыву пераследу, 33-гадовы грамадзянін быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову закрытага тыпу за некалькі ўдараў, нанесеных у стане алкагольнага ап'янення супрацоўніку ДАІ.
  • У Лоеўскім раёне мясцовы жыхар пры затрыманні за парушэнне грамадскага парадку ў стане алкагольнага ап'янення нанёс удар міліцыянту і быў пакараны трыма з паловай гадамі абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
  • У Мінску грамадзянін у мэтах перашкоджання законнай дзейнасці старэйшага інспектара аддзела правапарадку і прафілактыкі УУС Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска, выліў яму ў твар кіпень, а затым распыліў пярцовы балончык, прычыніўшы тэрмічны і фітахімічны апёк. За ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 363 КК Рэспублікі Беларусь, грамадзянін асуджаны да двух гадоў абмежавання волі.
  • За 8 месяцаў 2019 года ў Мінску разгледжаны судамі 13 крымінальных спраў аб аказаньні супраціву супрацоўнікам міліцыі і прымянення ў адносінах да іх фізічнай сілы. "Тром падсудным прызначана пакаранне ў выглядзе арышту, астатнім – абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу".

Пацярпелыя супрацоўнікі АМАП не заяўлялі грамадзянскіх пазоваў, не прысутнічалі на ўсіх судовых пасяджэннях, акрамя першага. Абвінавачаныя Пяскоў і Еўсцігнееў не прыцягваліся раней да крымінальнай адказнасці.

У прысудзе абранне віду і памеру пакарання абвінавачаным у выглядзе пазбаўлення волі на працяглы тэрмін судом не абгрунтавана.

Такім чынам, пазбаўленне волі да абвінавачаных прыменена ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах:

  • роўнасць перад судом;
  • права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць не будзе даказаная згодна з законам.

Па выніку назірання за судовым пасяджэннем юрысты і эксперты ПЦ «Вясна» мяркуюць, што абвінавачаныя, якія пераследуюцца па палітычных матывах, наогул не здзейснілі крымінальна каральнага правапарушэння: дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія затрымлівалі ўдзельніка мірнага сходу, выходзіла за межы «выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку». Стыхійны сход у Маладзечне 19 чэрвеня насіў выключна мірны характар, па стандартах яно павінна абараняцца ўладамі. Таму абвінавачванню і суду трэба было кваліфікаваць дзеянні абвінавачаных як здзейсненае не ў сувязі з выкананнем пацярпелымі функцый аховы грамадскага парадку і ў цэлым ажыццяўлення службовай дзейнасці, а зыходзячы з цяжару наступстваў. Адначасова мы ацанілі характар дзеянняў абвінавачаных як выпадак прымянення "зваротнага" гвалту, справакаванага зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў або зброі, пры тым, што ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь.

Пры гэтым улічвалася не толькі фармальная наяўнасць закона, які ўстанаўлівае адказнасць за такое правапарушэнне, а вылучаліся пэўныя патрабаванні да яго якасці. Напрыклад, закон павінен адпавядаць міжнародным стандартам, павінен быць ясным, даступным, прапарцыйным і прадказальным. Гэта абавязацельства не патрабуе ад дзяржавы абсалютнай прававой дакладнасці, што часта проста немагчыма, але накладвае пэўныя абавязацельствы, каб правапрымяненне не было адвольным, і кожны мог прадбачыць незаконнасць тых ці іншых дзеянняў).

Таксама ўстаноўлена, што нават выказаўшы здагадку даказанай віны Пяскова і Еўсцігнеева ў здзяйсненні злачынства з названай у прысудзе кваліфікацыяй, працягласць і ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнні, у якім асобы былі прызнаныя вінаватымі, яны пазбаўленыя волі выбарча, у параўнанні з іншымі асобамі.

Такая непрапарцыйнасць або неадэкватнасць выяўлялася шляхам параўнальнага аналізу дадзенага выпадку з іншымі падобнымі правапарушэннямі.

Асобнаму аналізу падвергнуты эпізод разглядаемага канфлікту – збіццё Н. Алейніка ў аўтобусе АМАП пасля затрымання. Ён сцвярджаў, што пасля затрымання яго пачалі біць у машыне рукамі і нагамі, магчыма, дубінкай, па нырках, па нагах, па руках, па бакавой частцы грудной клеткі, па твары. Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, цялесныя пашкоджанні ў Алейніка маглі ўтварыцца ад трох і больш траўміруючых уздзеянняў з цвёрдымі тупымі прадметамі. Супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі іншае, акрамя загіну рук за спіну. Следчы са спасылкай на неабходнасць тлумачэння ўсіх сумненняў на карысць абвінавачанага (абвінавачванне, натуральна, нікому не прад'яўленае) адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП і міліцыі. Мы бачым у гэтым відавочную дыскрымінацыю ўдзельнікаў канфлікту, пры якой прадстаўнікі ўлады маюць імунітэт, які падтрымліваецца на ўсіх узроўнях улады, ад крымінальнага пераследу за акты жорсткага зневажальнага абыходжання, а не ўяўляюць грамадскай небяспекі дзеянні прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці дэманстратыўна жорстка караюцца.

Усе абазначаныя абставіны прывялі да таго, што 30 верасня 2020 г. прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заявілі аб прызнанні Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева палітычнымі зняволенымі і запатрабавалі неадкладна вызваліць іх з-пад варты; перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд.

Хроніка судовага разбіральніцтва па крымінальнай справе ў адносінах Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева :

poleshchuk_87.jpg

У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Еўсцігнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Узяты пад варту маладзечанец, якога судзяць за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет

18 верасня, на трэці дзень судовага разгляду ў Маладзечанскім судзе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту) была змененая мера стрымання аднаму з абвінавачаных — Паўлу Пяскову — з хатняга арышту на заключэнне пад варту. Такое рашэнне было ініцыяванае начальнікам Маладзечанскага РАУС праз дзяржабвінаваўцу па прычыне таго, што нібыта Пяскоў збіраецца з'ехаць за межы тэрыторыі Беларусі. Паўла Пяскова затрымалі прама ў зале суда.

 "Трэба было спыніць гэты канфлікт". Што на судзе кажуць абвінавачаныя маладзечанцы па справе за патасоўку з АМАПаўцамі

На чацвёрты дзень судовага разгляду крымінальнай справы маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту), заслухоўваюць паказанні абвінавачаных. У першы дзень суда Уладзіслаў Еўсцягнееў заявіў, што ён прызнае віну цалкам, а Павел Пяскоў – часткова.

Маладзечанцаў, якія адбівалі затрыманага ў сілавікоў на акцыі, пракурор просіць пазбавіць волі

У панядзелак, 28 верасня, у Маладзечне дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева, якія абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку АМАПу, звязаным з ужываннем гвалту) за патасоўку з сілавікамі 19 чэрвеня, пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства